Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкі пра заявы Грыбаўскайце


Робэрт Тышкевіч, намесьнік старшыні камісіі замежных справаў польскага парлямэнту, старшыня парлямэнцкай групы ў пытаньнях Беларусі лічыць выказваньне прэзыдэнта Літвы непрадуманым і крыўдным:

"Я думаю, што гэта вельмі крыўднае і несправядлівае меркаваньне пра людзей, якія змагаюцца ў абставінах недэмакратычнай дзяржавы і аўтарытарнага рэжыму за асноўныя дэмакратычныя правы і грамадзянскія свабоды. Я лічу гэтае выказваньне спадарыні прэзыдэнткі Літвы моцна непрадуманым і вельмі нечаканым. Літва падтрымлівае дэмакратызацыю Беларусі шмат якімі праектамі, сярод
Я лічу гэтае выказваньне прэзыдэнткі Літвы моцна непрадуманым і вельмі нечаканым.

іншага, Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам у Вільні, дзякуючы якому беларуская моладзь атрымлівае адукацыю ў свабодных абставінах, са свабодным доступам да эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Тым больш нечаканым падаецца такое выказваньне. Было б цікава даведацца пра стаўленьне літоўскага ўраду і літоўскага міністэрства замежных справаў да гэтай справы. Ці гэта афіцыйная палітычная лінія літоўскай дзяржавы, ці, можа, мы маем справу з індывідуальным выказваньнем палітыка, хоць і важнага, але які ўсё ж не прадстаўляе агульнага літоўскага становішча. У сьвятле таго, што Эўропа і Польшча ведае аб беларускай апазыцыі, гэта вельмі нечаканае і крыўднае выказваньне."

РС: Як бы вы пракамэнтавалі тое, што Грыбаўскайце бачыць пэўную прычыну для неспакою ў сувязі з тым, што некаторыя зь беларускіх дэмакратычных палітыкаў могуць мець кантакты ў Маскве?
Ня бачу нічога заганнага ў тым, што беларуская апазыцыя шукае кантактаў як у Эўразьвязе, так і ў Расеі.

Тышкевіч: Лічу, што спадарыня прэзыдэнт або мае некампэтэнтных дарадцаў, або прыслухоўваецца да думкі людзей, якія выключна прадузята ацэньваюць палітычныя кантакты беларускай апазыцыі. Ня бачу нічога кепскага, нічога заганнага ў тым, што беларуская апазыцыя шукае кантактаў як у Эўразьвязе, так і ў Расеі, асабліва ў тых асяродзьдзях, якія адданыя дэмакратычным каштоўнасьцям і хочуць добрых зьменаў у Беларусі. Абсалютна натуральна, што апазыцыйнае асяродзьдзе прэзэнтуе шырокі спэктар поглядаў і палітычных падыходаў, стараецца быць актыўным ува ўсіх важных кірунках міжнароднай палітыкі. Таму мяне абсалютна не зьдзіўляе, што беларускія дэмакратычныя палітыкі таксама спрабуюць прадстаўляць свой пункт гледжаньня і свае погляды расейскім партнэрам. Не лічу гэта за памылку, а наадварот, лічу, што гэта вельмі правільна, што апазыцыйныя дзеячы робяць намаганьні, каб расейскія палітыкі арыентаваліся ў найважнейшых падыходах і стратэгіі дзейнасьці галоўных сілаў беларускай апазыцыі.

РС: Перад прэзыдэнцкімі выбарамі Даля Грыбаўскайце заяўляла, што з гледзішча Эўрапейскага Зьвязу перамога Лукашэнкі была б аптымальным варыянтам, таму што, маўляў, ён здатны гарантаваць незалежную беларускую палітыку, калі гаворка ідзе пра стасункі Менску і Масквы. На вашую думку, ці сапраўды Лукашэнка праводзіць палітыку, выгадную з пункту гледжаньня Вільні?
Можна патрактаваць выказваньні Грыбаўскайце як абсалютна экстравагантныя на фоне адназначнай думкі Эўрапейскага Зьвязу.

Тышкевіч: Літва, як і Польшча, зацікаўленая ў тым, каб Беларусь была стабільнай, дэмакратычнай краінаю, з вольным рынкам, з прыязным стаўленьнем да сваіх суседзяў, з адкрытасьцю на эканамічнае, культурнае, грамадзкае супрацоўніцтва. На жаль, сёньня Беларусь такой дзяржаваю не зьяўляецца.

Можна патрактаваць выказваньні Грыбаўскайце як абсалютна экстравагантныя на фоне адназначнай думкі Эўрапейскага Зьвязу адносна таго, каб Беларусь кіравалася ў бок дэмакратычных каштоўнасьцяў і рабілася адкрытай для супрацы.

Я ня бачу ніякай выгады для літоўскай дзяржавы ва ўмовах, калі сёньня нельга арганізаваць зь Беларусьсю малога памежнага руху, калі Беларусь у рамках “Усходняга партнэрства” не выступае з ініцыятывамі, якія былі б накіраваныя на ўвядзеньне бязьвізавага рэжыму. Сьцісла кажучы, Беларусь сама закрываецца сёньня. Я бачу ў гэтым закрыцьці толькі пагрозы, бо закрытая, ізаляваная ад Эўропы і суседзяў, краіна – гэта краіна, зь якой нельга супрацоўнічаць і суседзтва зь якой нельга выкарыстаць. Так што мяне зьдзіўляе гэтая ацэнка Грыбаўскайце.

***
Самы вялікі магільшчык беларускай дэмакратыі не апазыцыя, а прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка, сьцьвярджае старшыня парлямэнцкага Камітэту па замежных справах Літвы Эмануэліс Зінгерыс.

Пра гэта палітык заявіў пасьля таго, як прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце ў інтэрвію Літоўскаму радыё раскрытыкавала нібыта прарасейскую накіраванасьць беларускай апазыцыі і заявіла, што апазыцыю больш цікавяць грошы, а не незалежнасьць.

"Менавіта Лукашэнка рабіў усё, каб былі зачыненыя ўсе беларускія школы, зьнішчана беларуская самабытнасьць і абрусела Беларусь. Ён і зьяўляецца самым вялікім магільшчыкам беларускай дэмакратыі, спрабуе сьцерці мяжу паміж незалежнай Беларусьсю і былым СССР, узнаўляючы ўвесь мэнталітэт СССР на беларускай прасторы і працягваючы рэпрэсіі. А прэзыдэнта Літвы я асабіста крытыкаваць не зьбіраюся", – сказаў Зінгерыс.
Я б так не казаў пра дэмакратаў у Беларусі, паколькі немалая іх частка знаходзіцца ў турме, іншыя загінулі або зьніклі бязь вестак.

Ён прызнаў, што ў Расеі ёсьць магчымасьці рознымі спосабамі павялічваць уплыў у розных краінах, аднак падкрэсьліў, што беларускіх дэмакратаў, частка зь якіх сядзіць у турмах або можа быць забітая, ён бы так не ахарактарызаваў.

"У Расеі ёсьць маса магчымасьцяў ўзмацняць свой уплыў як у Літве, так і ў Нямеччыне і, вядома, у Беларусі. Але гэта не азначае, што мы не павінны дапамагаць дэмакратыі. І я б так не казаў пра дэмакратаў у Беларусі, паколькі немалая іх частка знаходзіцца ў турме, іншыя загінулі або зьніклі бязь вестак", – сказаў Зінгерыс.

У аўторак Грыбаўскайце сказала, што частка кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі, якія ўдзельнічалі на выбарах у сьнежні, "фінансавалася і падтрымлівалася Крамлём".

***
Кіраўнік парлямэнцкай групы “За дэмакратычную Беларусь” і віцэ-старшыня камітэту замежных справаў сойму Літвы Юсьцінас Каросас зазначыў, што не валодае фактамі, якія б пацьвярджалі цьверджаньні Грыбаўскайце:

“Даволі цяжка камэнтаваць словы прэзыдэнта. Тэарэтычна, вядома ж, усё магчыма. Але ўсё павінна абапірацца на факты. Пра гэтыя факты я ня ведаю. Відаць, прэзыдэнтка пра гэта ведае. Калі сапраўды ёсьць такія факты, гэта было б вельмі непрыемна, а калі няма, то другая рэч. Я асабіста такімі фактамі не валодаю”.


***
Намесьніку старшыні камітэту ў міжнародных справах расейскай Дзяржаўнай думы Андрэю Клімаву бачыцца ў словах Грыбаўскайце «чарговая фобія»:

“Пра сувязі прадстаўнікоў беларускай апазыцыі і Крамля мне нічога невядома. Па-другое, я думаю, што такіх сувязяў проста ў прыродзе не існуе. Па-трэцяе, пазыцыя расейскага ўраду і кіраўніка нашай дзяржавы палягае ў тым, што мы ня ўмешваемся ва ўнутраныя справы іншых дзяржаваў, ня ўдзельнічаем наўпрост ці ўскосна ў іх перадвыбарных кампаніях і працуем з тымі лідэрамі, з тымі парлямэнтамі, якія прайшлі працэдуру законных выбараў.

Мне здаецца, што ў словах Грыбаўскайце праяўляецца чарговая фобія, нешта ў гэтым духу. У прынцыпе людзі, калі яны адказныя палітыкі і такія рэчы заяўляюць, то павінны падаваць доказы. А так усё гэта выглядае даволі дурнавата. І ўвогуле, ведаючы расейска-беларускія дачыненьні, у сказанае цяжка паверыць”.


Словы прэзыдэнта Літвы пракамэнтавалі прадстаўнікі беларускай апазыцыі.


Намесьнік старшыні БНФ, былы кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў не ўспрыняў словы прэзыдэнта Літвы на свой адрас. «Яна, на маю думку, зусім не разьбіраецца ў палітычнай сытуацыі ў Беларусі і ў раскладзе палітычных сілаў Беларусі, і, хутчэй, ня ведае, якія каштоўнасьці адстойвае кожная партыя», - мяркуе Рыгор Кастусёў.



Намесьнік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін прапануе адрозьніваць пазыцыю кіраўніцтва Літвы і асабіста Далі Грыбаўскайце: "Я б усё ж ня стаў гаварыць пра кіраўніцтва Літвы, я б казаў толькі пра прэзыдэнта Літвы, - кажа ён. - Думаю, што тлумачэньне тут вельмі простае і прагматычнае. Літва ў вялікай ступені залежыць ад эканамічных стасункаў зь Беларусьсю, і гэты прагматызм пераважвае ўсё астатняе».


Былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч ня выключыў, што пэўная доля праўды ў выказваньнях Далі Грыбаўскайце ёсьць: "Я таксама сустракаюся зь людзьмі, для якіх галоўнае — здабыць нейкую фінансавую падтрымку, а не падтрымку Беларусі. І гэтыя пэўныя асобы ў Вільні жыруюць. Я толькі магу сказаць, што наша каманда, якая падтрымлівала Саньнікава, ніякага дачыненьня да гэтых людзей ня мае", – запэўніў ён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG