Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старасьць за кратамі


Тэмы праграмы:

Да гадавіны Плошчы. Ліст былога асуджанага да палітвязьняў
Дзяржаўны рэкет у дачыненьні да сваякоў зьняволеных
Мэню турэмных сталовак ЭЗ і Беларусі
Гнеў як прычына росту старэчай злачыннасьці
Утрыманьне пажылых вязьняў у беларускіх турмах


ЗВАРОТНАЯ СУВЯЗЬ

«Веру, што вы застанецеся стойкімі!»


Зьміцер Каляда
Зьміцер Каляда
Напярэдадні гадавіны Плошчы свае словы падтрымкі ўсім беларускім палітвязьням за кратамі праз нашу праграму накіраваў сталы чытач і слухач «Свабоды» Зьміцер Каляда. Сёлета ўвесну ён вызваліўся з Івацэвіцкай калёніі, дзе сядзеў у адным атрадзе зь Міколам Аўтуховічам. Пра тое, у якіх умовах утрымліваліся палітвязень ды іншыя асуджаныя, Зьміцер расказаў у інтэрвію нашаму радыё. Фота і відэа, зробленыя колішнім зьняволеным за кратамі, былі зьмешчаныя на нашым сайце, а потым апублікаваныя і іншымі СМІ.

Як напісаў Зьміцер, на жаль, яму не давялося прыйсьці на Плошчу, бо на той час ён адбываў пакараньне ў Івацэвіцкай калёніі № 5. Пра падзеі ў Менску даведаўся з БТ.

«Нават з таго, што мы ўсе ўбачылі, — адзначае былы зьняволены, — было зразумела, што Беларусь ужо ніколі ня будзе ранейшай. Я веру, што вы застанецеся стойкімі!”

Цалкам ліст ТУТ.

«Чаму пазовы асуджаных мусяць гасіць іх сваякі?»


Жонка асуджанага, які знаходзіцца ў адной зь беларускіх калёніяў, Надзея напісала пра своеасаблівы рэкет турэмнай адміністрацыі ў дачыненьні да сваякоў асуджаных.

«Зьявілася жаданьне напісаць пра гэта. Дакладней, гэта ўжо не жаданьне, а патрэба, бо набалела!

Мой муж адбывае пакараньне за кратамі, тэрмін вялікі, і да яго «прыкладаецца» даволі адчувальны пазоў. Хай бы і прыкладаўся, ня я «зарабіла» гэты пазоў, ня мне яго і выплачваць. Аднак! Для таго, каб выплачваць «сумленна» зароблены пазоў, асуджаны павінен працаваць. І ён бы працаваў, але за сваю працу ён атрымлівае заробак 10—15 тысяч на месяц! Калі ж дапусьціць, што чалавек у здаровым розуме ўсё-ткі будзе працаваць на цяжкай, траўманебясьпечнай працы за 10—15 тысяч і пералічваць усю гэтую суму на пагашэньне пазову, няцяжка падлічыць, што пазоў у 5 мільёнаў беларускіх рублёў асуджаны будзе выплачваць 30—40 гадоў. Адпаведна, 10 мільёнаў — 60—80 гадоў, і гэтак далей! Тым ня менш, дзяржава вельмі не зацікаўленая ў тым, каб пагашэньне сумы расьцягвалася на 100 гадоў. Наадварот, яна дамагаецца, каб грошы ў казну паступалі як мага хутчэй. Самымі рознымі шляхамі. Напрыклад, дзякуючы таму рэкету пад выглядам пагашэньня пазоваў, які чыноўнікі ўстанавілі ў зонах.

Магчыма, хтосьці ведае, а хтосьці і не, што асуджаным даюцца такія выгоды, як штомесячная атаварка ў турэмнай краме, кароткія і працяглыя спатканьні са сваякамі, пасылкі і бандэролі. Колькасьць выгодаў і іх памер залежаць ад рэжыму ўтрыманьня. Усе яны строга рэглямэнтуюцца Крымінальна-выканаўчым кодэксам РБ і Правіламі ўнутранага распарадку папраўчых устаноў (ПУР). Калі ж асуджаны мае непагашаны пазоў, то сума штомесячнай атаваркі, напрыклад, у калёніі строгага рэжыму зьніжаецца да 35 тысяч беларускіх рублёў. Такім чынам, грошы з рахунку асуджанага, якія кладуць сваякі, — бо сам зьняволены ня можа зарабіць нават 70 тысяч рублёў — ідуць на гэтае пагашэньне. Але і гэта ня ўсё. Адміністрацыя папраўчай установы навучылася рабіць грошы і на працяглых спатканьнях асуджаных.

Адзначу, што працяглае спатканьне доўжыцца трое сутак. Такіх спатканьняў, у залежнасьці ад рэжыму ўтрыманьня, можа быць адно-два-тры-чатыры за год. Згодна з пунктам 170 ПУР папраўчых устаноў, рашэньне аб працягласьці спатканьня прымаецца адміністрацыяй установы ў кожным канкрэтным выпадку. Вось адміністрацыя вырашае, што асуджанаму Н. трэба дазволіць ня трое сутак, а суткі, і чакае рэакцыі сваякоў. Сваякі, натуральна, рэагуюць, таму што вялікая розьніца, ці пабудзеш ты са сваім мужам (сынам) двойчы ў год па тры дні ці двойчы ў год па адным дні. Сваякі пачынаюць тэлефанаваць і высьвятляць, у чым праблема, а ім салодкім голасам прапануюць — прывозьце мільён-два-тры на пагашэньне пазову, і мы дамо вам яшчэ суткі, а то і двое. Што гэта, як не ўзаконены рэкет? Калі ў кожнай папраўчай установе высокія чыноўнікі гандлююць суткамі спатканьняў, дадатковымі пасылкамі і бандэролямі, усімі магчымымі для асуджаных «выгодамі», а ўзамен атрымліваюць прэміі, памер якіх наўпрост залежыць ад пагашаных па выніках месяца сумаў пазоваў.

Але растлумачце мне, калі ласка, чаму я павінна гасіць пазоў па крымінальнай справе мужа? Хай мой муж сам гасіць пазоў, які атрымаў, зьдзейсьніўшы злачынства, дайце яму любую працу, але такую, якая аплачваецца! Атрымліваецца, што я вымушаная рабіць як ламавы конь, каб зарабіць на пагашэньне пазову, да якога асабіста я ня маю аніякага дачыненьня. Што гэта за зьдзек зь мяне ды іншых жонак і маці? Або закон такі, што ў нас ступень выпраўленьня асуджанага наўпрост залежыць ад таўшчыні кішэні?»


У турмах іншых краін

Зь нядаўняга часу вырашыла зьбіраць мэню турэмных сталовак. Як зь Беларусі, так і зь іншых краінаў. Невялікую калекцыю ўжо маю.

Як выглядае харчовы рацыён у эўрапейскіх турмах


Вось, напрыклад, выходнае мэню Гамбурскай турмы «Ханёфэрзанд». Яго даслаў журналіст, які сам наведаў гэтую турэмную сталоўку.

Сьняданак і вячэра: сыр, каўбаса, сасіскі, амлет, ёгурт, мюсьлі, хлеб, кава або гарбата на выбар.

Абед — «фальшывы заяц» — рулет, начынены мясным фаршам, смажаным бэконам, яйкамі, бульбяная салата з марынаванымі гуркамі. Розныя фруктовыя напоі, салодкі дэсэрт.

Мяса даецца чатыры разы на тыдзень. Пераважае смажаная сьвініна (стэйк велічынёй з далонь). Для зьняволеных мусульманаў, як і для вэгетарыянцаў, асобнае мэню.


А гэта абедзеннае мэню сталоўкі жаночай папраўчай калёніі ў літоўскім Панявежысе.

Расольнік, жэмайцкія блінчыкі (бульбяныя аладкі зь мясам), гарбата, кава, салодкія напоі, вада.

Як пісалі літоўскія СМІ, разам са зьняволенымі турэмнай ежы ў Панявежысе пакаштавала і прэзыдэнт краіны Даля Грыбаўскайце.

Мне ж самой удалося пасталавацца ў адной з турэмных сталовак у Швэцыі. Гэта было ў гётэборскай мужчынскай турме «Скугумэ», дзе адбываюць пакараньне пераважна за сэксуальныя злачынствы. У вязьніцу я разам зь невялікай групай беларускіх журналістаў трапіла на экскурсію як удзельніца сумеснага сэмінару, арганізаванага БАЖ і інстытутам журналістыкі FOJO.
Турма ў Гётэборгу
Турма ў Гётэборгу

Сталоўка ў «Скугумэ» — агульная як для турэмнай адміністрацыі, так і для асуджаных. Проста ў сярэдзіне заля ўмоўна падзеленая шкляной устаўкай. У гётэборскай турме і вязьняў, і пэрсаналу амаль роўная колькасьць. Тады было прыкладна 200 на 200.

Зразумела, мы сядзелі на тым баку, дзе ела адміністрацыя, але было бачна, што ў мэню вязьняў было тое самае. Бадай за адным выключэньнем. Адрозна ад нашай паловы, тыя не маглі сабе дазволіць невялікай бутэлечкі (0,3 л) практычна безалькагольнага (2,2 градусы) піва. Яго ў Швэцыі можна ўжываць і на службе, і за рулём. Аднак для асуджаных алькаголь забаронены.

У той дзень на абед, як сёньня памятаю, прапаноўвалі:

Густы суп з сачавіцы зь ялавічынай, салату з гародніны, салату з кансэрваванай садавіны зь вяршкамі, сыр, сьметанковае масла, некалькі відаў хлеба, белыя булкі, гарбату, каву, ваду.

«Шкада, што прыйшлі позна. Каб крыху раней, то на абед былі блінцы з джэмам», — казала нам адна з дужых жанчын-ахоўніц. Яе выгляд сьведчыў пра тое, што яна элемэнтарна скруціць злачынца, і не аднаго.

Швэдзкая турэмніца: «Ежа зь вязьнямі ў нас аднолькавая»


Турэмніца паведаміла нам, што мясцовыя кухары гатуюць і для іх, і для зьняволеных тое самае. Дарэчы, гэта нам потым пацьвердзілі і самі вязьні. Турэмны харчовы рацыён у адпаведнасьці з устаноўленымі дыетолягамі нормамі бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, комплексам неабходных вітамінаў ды мінэралаў. Таксама, лічаць турэмныя дыетолягі, ежа мусіць быць разнастайнай. Калі яна паўтараецца з дня на дзень, гэта істотна ўплывае на зьмены ў мэтабалізьме. Залозы ўнутранай сакрэцыі, у прыватнасьці, гіпофіз і эпіфіз, ужо не выпрацоўваюць неабходнай колькасьці эндарфінаў і сэратаніну. У выніку ў чалавека ўзьнікае або агрэсія, або дэпрэсія, або чаргаваньне абодвух гэтых станаў. Паводле дыетолягаў, няправільнае харчаваньне ў спалучэньні зь фізычнымі і прасторавымі абмежаваньнямі можа нэгатыўна адбіцца на агульным псыхасаматычным здароўі. Гэта пры тым, што ў тамтэйшых вязьніцах зьняволеныя мусяць працаваць, могуць хадзіць з камэры ў камэру, рабіць, прынамсі, гадзінныя прагулкі на сьвежым паветры, займацца спортам у турэмным парку.

Побач са мной за сталом сядзеў турэмны пастар. Ён прытрымліваўся здаровага аскетызму, а таму лічыў, што швэдзкія турмы зь іх падыходамі, больш падобныя на цэнтры адпачынку, чым на месца пакараньня. А гэта, як ён лічыць, кепска.

Хтосьці зь беларускіх журналістаў запрасіў пастара ды адну ахоўніцу, што суправаджала нас, прыехаць у Беларусь і ўбачыць падыходы да зьняволеных у беларускіх вязьніцах. Тыя ажывіліся, хоць, як і мы, выдатна зразумелі, што ажыцьцявіць падобную паездку ў мэтах экскурсіі (як было ў нашым выпадку), наўрад ці, магчыма ў бліжэйшай будучыні.

Гётэборскаму турэмнаму пастару ў якасьці інфармацыі для развагаў

Ня так даўно я знайшла адрас таго гётэборскага сьвятара і даслала яму для азнаямленьня мэню сталоўкі адной зь беларускіх калёній. Адказу пакуль не атрымала.

Традыцыйны дзённы рацыён беларускага асуджанага выглядаў так:

Сьняданак — пярловая каша-суп (крупы на вадзе);

Абед — «суп палявы» (тыя ж крупы на вадзе), рагу з гародніны (ператушаная капуста са скуркамі сала);

Вячэра — рыба тушаная (лыжка рыбнага паштэту невядомага паходжаньня, разбоўтаная ў той жа кашы).

Жаночая калёнія ў Гомелі. Здымак Віктара Стралкоўскага
Жаночая калёнія ў Гомелі. Здымак Віктара Стралкоўскага

Былы асуджаны мянчук Андрэй, які перадаў мне лісток з мэню, распавёў, што такую ежу ім даюць, бадай, штодня.

Андрэй: Кормяць адным і тым жа, і гэта не нармальная ежа. Самае смачнае — хлеб. Нам належыць выдаваць хлеб чорны і белы, але тут у якасьці альтэрнатывы выключна шэры. Крупы адны і тыя ж. Бульбы, якая павінна быць штодня, не даюць ужо даўно. Мяса таксама. Калі прыяжджаюць камісіі, то ў супе і кашы зьяўляецца мяса. Калі камісія зьяжджае — мяса ня ўбачыш. На раніцу кормяць супам з хамсы, якую вараць з галовамі і кішкамі. Есьці гэта немагчыма. Больш за тое, рыбу сюды пастаўляюць непрыдатную для ежы. Там стаіць адзнака: для кароткатэрміновага выкарыстаньня для пушных зьвяроў.

Паводле Андрэя, яшчэ гадоў дзесяць таму там гатавалі агульную для ўсіх ежу. Тагачасны начальнік установы першым каштаваў тое, што гатавалі кухары. Цяпер для пэрсаналу і турэмнікаў гатуюць паасобку.

Турма і здароўе

Пажылыя людзі ў няволі


Паводле афіцыйных зьвестак, прыкладна каля 6% адсоткаў ад усіх беларускіх зьняволеных складаюць людзі, якім споўнілася 50 і больш гадоў. Нягледзячы на тое, што прадстаўнікамі гэтай узроставай катэгорыі ўчыняецца менш злачынстваў, чым маладзейшымі правапарушальнікамі, злачыннасьць пажылых стала расьце. Прычым, ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах сьвету. У якасьці прычынаў адмыслоўцы называюць агульнае старэньне насельніцтва, эканамічнае і сацыяльна-палітычнае становішча, а таксама маральна-псыхалячныя працэсы, якія адбываюцца падчас старэньня арганізму і ўплываюць на паводзіны людзей.

«Гнеў як адзін з галоўных мадэратараў злачынных паводзінаў»

Доктар псыхалягічных навук, прафэсар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Ігар Фурманаў у сваёй працы «Агрэсіўнасьць беларускіх асуджаных» указвае на пэўную сувязь паміж узростам і паказчыкамі агрэсіўнасьці, як вэрбальнай, так і фізычнай, а таксама гневам — фізіялягічным узбуджэньнем, гатоўнасьці асобы да жорсткасьці нават пры невялікім раздражненьні. Ігар Фурманаў называе гнеў «адным з галоўных мадэратараў злачынных паводзінаў».

Дасьледчыца з расейскага ўнівэрсытэту ва Ўладзівастоку Алеся Барсукова, адзіная на постсавецкай прасторы, хто займаўся вывучэньнем менавіта ўзроставай злачыннасьці, указвае на тое, што ў старэйшых людзей у выніку незваротных зьменаў у псыхіцы не спрацоўвае фактар стрымліваньня. Яны нібыта імкнуцца зьдзейсьніць гвалт. Праявамі эканамічнага гвалту ёсьць рабунак або экспрапрыяцыя чыёйсьці ўласнасьці, фізычнага — нанясеньня шкоды жыцьцядзейнасьці чалавека, псыхічнага — наўмыснага ўзьдзеяньня на яго псыхічнае здароўе, прычыненьне яму псыхічных пакутаў. Што да сэксуальных злачынстваў, то яны спалучаюць у сябе рысы фізычнага ды псыхічны гвалту.

Навукоўцы беларускага НДІ геранталёгіі тлумачаць старэчы крымінал узроставымі зьменамі ня толькі нэрвовай сыстэмы, але і мозгу.

«Нярэдка даводзіцца назіраць за тым, калі жанчына, якой у маладосьці хапала сіл, энэргіі і нэрваў дзеля дзяцей не зьвяртаць увагі на нейкія выхадкі мужа, або мужчына, які дзеля кар’еры цярпеў зьдзекі з боку вышэйшых кіраўнікоў, у старасьці ня ў стане кіраваць сваімі нэгатыўнымі эмоцыямі. Тлумачыцца гэта проста: стары чалавек зь яго склерозам ды псыхозамі, становіцца больш уразьлівым, нястрыманым і агрэсіўным».

Ці варта саджаць за краты старых?

З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвярнуўся да мінакоў на вуліцах Гомеля. Большасьць апытаных перакананыя ў тым, што перад законам роўныя ўсе, аднак старых злачынцаў усё ж лепш утрымліваць у закрытых пансіянатах, а ня ў турмах.

Некалькі гадоў таму падчас наведаньня жаночай калёніі ў рамках аднаго нямецка-беларускага гуманітарнага праекту, нам паказалі самую старэйшую злачынку Беларусі — бабульку за 80, якую клікалі, здаецца. Пятроўнай. Яна сядзела ўпершыню, а за краты трапіла таму, што забіла свайго старога чыгуннай патэльняй. Так дапёк яе дзед. Увесь час краў грошы зь сям’і і прапіваў іх. Апошнім разам скраў «грабавыя» і таксама прапіў іх. Прычына тая ж: мужчынскі алькагалізм. Таксама саджаюць старых і за іншыя злосныя артыкулы: напрыклад, гандаль наркотыкамі, а таксама за крадзеж.

Назіраць за бабулькамі ў зоне і сьмешна, і сумна адначасна. Асабліва калі бачыш іх падчас шыхтаваньня, чуеш, як яны зьвяртаюцца да адміністрацыі са словамі «грамадзянін начальнік» і падчас прадстаўленьня кажуць не імя-імя па бацьку, а артыкул, паводле якога сядзяць. Некаторыя бабулькі ў адрозьненьне ад першаходкі Пятроўны сядзяць гадамі, а таму выглядаюць і паводзяць сябе па-блатному. Паляць і «ботаюць па фені».

Згодна з крымінальным артыкулам, Пятроўна тэарэтычна мусіць сядзець гадоў да 90. Аднак такіх узроставых першаходак звычайна вызваляюць умоўна-датэрмінова.

На што хварэюць старыя ў няволі

Сьпяшацца на волю жанчына ня хоча. Дзеці даўно забыліся пра яе, кватэру, відаць, прадалі. А тут у любым выпадку жывеш не на вуліцы. Да таго ж пакормяць, ды і да лекара заўсёды можна пайсьці. Паводле турэмнай статыстыкі, старыя арыштанты зьвяртаюцца да лекараў разы ў тры часьцей, чым маладзейшыя. Хваробы тыя ж, што і ў адналетак на волі. У Пятроўны, напрыклад, пралапс тазавых органаў (апушчэньне маткі, яе моцны ціск на мачавы пухір і як вынік — нетрыманьне мачы).

Пампэрсамі жанчына не карыстаецца, ды і дзе іх возьмеш. Часам знаходзіцца побач зь ёй немагчыма. Пасьля прысуду ў Пятроўны прагрэсуе дэмэнцыя. У выніку незваротных псыхічных зьменаў жанчына апошнім часам становіцца ўсё больш і больш скупой. Сваю нядрэнную пэнсію, якую атрымлівае на картку, ня траціць. Затое нярэдка крадзе прысмакі ў іншых сядзеліц.

Маладыя зэчкі завуць яе «старой сьмярдзючай дурай», часам нават могуць стукнуць яе. Падобнае стаўленьне ня толькі Пятроўны.

У мужчынскай зоне маладзейшыя асуджаныя ўсё ж маюць рэспэкт да некаторай часткі старых. Паводле палітвязьня Валера Леванеўскага, гэта катэгорыя старых арыштантаў, якія сядзелі за сур’ёзныя артыкулы яшчэ пры Брэжневе, Андропаве, Гарбачове. Для іх турма, сапраўды, родны дом, дзе ў параўнаньні са свабодай нічога не мяняецца гадамі. Старыя зэкі ведаюць шмат гісторый. І ў крымінальным сьвеце зьяўляюцца свайго роду прафэсарамі.

Валер Леванеўскі
Валер Леванеўскі
Леванеўскі: Іншых старых пасьля 60-ці сама больш 5%. Усё ж імкнуцца не саджаць пэнсіянэраў. Аднак калі саджаюць, то самі можаце зразумець ступень злачынства. Размова ідзе, напрыклад, пра сэксуальны гвалт. Такіх адразу зьмяшчаюць у «петушатнік». Турма пабудаваная такім чынам, што там кожны імкнецца самасьцьвердзіцца. Людзі, якія паважаюць старасьць, сустракаюцца надзвычай рэдка.

Вельмі цяжка за кратамі і гэтак званым бамжам, людзям, якія адвучыліся сачыць за сабой, — адзначае Леванеўскі. — Апошнім часам такіх усё болей.

Больш маладыя зэкі ставяцца да такіх сядзельцаў грэбліва і зьдзекліва. Нягледзячы на гэта, старыя бамжы ўсё ж ня лічаць турму нечым жудасным, а наадварот, успрымаюць жыцьцё на зоне як збавеньне ад жыцьцёвых нягод.

Ніхто ня думае, што гэтым людзям мала засталося жыць

Паводле кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Плятформа» Андрэя Бандарэнкі, які адбываў пакараньне ў Бабруйскай калёніі, беларускія турмы ня ў стане забясьпечыць адпаведныя чалавечыя ўмовы для людзей нашмат больш моцных фізычна. У гэтай сувязі цалкам лягічнае пытаньне; чаму людзей, так бы мовіць, зусім паважнага веку, якія зрабілі правапарушэньні неабдумана, прымушаць паміраць у турмах?

Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка
Бандарэнка: Многім старым вязьням цяжка хадзіць, а іх прымушаюць ісьці на шыхтаваньне, хоць яны афіцыйна і не працуюць, іх прымушаюць рабіць працу па самаабслугоўваньні. У нас у калёніі ў Бабруйску быў вельмі стары чалавек, яму было цяжка рухацца, а яго прымушалі хадзіць на тыя шыхтаваньні і г.д… Быў, напрыклад, стары, які ўвогуле ня мог рухацца, ён нікуды ня мог хадзіць, яму прыносілі ежу са сталоўкі, за ім неяк спрабавалі прыбіраць, я ў ягоным прысудзе было, што ён небясьпечны для грамадзтва. Вось на гэтым у нас пабудаваная ўся сыстэма выпраўленьня асуджаных.

Як лічыць Андрэй Бандарэнка, у Беларусі няма аніякай альтэрнатывы для такіх правапарушальнікаў. Ні на ўзроўні дзяржавы, ні на ўзроўні грамадзтва проста не прынята думаць пра тое, што калі чалавеку вельмі мала засталося жыць, трэба ўжываць нешта іншае, а не саджаць, скажам, на 10 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG