Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невінаватых няма?


Я ня веру ў тое, што Аляксей Пікулік — прафэсар Эўрапейскага Ўнівэрсытэту ў Пецярбургу, чалавек, які абараніў доктарскую дысэртацыю ў Флярэнцыі, валодае некалькімі замежнымі мовамі, мог нецэнзурна лаяцца ў прысутнасьці міліцыі.

Я абсалютна выключаю верагоднасьць гэтага.

З Аляксеем Пікулікам мы разам працавалі ў дэпартамэнце палітычных навук ЭГУ ў Вільні ў мінулым ды пазамінулым годзе. Мы побач сядзелі на пасяджаньнях Навуковай рады ЭГУ і адкрытых рэктаратах ЭГУ. Я бачыў яго падчас напружаных дыскусій ды даволі стрэсавых сытуацый. Я цалкам адрынаю верагоднасьць, што Пікулік мог выйсьці з дому ды пачаць мацюкацца. Я ніколі ня бачыў сцэны, каб ён падвысіў голас на некага.

Тым больш я не магу сабе ўявіць саму намаляваную ў судзе сцэну: чалавек выходзіць з дому ды пачынае раўсьці мацюкамі проста ў двары. Да яго падыходзяць супрацоўнікі міліцыі, а ён (доктар навук, прафэсар, аўтар шэрагу акадэмічных артыкулаў, выкладчык, на якога студэнты ніколі не наракалі за жорсткасьць ці брыдкаслоўе) абражае іх. Пачытайце гэты рэпартаж, не пашкадуйце часу! Гэта вас узбагаціць!

Артыкул Міколы Бугая з гэтага працэсу — лепшае сьведчаньне таго часу, у якім мы жывем. Гэты артыкул варта забэкапіць на ўласнай пошце з пазнакай «важна», каб вярнуцца да яго празь дзесяць год. Усё ў ім: стыль, элемэнты чорнага гумару, згадкі пра Кафку ды «Алісу ў краіне цудаў», азначэньні, прыметнікі (асабліва прыметнікі!), прозьвішчы, стомленасьць адказных фігур — важна і красамоўна.

Некалі ў Францыі быў такі пісьменьнік, Эміль Заля. Апрача таго, што ён напісаў стос раманаў, ён увайшоў у гісторыю «les belles-lettres» Францыі тым, што актыўна сунуў уласны нос ва ўсе справы, якія яго нібыта ня тычыліся. Вялікае пачуцьцё грамадзкай адказнасьці было ў Заля. У прыватнасьці, Эміль дапамог імпрэсіяністам, якіх тады не паважалі ды не заўважалі, заняць тое месца ў мастацтве Парыжу, якое яны занялі. Але размова не пра імпрэсіяністаў.

Размова пра тэкст J’accuse і зьвязанай зь ім справе Дрэйфуса 1894-га году: габрэй, афіцэр францускай арміі, быў абвінавачаны ў шпіянажы, ягоная віна была «цалкам даказаная» падчас карыкатурнага сьледзтва і працэсу. Усім было зразумела, што Дрэйфус быў пакараны не за тое, што ён зрабіў, аднак толькі ў Заля хапіла годнасьці напісаць сваё знакамітае «Я абвінавачваю», якое дагэтуль праходзяць ва ўнівэрсытэтах як прыклад выключнага красамоўства і лёгікі. Тэкст гэты стаў настолькі актуальны ў сучасным сьвеце, дзе любяць «паляваньні на вядзьмарак», што апальны рэжысёр Раман Паланскі працуе зараз над экранізацыяй.

Рэпартаж «Нашай Нівы» — рэч, мацнейшая за J’accuse. Хаця б таму, што ніхто там нікога не «accuse», усё нэўтральна да дакумэнтальнасьці і тым страшна. Пікулік спрабуе даказаць, што ня мог размахваць рукамі, бо нёс дзьве цяжкія сумкі. Ён ня здолеў гэтага даказаць! Дадаць тут нечага. Раман Паланскі, пачытайце «Нашу Ніву» і «Свабоду»!

Асобна хацелася б сказаць пра пазыцыю калег. Якіх толькі камэнтарыяў зараз не прачытаеш пра гэтую справу! «Так яму і трэба»! «Ідзе адбельваньне адбелівацеля»! «Робяць так, каб Эўропа зноў працавала з «адвакатамі рэжыму»! «Пікулік асуджаны за тое, што BISS ня здолеў выняць некага з «чорных сьпісаў»! «Хай зараз даведаецца, чаму апазыцыя заклікала да санкцыяў»! Так пісалі тыя, хто не хаваў уласную варожасьць да Аляксея. Іншыя проста маўчалі, не заўважалі.

Я з Аляксеем Пікулікам прытрымліваюся прынцыпова розных поглядаў на стратэгію ўзаемадзеяньня Беларусі і Захаду. Я адкрыта палемізаваў зь ім, у тым ліку тут, на блогу «Свабоды».

Аднак я лічу, што заплюшчваць вочы на тое, што адбываецца зараз — ня можна: якіх бы поглядаў ня быў твой калега, перш за ўсё патрэбная акадэмічная салідарнасьць. Якой я ня бачу. Дзіўна, што італьянская прафэсура ўжо адрэагавала на адміністрацыйны арышт Аляксея, а беларускія калегі ўсё ніяк ня вызначацца.

Бо яны ж уласнымі словамі падтрымкі могуць накласьці цень і на сябе. І хацеў бы патлумачыць адну прынцыповую рэч.

Расейскі публіцыст Максім Сакалоў пісаў, што адрозьненьне нацысцкай Нямеччыны ад СССР часоў Сталіна палягала ў тым, што ў савецкай дыктатуры ніхто ня мог адчуваць сябе ў бясьпецы. У Нямеччыне, калі ты ня быў габрэем, геем ці камуністам (ці не дапамагаў габрэям, геям ці камуністам), ты мог не баяцца раптоўнага арышту. У СССР карная сыстэма працавала бяз бачнай лёгікі: сёньня Зіноўеў, Троцкі ці Бухарын — лепшыя сябры партыі, заўтра — ворагі народу. Калі нейкія рацыянальныя чыньнікі «зачыстак» і былі (тое, што ўсе — Зіноўеў, Бухарын, Троцкі — «ленінскія кадры», якіх патрэбна прыбраць для ўмацаваньня Сталіна), яны былі невідавочныя для большасьці. Якая (прынамсі, троху інфармаваная яе частка) адчувала штодзённы ірацыянальны тэрор і знаходзілася ў пэрманэнтным чаканьні праблемаў.

Арышт Пікуліка, які выступаў супраць санкцый і намагаўся скараціць «чорны сьпіс» неўязных у Эўропу асобаў — тое ж самае, як зьмяшчэньне пад варту Алеся Міхалевіча. Які быў, нагадаем, нястомна канструктыўным кандыдатам у прэзыдэнты ды ніколі не крытыкаваў Лукашэнку так, як рабілі гэта Саньнікаў ці Статкевіч. І вось жа — Міхалевіч апынуўся за кратамі, а потым — у эміграцыі, роўна гэтак жа, як іншыя, куды болей радыкальныя за яго, пэрсоны.

Віна Міхалевіча была ў тым, што ён стаў кандыдатам у прэзыдэнты. Ён ня ў добры час ступіў у шэрагі людзей, якіх вырашана было пакараць «клясава», сыстэмна, без аглядкі на погляды, рыторыку, ступень канструктыўнасьці.

У чым віна Аляксея Пікуліка? Ці ня ў тым, што ён — палітоляг?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG