Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Івашчанка — пра турэмнае пяцікніжжа Паўла Севярынца


На сёньня Павал Севярынец — аўтар пяці кнігаў (калі не лічыць перавыданьняў і суаўтарскіх прац). «Пяцікніжжа» — слова з Паўлава тэзаўрусу. На «хіміі» былі напісаныя «Лісты зь лесу», у «амэрыканцы» задуманыя «Нацыянальная ідэя» і «Брату», айконімы «Валадарка» і «Акрэсьціна» падпісаны адпаведна пад апавяданьнем «Паленьне» і кнігай «Пакаленьне МФ». Атрымоўваецца турэмнае пяцікніжжа. Цяперака, выпраўляючыся падымаць сельскую гаспадарку Пружаншчыны, Севярынец мае задуму напісаць новую кнігу.

Ды-джэй Адраджэньня.

1998.

Павал Севярынец як аўтар і моладзевы лідар канца 90-х стартануў ня проста кнігай палітычных памфлетаў ці тэарэтычных выкладак, але — мэтадычным зборнікам абсалютна канкрэтнага прызначэньня, задача якога была простая як бубль-гум і, адначасна, непамысная для большасьці палітыкаў (як тагачасных, гэтак і цяперашніх): як хутка (прыблізна за паўтары гадзіны), смачна й па-сучаснаму зрабіць з абыякавага калі не варожага да беларушчыны школьніка ці «пэтэвэшніка» нацыянальна зараджанага маладзёна.

Дух і воля ж самога аўтара на момант выхаду кнігі загартоўваліся шматлікімі вулічнымі акцыямі ды, адпаведна, рэгулярнымі адсідкамі. «У перашкодах дух расьце» — пісаў клясык. Як тураваньне гэтай думцы, у шматлікіх тэкстах-рэфлексіях Севярынца гучыць падзяка за выпрабаваньні, што толькі ўмацоўвалі «веру, гарт і досьвед беларускай салідарнасьці».

Пакаленьне Маладога Фронту.

Гісторыя моладзі, народжанай у 1970 — 85 гг. 2002.

«Пакаленьне Маладога Фронту» — не мастацкая літаратура, ня хроніка й не публіцыстыка. Гэта гісторыя. Гісторыя будучыні Беларусі« — дэкляруецца ў прадмове да кнігі. Між тым, гэта і хроніка, і публіцыстыка высокага кшталту. Выпрацоўка стылю — крэатыўнага і амаль навуковага ў сваёй грунтоўнасьці, з моцным нутраным стрыжнем ды нацэленасьцю на пазітыў — які стане вызначальным у далейшых тэкстах і працах.

Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі.

Рыга, 2007.

Гісторыя напісаньня гэтае кнігі выклікае адну асацыяцыю. Так, на памежжы 16 і 17 стагодзьдзяў колішні дамініканскі манах стварыў у неапальскай турме адзін з самых сьветлых твораў эпохі Рэнесансу. Імя таго манаха Тамаза Кампанэла, а назва твору — «Горад Сонца».

Мажліва, што і Севярынцава фэнамэналёгія ў нечым ёсьць утопіяй. Але кожнае нацыянальнае мысьленьне пачынаецца зь міту. І зь веры. Севярынец паверыў у тое, што беларусу ёсьць чым ганарыцца. І знайшоў дзьвесьце нагодаў дзеля гэатага.

Да «Нацыянальнай ідэі» немагчыма падыходзіць выключна з тэксталягічнага боку. Нельга ня ўлічваць і таго, што завецца пазатэкставымі фактарамі, а менавіта — асобу аўтара ці, калі хочаце, яго харызму. Да артыкулаў зь Севярынцавай энцыкляпэдыі фэноменаў пасуе такое жанравае вызначэньне, як «прамоўніцкія». Яны сумяшчаюць у сабе рысы і публічнае прамовы, і царкоўнае казані.

У сваёй кнізе-інтэрвію лацінаамерыканскі Паўлаў цёзка Паўла Каэлья на пытаньне, адкуль ён чэрпае сілы й натхненьне, адказаў, што адчувае далучанасьць да «энэргетычнага цэнтру». Вось жа, чытаючы Севярынца, адчуваеш гэткую ж — і яго, і, як вынік, уласную далучанасьць да сутнаснага, да… не, ня ісьціны, але — да таго самага гуманістычнага сьветаўспрыманьня.

Лісты зь лесу.

Вільня, 2007.

«Адраджэньне — вечны вобраз Беларусі». Рэнесанс зь яго гомацэнтрызмам чырвонай нітай праходзіць праз шматлікія Паўлавы тэксты, ніяк не ўваходзячы ў супярэчнасьць з хрысьціянскім кантэкстам. Ці атрымаліся б інакш нагэтулькі сьветлымі й пазітыўнымі «хімічныя» «Лісты з лесу»?..

Імя Каэлья ўзгадалася нездарма й ня толькі для каламбуру. Як жа бракуе беларускай літаратуры (усіх часоў) пазітыву, тэкстаў, што валодалі б антыдэпрэсіўным дзеяньнем. Зірніце: Гарэцкі, Чорны, Быкаў, … Бахарэвіч. Чытаючы, — захапляесься, плачаш, скавычаш… Але як жа без надзеі? Без раўнавагі? На пытаньне, чые тэксты маюць эфект антыдэпрэсанту, мой адказ: перадусім Караткевіча і Севярынца.

Седзячы ў вязьніцы альбо на пасяленьні, Севярынец дэманструе нам узор аптымізму, праўдзівае веры і… сапраўднае літаратуры.

Брату: артыкулы, аналітыка, эсэ, апавяданьні, праграмы.

Менск, 2007.

Севярынец — жыцьцялюб. І ня трэба начапляць на яго манаскую рызу. Ці дакараць за вобраз пакутніка. Няма гэтага. А ёсьць — шчыры, яскравы, усебакова адораны (ці чыталі шаноўныя эстэты ад літаратуры Паўлавы аповеды?), з па-дзіцячы сьвежым захопленым вокам творца…

Завершыць гэты рэйтынг хацелася б крыху нестандартна. Калісьці, па прачытаньні аповеду «Паленьне», склаліся наступныя радкі, якія ахвярую Паўлу Севярынцу — зь верай, што яго новая кніга ўсё ж будзе дапісаная на волі і ў вольнай Беларусі.

Брату

Без аховы
ісьці да мовы
паўз шолах спаленых кніг…
Да зьнямогі
чакаць перамогі
пад пільным паглядам сьвятых…
Ад самоты
і да свабоды —
уздых!..
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG