Пазьней, на працягу 2012 года на базе ВА «БМЗ» будзе створаны мэталюргічны холдынг, у якім БМЗ будзе кіруючай кампаніяй. Як адзначылі ў Мінпраме, у сярэднятэрміновай пэрспэктыве ў структуры міністэрства плянуецца стварыць 17 холдынгаў рознай вытворчай накіраванасьці.
Мы папрасілі пракамэнтаваць паведамленьне аглядальніцу газэты «Беларусы і рынак» Тацьцяну Манёнак.
Манёнак: «Тэндэнцыя на стварэньне холдынгаў у Беларусі пачалася летась, і даволі актыўна. Ствараецца падмурак, заканадаўчая база. А матывы, мне здаецца, перш за ўсё — тое, што Беларусь з 1 студзеня, хай пакуль і дэкляратыўна, апынулася ў Адзінай эканамічнай прасторы разам з Расеяй і Казахстанам. Пакуль рана казаць, што такая прастора створаная, тым ня менш, мы бачым, што Расея лічыць важным гэты інтэграцыйны праект, і будзе ціснуць на тое, каб гэтая прастора запрацавала.
Відавочна, што беларускія прадпрыемствы, многія зь якіх знаходзяцца пад апекай дзяржавы, калі апынуцца на гэтай адзінай эканамічнай прасторы — відавочна, што яны будуць неканкурэнтаздольныя ў шмат якіх выпадках. Холдынкі, як мы бачым, ствараюцца зь верху, адміністрацыйна, яны ня могуць быць эфэктыўнымі. Тым ня менш, улады мяркуюць падцягнуць у холдынгі прадпрыемствы больш-менш прыбытковыя і не зусім. Улада спадзяецца, што да гэтых холдынгаў праявяць цікавасьць кампаніі, перш за ўсё расейскія, ці нейкія эўрапейскія. Мне здаецца, што гэта больш ілюзіі. Бо калі ствараць такія холдынгі, дык павінен быць эфэктыўны эканамічны падмурак, павінна быць ініцыятыва зьнізу, каб былі зацікаўленыя ўсе ўдзельнікі гэтага холдынгу.
Улічваючы, што Расея ўступіла ў Усясьветную гандлёвую арганізацыю, яна вымушаная будзе адчыняць рынкі для замежных вытворцаў, для замежных кампаніяў якія больш гібкія, і канкурэнцыя на гэтай тэрыторыі значна ўзрасьце. І беларускім прадпрыемствам, якія ня рынкавыя, якія не прайшлі этап структурнай рэарганізацыі, якія мэтай сваёй маюць утрымліваць пэрсанал (ня важна, эфэктыўна гэта ці не ) - у гэтай сытуацыі будуць неканкурэнтаздольныя. Але ўлады лічаць, што холдынгі, цэнтрам якіх будуць такія знакавыя прадпрыемствы, будуць прыцягальныя для інвэстараў».