Першыя творы надрукаваў у студэнцкіх самвыдавецкіх альманахах «Блакітны ліхтар» і «Мілавіца», пасьля чаго мусіў пазнаёміцца зь літаратуразнаўцамі ў цывільным.
Працаваў настаўнікам, журналістам, рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура», адкуль у 1997 годзе быў звольнены «за выпуск исторической и другой сомнительной литературы».
Дэбютны празаічны зборнік «Добры дзень, мая Шыпшына» выдаў у 1986-м, пасьля чаго выйшлі яшчэ трыццаць кнігаў прозы, эсэістыкі й паэзіі, у тым ліку «Таямніцы полацкай гісторыі», «Адкуль наш род», «Ордэн Белай Мышы», «Час чумы», «Каханак яе вялікасьці», «Сланы Ганібала», «Адкусі галаву вароне», «Фаўна сноў», «Імёны Свабоды», «Краіна Беларусь», «Паром празь Ля-Манш».
Ляўрэат міжнароднай прэміі «Эўрапейскі паэт свабоды» (Гданьск, 2010).
Марыць, каб ягонае эсэ «Незалежнасьць — гэта...», напісанае ў 1990 годзе і перакладзенае больш чым на дваццаць моваў, нарэшце страціла актуальнасьць.