Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байкот ці выбары: апазыцыя ў коме


Вострая інтэрнэт-дыскусія пра байкот і выбары адбываецца на тле поўнае абыякавасьці да гэтае тэмы ў шырокім грамадзтве. Тым часам аналітыкі спрачаюцца пра мабілізацыйныя магчымасьці сеціва, якое часьцяком стварае ілюзію бурнага жыцьця ў той час, калі насамрэч не адбываецца нічога.

Адныя кажуць, што рэвалюцыю ў Эгіпце інсьпіраваў фэйсбук, іншыя — што ўсё ж такі прысьпелі абставіны. Мяркуючы з настрояў беларускае публікі, абставіны не прысьпелі. 6 мільёнаў карыстальнікаў інтэрнэту ходзяць у сеціва па рэцэпты ёгі, па фільмы і каб заплаціць камуналку. Гэта зусім ня той інтэрнэт, пра які падумалі палітыкі.

ШТО ЯНЫ РОБЯЦЬ

Аднак што трэба для байкоту? Высокі ўзровень незадаволенасьці ў грамадзтве і хай сабе невялікі, але аўтарытэт апазыцыі. Зрэшты, другога можа й ня быць зусім. Тады першае само народзіць зь сябе нейкую сэнсоўную альтэрнатыву. Але ці гэтае першае ёсьць?

Інтэрнэт-агітатары за байкот добра разумеюць, што няма, але ўпарта вераць, што ня сёньня, дык заўтра будзе. Абваліцца эканоміка, і народ масава ня пойдзе на выбарчыя ўчасткі.

У 1996 годзе, выступаючы яшчэ ў Беларусі, Зянон Пазьняк заявіў: «Гэтай восеньню яго ня будзе». З тых часоў усё, што ні адбывалася ў краіне, у тым ліку і ў апазыцыі, адбывалася паводле яго сцэнароў. Ён такі ўвёў апазыцыю ў штучную кому і адправіў яе ў адну з клінік Эўразьвязу. Сёньня нейкі кантакт з пацыентам можна падтрымліваць толькі праз інтэрнэт.

Заклік да байкоту цалкам упісваецца ў гэтыя самыя сцэнары, бо вядзе да паглыбленьня комы і ўнутраных расстройстваў, да поўнае страты сувязі з рэальнасьцю. Гэта шлях у нябыт. Бо эканоміка не абвальваецца, а калі й абваліцца, хто там у народзе прызнае гэтых лідэраў за такіх?

Нешта нядобрае ва ўсім гэтым адчула КХП, самая лідэрская партыя, і, працягваючы паўтараць «Толькі байкот!», прапанавала Зянону Пазьняку балятавацца на выбарах прэзыдэнта — на свабодных выбарах: «Толькі Зянон!».

Ясна, што свабодныя выбары зь неба не ўпадуць у краіне, дзе выбараў няма, дзе яму па вялікім рахунку даўно пляваць на яўку-няяўку, выбары-нявыбары, назіральнікаў-парушальнікаў. Бо вынікі выбараў піша нават не ЦВК, а ён сам. Людзі гэта адчуваюць, таму да тэмы выбараў і байкоту ня ставяцца ніяк. Няма сэнсу ставіцца. Палітыка ў Беларусі даўно стала прыроднай зьявай, а чалавеку маланкі не спыніць, дык што я буду думаць пра гэта?

Сэнс гэта можа мець для апазыцыі, для запісанага ў «агенты КДБ» Статкевіча, які ўпарта змагаецца са штучнай комай і нават з турмы спрабуе хоць бы паварушыць пальцам. «Ідзем на выбары!». Па-партыйнаму ён робіць слушна, бо партыя і ствараецца для выбараў, інакш гэта проста гурток альбо шырокі народны рух. Але ў краіне, дзе гаспадараць прыродныя зьявы, такія тонкасьці, як партыя, таксама ня маюць ніякага значэньня. Для краіны.

ЧАГО ЯНЫ НЯ РОБЯЦЬ

Тут у мой тэкст пасьпяшалася ўскочыць няўседнае слова «рух». Ня маю ні найменшага сумневу, што толькі нацыянальная палітыка можа быць пасьпяховай альтэрнатывай цяперашняму постсавецкаму застою. Інакш за 20 гадоў абавязкова паказалася б, хоць мільганула, нешта іншае. Не мільганула. Толькі павылазілі яшчэ больш рэтраградныя «западноруссизмы», як той казаў, «из туалетища».

Але нацыянальная палітыка, якая прывяла да абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі, вырасла зь непалітычных аб’яднаньняў і на іх базавалася датуль, пакуль сувязь гэтая не абарвалася і стала магчымым зьяўленьне першага прэзыдэнта зь яго мадэльлю «ідэальнага калгаса» для ўсёй краіны.

Увогуле сіла і жывучасьць нацыянальнае палітыкі ў тым, што яна стаіць не на палітычных, а на этычных і эстэтычных утварэньнях. І ў часы, калі ў краіне запаноўваюць прыродныя зьявы, яна сыходзіць у культуру і асьвету. Яна зьбірае людзей на Купальле і проста сьпявае песьні, яна выдае кнігі і газэты (калі можна, легальна), яна культывуе месцы нацыянальнае памяці, яна проста вандруе па Беларусі і прасякаецца яе духам, яна стварае (калі можна, легальна) школы для дарослых і дзяцей. Усё разам гэта — этычны рух, які навучаецца ведаць і любіць Бацькаўшчыну, імкнецца да масавасьці і гадуе ў сабе сваіх лідэраў. Прыходзіць час, і рух гэты робіцца палітычным. У яго ёсьць людзкія рэсурсы і выразная праграма. Гэта схема 1980-х гадоў. Некаторыя лічаць, што сёньняшні час больш падобны да 1970-х. Напэўна, так і ёсьць. Мяркую з таго, напрыклад, што яшчэ не сасьпела на масавым узроўні патрэба дамагацца беларускае школы.

Для ілюстрацыі працытую допіс на сайт Свабоды Надзеі Салаўёвай з Магілёва:

«КРЫК ДУШЫ!!!!! Мяне зьдзіўляе і засмучвае той факт, што ў Магілёве даволі вялікім горадзе (каля 370 000 насельніцтва) не знаходзіцца ахвотных бацькоў паўнавартасна адукаваць і разьвіваць сваіх дзяцей у бел. клясе, дзе зараз ужо 2 гады навучаецца адна нашая дачка. Усе перавагі (індывідуальны падыход, натуральны білінгвізм, больш шырокае кола атрыманых ведаў і навыкаў і г. д.) відавочныя. Пры гэтым, што інфармацыя пра адзіную бел. клясу „гуляе“ ў СМІ і „па сарафанным радыё“ (мясцовы аддзел адукацыі не спрыяе, каб набраць дзетак у гэтую клясу). НАВАТ У ГОРКАХ 5 ВУЧНЯЎ, А Ў АСІПОВІЧАХ ІДУЦЬ НЯСПЫННА Ў БЕЛ. ГІМНАЗІЮ. У МАГІЛЁВЕ 2 ГАДЫ І ПРЫРОСТ ДЗЯЦЕЙ — 0. Якія гэтаму можна даць тлумачэнні???????????».

ШТО ЯНЫ МАГЛІ Б РАБІЦЬ

Сёньня ў краіне ёсьць сотні, калі ня тысячы агмянёў нацыянальнага руху. Яны выхоўваюць дзяцей, пішуць і перакладаюць кнігі, беларусізуюць інтэрнэт, ствараюць аб’яднаньні самых розных профіляў. Яны арыентаваныя на пашырэньне і на якасьць сваіх праграм. Яны дасьпяваюць, каб узяцца за школу — і гэта будзе першы паказьнік іх выхаду ў палітыку. Ім моцна шкодзіць ярмо «апазыцыі», «пятай калёны» і «ворагаў народу», бо яны ў кожным разе арыентаваныя на станоўчае, на сьцьверджаньне, прырода іх такая. Яны цудоўна разумеюць, што ніякіх выбараў у краіне няма, яны гэтым і не пераймаюцца. І каматозная прапанова «тактыкі актыўнага байкоту», як і «тактыкі актыўнага ўдзелу» іх не абыходзіць, хіба што дэзарыентуе.

Тое самае, дарэчы, тычыцца і незалежных прафсаюзаў. Нарадзіцца і стаць сілай яны могуць толькі як свае сярод сваіх, на ўнутранай праблематыцы сваіх калектываў. Выхад у палітыку сёньня для іх — канец. Уявіце сабе, як рабочыя мікашэвіцкага «Граніту» замест адстойваньня правоў сваіх звольненых таварышаў пачынаюць агітаваць за актыўны байкот выбараў. Я ведаю толькі аднаго чалавека ў Беларусі, каму гэта па-сапраўднаму выгадна.

У нас ёсьць досьвед 1991 году, калі нацыянальны рух і незалежныя прафсаюзы аб’ядналіся і разам стварылі адзіны фронт і нашу пазытыўную гісторыю. Можна глядзець на гэта як на выпадковасьць, а можна як на заканамернасьць, як на беларускую спэцыфіку самаарганізацыі і дасягненьня посьпеху. Прычым, абвал эканомікі тут ня першачарговая ўмова. Таму і чакаць гэтага «з мора пагоды» ня мае ніякага сэнсу.

Чакаць — па сутнасьці сваёй занятак гнятлівы. Я ня ведаю, ці будзе «ён гэтай восеньню», ці «яго ня будзе». Нашмат больш станоўчая справа — ствараць такія перадумовы ў грамадзтве, каб яго не магло быць у прынцыпе. Тут (зь ім ці безь яго) дзялоў на цэлае жыцьцё.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG