Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яраш Малішэўскі — пра зорныя кнігі


Яраш Малішэўскі
Яраш Малішэўскі

Нябёсныя сьвяцілы — тое, без чаго літаратура аніяк абыйсьціся ня можа — што ў сэнсе наўпроставым, што ў пераносным. Яны і асьвятляюць, яны і прыцягваюць, пра іх пішуць. Паглядзім на некаторыя беларускія кнігі, дзе зоркі ёсьць аднымі з найгалоўных герояў.


ГЕНАДЗЬ БУРАЎКІН. ПАМІЖ ЗОРКАЙ І СЬВЕЧКАЙ.
Менск, «Бацькаўшчына», 2000

Лёс у кнігі быў няпросты — доўга ляжала яна ў дзяржаўным выдавецтве і ўсё не выходзіла, ажно чарга ператварылася ў сьпячку. Мёртвую. У выніку аўтар змушаны быў зьмяніць выдавецтва. Але «прыгоды» працягваліся: кніга ледзьве ня выйшла зь «белымі плямамі» — гэтым разам цэнзурныя памкненьні выявіла... друкарня. Цырк, дый годзе — ад тых, «што з трасянкаю ў галаве».

Б’юць па сьпіне цапы
Зрок засьцілае мліва...
Цярпі, народ, цярпі
Раз ты такі цярплівы.


З вышыні пражытых гадоў, калі прамінулі асноўныя жыцьцёвыя буры й віры, паэт азіраецца на тое, што засталося там, ацэньваючы ды злучаючы з сёньняшнім — асабістае і дзяржаўнае, нябёснае і зямное, думкі пра тое, што вакол... Думкі чалавека, які разумее, дзе праўда, дзе мана, дзе слушныя ўчынкі, а дзе тыя, за якія сорамна. У кнізе — мудрасьць, усьведамленьне, тое, што прыходзіць да кожнага нармальнага чалавека. Восеньскі паэтычны настрой.

... я запытаў, хто знойдзе шлях
Бог адказаў:
«Ты сам».

МАКСІМ БАГДАНОВІЧ. ЗОРКА ВЭНЭРА. ПОЎНЫ ЗБОР ТВОРАЎ У 3 Т. Т. 1.

Менск, «Навука і тэхніка», 1992


Надзвычайную сьпеўнасьць, мэлёдыю паэзіі Багдановіча не адчуе хіба сьляпы й глухі. Кампазытары ды музыкі адразу адчулі ў багдановічавых творах блізкую сабе душу. І прозьвішчаў можна назваць багата, і песень, якія з’яўляліся даўно, і тыя, што з’яўляюцца сёньня. І «Зорка Вэнэра (Раманс)» — адзін з найбольш яскравых у гэтым сэнсе твораў. Ужо колькі пакаленьняў ён ёсьць ідэальным прыкладам таго, што такое «народны» твор, які жыў, жыве і здаваць пазыцыі не зьбіраецца. Зорка, сымбаль каханьня, што зьзяла на начным небе падчас спатканьня Яе і Яго, сталася нязгасным агнём, да якога імкнуцца ад пачатку сьвету. Верш — гімн каханьню, адзін з тых, што былі напісаныя Багдановічам пасьля вяртаньня зь Беларусі. Падарожжа на Радзіму заўжды давала паэту творчы ўздым і плён. Родная зямля сілкуе — гэта акурат пра яго, Максіма. Усё ў вершы на сваім месцы, бо складаючы той твор, дзе гучыць слова і музыка, аўтар быў пад дабраславеньнем нябёсаў, пад зоркай Вэнэрай. Яна асьвяціла каханьне.

Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Сьветлыя згадкі з сабой прывяла...



МІКОЛА КАНДРАТАЎ. ВЕРШЫ І ЗОРКІ.
Менск, «Мастацкая літаратура», 2008

І тое, і другое, дужа пасуе да назвы кнігі — што ў дачыненьні да Міколы Кандратава. Бо, апрача таго, што ён паэт, ён яшчэ і астроляг. Сапраўдны. І назва, мусіць, вельмі адпавядае аўтару — чалавеку, які спасьцігае сувязь паміж Зямлёю і плянэтамі іншымі, паміж тым, што дадзена-наканавана, і тым, што мы самі мусім зьдзейсьніць. Аўтар не намагаецца навязаць сваё бачаньне. Ён дэманструе яго, і тлумачыць. І запрашае ў свой сьвет. Стрыманасьць, часам пэўная строгасьць — і чуласьць, гранічная адкрытасьць сьвету, які мусіць быць гарманічным. Жыць у суладзьдзі — менавіта да гэтага імкнецца аўтар. У «Вершах і зорках» — толькі тое, што ён сам перажыў, адчуў, пра што сапраўды думае. Сьвет і мы — гэтак важна знайсьці паяднаньне, агульныя хвалі, якія нам далі Нябёсы. І тады нараджаюцца вершы. Тады задаюцца вечныя пытаньні, на якія ад пачатку людзі шукаюць адказу:

Нашы сьцежкі ляглі
праз лагчыны, узгоркі...
Хто раней мы былі -
птушкі?
воблакі?
зоркі?


УЛАДЗІМЕР КАСЬКО. СЬВЯТЛО ДАЛЁКАЙ ЗОРКІ.
Менск, «Унівэрсытэцкае», 1997

Далёкая зорка нагадвала яму Беларусь. Яму — фальклярысту, этнографу, мовазнаўцу, публіцысту Аляксандру Сержпутоўскаму. Вялікую частку жыцьця ён быў далёка ад Радзімы, але менавіта ёй прысьвячаў свае працы. Тая зорка, што ўсё жыцьцё вяла далей — на новыя пошукі і знаходкі беларушчыны, дзе ён ведаў гэтак шмат... Дасьледнік старажытных народных звычаяў, абрадаў, мовы, зьбіральнік казак, паданьняў, легенд. Нястомны вандроўнік, ён пехатою перамерыў безьліч дарог і шляхоў, апавядаючы, што ж такое Беларусь. Тая самая зорка заўжды клікала яго ў новыя падарожжы, пасьля якіх з’яўляліся новыя кнігі...

У кнізе Ўладзімера Касько абагульняецца дзейнасьць навукоўца, і чытач скіроўваецца да безпасярэдняга знаёмства з працамі Сержпутоўскага. За час сваёй дзейнасьці гэты падзьвіжнік зьдзейсьніў столькі, колькі цяпер — цэлы дасьледніцкі інстытут. Сьвятло зоркі Сержпутоўскага і сёньня асьвятляе беларускі шлях.

БЕЛАРУСКАЯ МІТАЛЁГІЯ. ЭНЦЫКЛЯПЭДЫЧНЫ СЛОЎНІК
Менск, «Беларусь», 2004

У гэтай кнізе, дзе як з рога — усяго многа, кожны аматар міталёгіі адшукае штосьці сваё і расчараваны ня будзе. Што ж тычыцца нашае «зоркавае» тэмы, то на старонках кнігі таксама ёсьць пра што пачытаць. Адныя назвы чаго вартыя, на большасьць якіх многія беларусы ўжо забыліся альбо наагул ад нараджэньня ня чулі. Воз, Воўча зьвязда, Вялікі Слуп, Птушыны Шлях, Стан, Гусіна Дарога, Сіта, Рэшата, Мятла — прыгажосьць, таямнічасьць, моц і магутнасьць...

Чытаючы артыкулы, так бы мовіць, нябёсныя, ловіш сябе на думцы, што ўва ўсім гэтым, што захавалася, што зафіксавана дасьледнікамі — учора і сёньня, у тым, што сам чуў і ўспрыняў — фрагмэнты, кавалачкі, шматкі той традыцыі, тае нашае навукі, якая калісьці была цэльнай і магутнай. Тое, пра што сёньня можна хіба здагадвацца, разважаючы і супастаўляючы розныя, часьцей за ўсё ўжо раз’яднаная фрагмэнты. Але калі нават і не занурацца ў глыбокія нетры, усё адно — як містычна, паэтычна, натхняльна апавядаюць нашыя паданьні! Пра тое, што «калі месяц састарэе, то Бог крышыць яго на зоры». Альбо пра Сіта-Пляяды — тыя «нябёсныя сьвечкі, якія гараць там, дзе зьбіраюцца душы памерлых і дзе анёлы адсяваюць праведныя душы ад грэшных».

Космас, адным словам. Наш, беларускі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG