Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны — ня злодзеі, не махляры, не забойцы. За што ж іх катуюць у турме?..»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі «Паштовая скрынка 111». Эфір 18 студзеня 2012 году

Тэма, якая часта гучыць у пошце «Свабоды» на працягу многіх апошніх гадоў і нават дзесяцігодзьдзяў — беларуска-расейскія дачыненьні, пагроза незалежнасьці Беларусі з боку ўсходняга суседа. Колькасьць лістоў на гэтую тэму ўзрастае кожны раз пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка пад уплывам тых ці іншых абставінаў пачынае чарговую кампанію яшчэ больш цеснага беларуска-расейскага яднаньня.

Цяпер, на тле вострага эканамічнага крызісу, Беларусь перажывае якраз адзін з такіх этапаў зацяжной інтэграцыі. На гэтую тэму — многія лісты ў студзеньскай пошце «Свабоды». Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога допісу, які даслаў нам Алесь Станкевіч з Горадні. Слухач піша:

«Цяперашняя палітыка Лукашэнкі — гэта продаж Расеі стратэгічных аб’ектаў. Чым гэта можа скончыцца, калі не эканамічнай кабалой на шмат гадоў наперад? Такім спосабам Расея імкнецца закабаліць Беларусь, паставіць яе ў цалкам залежны стан. Зноў вядзецца гаворка пра стварэньне адзінай саюзнай дзяржавы (ці „Вялікай дзяржавы“ — як любяць казаць расейскія імпэрцы). Ім мроіцца краіна „ад Берасьця да Курыл“. Хоць і Берасьце — ня іхнае, і прыналежнасьць паўднёвых Курыл — пад вялікім пытаньнем. Японія дагэтуль не прызнае захоп гэтых тэрыторый Савецкім Саюзам у выніку Другой усясьветнай вайны».

У сваім лісьце Алесь Станкевіч таксама выказвае нязгоду з маім камэнтаром да свайго ранейшага допісу, які прагучаў у эфіры летась 7-га верасьня. Слухач тады выказваў думку, што «па-сапраўднаму моцны лідэр беларускай дзяржавы не выпрошваў бы ў Расеі падачкі, а даўно б падаў на яе ў міжнародны суд — за вялізную шкоду, якую панесла Беларусь ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы». На думку спадара Станкевіча, Расея павінна заплаціць за гэта ня меней чым 100 мільярдаў даляраў.

У сваім новым лісьце на «Свабоду» Алесь Станкевіч дадае:

«Зь вялікай павагай і ўдзячнасьцю слухаю вашы, спадар Жданко, перадачы, але гэтым разам вы пракамэнтавалі мой ліст, лічу, памылкова. Вы сказалі, што Расея і Ўкраіна не павінны плаціць Беларусі за тую вялізную шкоду, якую яна панесла ад Чарнобылю. А мы лічым, што за ўсё павінна заплаціць Расея — як правапераемніца Савецкага Саюзу. Яна ж прызнала гэта яшчэ ў ’92-м годзе.

У першыя гады свайго прэзыдэнцтва Лукашэнка пра гэта гаварыў. А потым змоўк. Хоць апазыцыя тады ня раз заклікала зьвярнуцца з гэтай нагоды ў міжнародны суд»
.

Удакладню, спадар Алесь: я не сьцьвярджаў, што Расея і Ўкраіна не павінны плаціць за Чарнобыль. Калі-небудзь, магчыма, гэтае пытаньне і паўстане. Але спадзявацца на простае вырашэньне і сотні мільярдаў даляраў кампэнсацыі наўрад ці выпадае. Катастрофа здарылася за пяць год да распаду СССР. Менавіта ў тыя першыя гады саюзны цэнтар уклаў немалыя грошы ў ліквідацыю наступстваў — перасяленьне пацярпелых, будаўніцтва новых пасёлкаў, стварэньне інфраструктуры... Пазьней, у 90-я гады, беларускае кіраўніцтва ня раз дамагалася ад Масквы сьпісаньня шматмільярдных даўгоў — спасылаючыся то на беднасьць, то на асаблівыя братэрскія сувязі... Гэтыя маніпуляцыі з цэнамі на газ і нафту, са шматмільярднымі ільготнымі крэдытамі, якія наўрад ці будуць цалкам вернутыя — працягваюцца і цяпер. Працэсы гэтыя непразрыстыя: пра што ідзе размова за зачыненымі дзьвярыма, якія саступкі робяць перамоўнікі — шырокай грамадзкасьці невядома. Арытмэтыка беларуска-расейскага палітычнага гандлю цьмяная і заблытаная. І гэта зусім не спрыяе ні ўзаемнаму даверу, ні супрацоўніцтву.

Лёс палітвязьняў, якія працягваюць заставацца ў беларускіх турмах, хвалюе нашу слухачку Вераніку Трызну з Ашмянаў. Яна піша:

«Моцна спачуваю тым, хто ў няволі, хоць зусім ні ў чым не вінаваты. Іх кінулі ў турму за тое, што яны хацелі лепшага жыцьця для беларускага народу. Кожны дзень малюся за іх, прашу ў Бога здароўя, мужнасьці і Божага блаславеньня для гэтых адважных людзей.

Крыху больш як год мінуў з таго часу, калі я ўпершыню пачула ў эфіры галасы гэтых змагароў за праўду. Здавалася, сам Бог наш Хрыстос сыходзіў з крыжа, садзіўся поруч зь людзьмі, усьміхаўся і дзівіўся вашай сьмеласьці. А цяпер Хрыстос нараджаецца ў вашых сэрцах — калі вы так мужна пераносіце нягоды турэмнага жыцьця за іншых людзей, за будучыню Айчыны. Успомніце, як прыгожа гаварыў Янка Купала: „За мной праўда і народ мой“. Гэтак жа вы можаце сказаць і пра сябе. Няхай жа гэтыя словы дададуць вам мужнасьці, вытрымкі, упэўненасьці...»


Думаю, спадарыня Вераніка, ваш настрой і вашы ўзьнёслыя словы жывуць сёньня ў душах тысяч і тысяч беларускіх людзей, якія перажываюць за лёс нявінна асуджаных, што пакутуюць дзеля высокіх грамадзкіх ідэалаў. На жаль, сытуацыя ў Беларусі і вакол яе сёньня такая, што спадзявацца на іхнае надта хуткае вызваленьне не выпадае. Наадварот, апошнім часам мы назіраем, як улада робіць рэжым зьняволеньня палітвязьняў яшчэ больш жорсткім. Але рэсурсаў на тое, каб і далей гадамі праводзіць такую ж рэпрэсіўную палітыку адносна сваіх палітычных апанэнтаў, у цяперашняга рэжыму ня надта шмат.

Будучыня апазыцыйных палітыкаў, якія ўжо другі год пакутуюць у турмах і калёніях, непакоіць і нашу слухачку Марыю Разуваеву зь Менску. У сваім лісьце яна піша:

«Выпадкова даведалася, што рэдакцыя Радыё Свабода сваю ўзнагароду за творчыя дасягненьні перадала сем’ям палітзьняволеных. Гэта — учынак, які робіць гонар любому чалавеку. Тым больш у наш час, калі ўлады могуць сфальшаваць факты, хлусіць, падманваць, шкодзіць — дзеля таго каб пасадзіць у вязьніцу сваіх палітычных апанэнтаў і рабіць іншыя нядобрыя справы... А гэтыя людзі сядзяць менавіта за перакананьні. Яны — ня злодзеі, не махляры, не забойцы. Проста жадаюць лепшай долі свайму народу, роднай Бацькаўшчыне. Так хочацца, каб яны як мага хутчэй выйшлі на свабоду. Толькі тады, калі мы не ў адзіноце, не разьяднаныя — мы можам перамагчы».

Дзякуй вам, спадарыня Марыя, за добрыя словы. Маральная падтрымка цяпер вельмі патрэбна палітвязьням. На працягу апошняга часу яны зазнаюць асабліва жорсткі псыхалягічны ціск з боку ўлады. Іх прымушаюць прызнаць віну, накіраваць пакаяньне на імя Лукашэнкі. Тым, хто адмаўляецца гэта зрабіць, пагражаюць пагаршэньнем умоў зьняволеньня. Адносна Міколы Статкевіча гэтыя пагрозы ўжо ажыцьцёўлены: на мінулым тыдні яго перавялі з калёніі ў крытую турму ўзмоцненага рэжыму.

Наступны ліст даслаў слухач Антон са Шчучына. Сваё прозьвішча ён не назваў. Выглядае, што спадар Антон — чалавек сталага веку, бо на працягу ўжо прынамсі двух апошніх дзесяцігодзьдзяў уважліва сочыць за палітычнымі падзеямі ў краіне, спрабуе аналізаваць і асэнсоўваць іх. Слухач піша:

«Паважаны Валянцін! Заўсёды ўважліва слухаю вашу перадачу па Радыё Свабода. Мне вельмі падабаюцца вашы адказы і камэнтары да лістоў радыёслухачоў. Захацелася і самому падзяліцца развагамі наконт 17 гадоў прэзыдэнцтва Лукашэнкі».

Далей у сваім лісьце слухач падае падрабязную рэтраспэкцыю тых палітычных і эканамічных рашэньняў Аляксандра Лукашэнкі, якія перадвызначылі цяперашняе аблічча Беларусі. Усе тэзісы пераказваць ня буду, спынюся на некаторых. (Цытата зь ліста):

«1. Увядзеньне кантрактнай сыстэмы найму на працу з мэтай фільтрацыі непажаданых для ўлады кадраў.

2. Стаўка на састарэлую адміністрацыйна-камандную і калгасна-архаічную сыстэму кіраваньня.

3. Разбурэньне вёскі ва ўмовах існаваньня безнадзейных калгасаў, бескарыснае ўкладаньне грошай у аграгарадкі.

4. Катастрафічная дэмаграфічная сытуацыя ў выніку масавай алькагалізацыі насельніцтва, уцёкі таленавітых і працаздольных маладых людзей за мяжу ў пошуках заробку.

5. Марнатраўства вялізных сродкаў на пабудову бессэнсоўных, малаэфэктыўных для аздараўленьня людзей лядовых палацаў.

6. Пастаяннае скарачэньне, а фактычна ліквідацыя беларускамоўных школ і ліцэяў.

7. Жорсткая расправа над кандыдатамі ў прэзыдэнты і ўдзельнікамі мірнай дэманстрацыі нязгодных з вынікамі сьнежаньскіх выбараў 2010 году.

8. І, нарэшце, вяршыня
17-гадовага прэзыдэнцтва — 2011 год: штармавыя хвалі інфляцыі, крызісу, найвялікшай у сьвеце дэвальвацыі нацыянальнай валюты, татальнае падаражэньне, галеча насельніцтва, ізаляцыя ад цывілізаванага сьвету прыгналі дыктатара і ўсіх нас разам зь ім да расійскага берагу.

А што далей?»
— гэтак заканчвае свой ліст на «Свабоду» слухач Антон са Шчучына. Тут жа — прыпіска: «Прабачце, што перадаю ліст праз пасярэдніка зь Менску, бо баюся, што праз нашу пошту ня дойдзе да адрасата».

Што далей, спадар Антон, — залежыць найперш ад самога беларускага грамадзтва. Палітыка Аляксандра Лукашэнкі мала мянялася на працягу ўсіх 17-ці з паловай гадоў ягонага прэзыдэнцтва, і нішто ня сьведчыць пра тое, што ён наважыцца на істотныя рэформы ў будучыні. Захаваньне рэжыму аднаасобнай улады любой цаной — вось якая мэта выразна бачная за ўсімі гэтымі рашэньнямі, дзеяньнямі, абмежаваньнямі, рэпрэсіямі, якімі вызначылася цяперашняя ўлада за доўгія гады. Пачынаць дэмакратычныя і рынкавыя рэформы Лукашэнка баіцца, бо не без падстаў апасаецца, што гэта стане канцом ягонай палітычнай кар’еры. Але і сыстэма ў ейным цяперашнім незьмяняльным стане яўна зайшла ў тупік, перажывае глыбокі заняпад, крызіс.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG