Ужо на працягу многіх тыдняў галоўнай тэмай у пошце Свабоды застаецца эканамічны крызіс, шматлікія праявы якога закранаюць усё большую колькасьць людзей у Беларусі. Нягледзячы на абяцаньні ўлады выправіць сытуацыю ў сьціслыя тэрміны, валюта ў беларускіх банках у вольным продажы за апошнія месяцы так і не зьявілася; інфляцыя застаецца рэкорднай сярод усіх эўрапейскіх краін; заробкі і пэнсіі ў пераліку на цьвёрдую валюту значна зьнізіліся і працягваюць падаць. Чаму так адбываецца? Слухачы "Свабоды" спрабуюць знайсьці ўласны адказ на гэтае пытаньне.
Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму, які даслаў Аляксандар Корж з Гомеля. Ён піша:
"Маляўніча цьвіла наша беларуская паляна, ды толькі ў выніку выявілася, што ягадкі, якія зьявіліся на месцы кветак, — непрыдатныя для ежы. Ці то насеньне ня тое нам падсунулі, ці вырошчвалі ня так, ці аграном што наблытаў… Асабіста ў мяне адчуваньне поўнага дэжавю з часамі былога СССР, апошняга пэрыяду ягонага існаваньня. Блукае наш бедны "зайчык" па сьвеце з працягнутай лапкай, ды толькі чамусьці не падаюць яму больш нічога. Зрэшты, зусім жа нядаўна папярэджвалі яго, што ня трэба жыць не па сродках, ня варта выдаваць сваю сьціплую зайцаву скуру за багатае футра, а тым больш спрабаваць дыктаваць уласныя правілы ў агульным эўрапейскім лесе…
Знайшліся нават сьмельчакі, якія летась 19 сьнежня адважыліся выйсьці на плошчу, каб адкрыта папярэдзіць усіх астатніх пра тое, якая бура чакае адцьвілую беларускую паляну. Іх адмяцелілі дубінкамі, а многіх і засадзілі на доўгія гады за краты — толькі за тое, што яны па-іншаму любяць сваю Радзіму.
Ня ведаю, як іншым, а мне становіцца млосна, калі прымушаюць любіць каго-небудзь ці што-небудзь паводле загаду зьверху. Паверце, вельмі хацелася б любіць і паважаць Бацькаўшчыну, але толькі — без загаду. Ды вось толькі не атрымліваецца тут чыстай, бескарысьлівай і ўзаемнай любові.
Сумна, што большасьць нашых пэнсіянэраў перасталі ўсьміхацца — ня толькі таму, што зьніклі даступныя для іх прадукты, але яшчэ і таму, што няёмка паказваць свой бяззубы рот. А зубныя пратэзы цяпер амаль для ўсіх старых сталі недазвольнай раскошай. Бяззубы рот, парожні страўнік, дзіравыя кішэні, грабеж з боку камунальных службаў за кватэры-будкі… За што яшчэ нам дзякаваць гэтай уладзе? За тое, што пакуль няма вайны? Дык хто будзе ваяваць з жабракамі? Хацелася б скончыць аптымістычна, але дзе знайсьці для таго аптымізму падставу? Зрэшты, так хочацца верыць, што хутка настане час, калі ўсе вязьні сумленьня вернуцца дахаты, а свае пакуты за сапраўдную любоў да Радзімы будуць успамінаць як кашмарны сон".
Сапраўды, спадар Аляксандар, тыя эканамічныя праблемы, якія перажывае цяпер Беларусь, шмат у чым нагадваюць пэрыяд позьняга Савецкага Саюзу, калі пачаўся зацяжны крызіс. Камуністычнае кіраўніцтва СССР тады, каб аслабіць грамадзкае нездавальненьне, адважылася на лібэральныя рэформы, дазволіла галоснасьць і свабоду мітынгаў. Аляксандар Лукашэнка, відавочна, добра памятае той пэрыяд і зрабіў уласныя высновы з гарбачоўскага досьведу перабудовы. Магчыма, таму ў сёньняшняй Беларусі чым больш эканамічных і сацыяльных праблемаў — тым мацнейшы адміністратыўны і міліцэйскі ціск на апазыцыю і ўвогуле на любыя праявы грамадзкага пратэсту.
Пра адметнасьці цяперашняй беларускай улады, пра тое, як яна дзейнічае ва ўмовах вострага эканамічнага крызісу, разважае ў сваім лісьце на "Свабоду" і Віктар Баранаў з Рагачова. Слухач піша:
"На першы погляд, у крамах усяго поўна, у тым ліку і прадуктаў. Ды вось толькі ў кашальках у беларусаў — пуста. А ўлада тым часам не маркоціцца, увесь час наладжвае сьвяточныя шоў: то на Лініі Сталіна ў дзень пачатку вайны, то 3-га ліпеня, які цяпер адзначаюць як Дзень незалежнасьці. Дзяржаўныя тэлеканалы бясконца круцяць фільмы пра тое, як мы пасьпяхова ваявалі зь немцамі. А я кожны раз пры гэтым думаю: калі ўсё было так гладка, дык чаму мы пацярпелі такія калясальныя страты? Гітлер абвёў вакол пальца бяздарнае крамлёўскае кіраўніцтва і нанёс зьнішчальны ўдар, ад якога мы, відаць, і цяпер ачомацца ня можам. Прынамсі, пра гэта сьведчыць стан нашай эканомікі.
Лукашэнка вельмі шмат часу праводзіць перад тэлекамэрамі. А народ заўважае ўсё, што ён гаворыць і робіць. Прычым апошнім часам дапускаецца вельмі шмат глупстваў. Адметна, што сама ўлада пры гэтым сьцьвярджае, што Лукашэнка — надзвычай таленавіты палітык, якому ў Беларусі няма альтэрнатывы. Словам, калі ня будзе Лукашэнкі, дык і сонца перастане сьвяціць.
Уся наша бяда, відаць, у тым, што тыя людзі, якія рвуцца ў Беларусі да ўлады, — часта не зусім разумныя і ня самыя разважлівыя".
Прыйсьці да ўлады ў любой краіне мараць і спрабуюць розныя асобы — разумныя і ня вельмі, памяркоўныя і нецярплівыя, сумленныя і беспрынцыповыя... Тое, што грамадзтва пры гэтым не заўсёды робіць аптымальны выбар і часам паддаецца на папулісцкія абяцаньні і яркую перадвыбарчую кампанію — звычайная справа зноў жа ў любой краіне. Беларуская праблема ў тым, што, зрабіўшы 17 год таму свой выбар у параўнальна дэмакратычных умовах, беларусы ўжо амаль два дзесяцігодзьдзі магчымасьці выправіць дапушчаную памылку ня маюць: права дэмакратычна і свабодна выбіраць сабе ўладу ў іх адабралі.
Наступны ў сёньняшнім аглядзе ліст — пра тое, чаму беларусаў апошнім часам ахоплівае спажывецкі ажыятаж: то цукар пачынаюць скупляць, то алей, то воцат. Наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну з гэтай нагоды піша:
"Калі людзям перад выбарамі масава пачалі паднімаць заробкі, дык амаль усе прадчувалі, што доўга так працягвацца ня будзе. Многія ўспомнілі эпоху Гарбачова. А тады як было: будзеш чакаць з мора пагоды — дык усё страціш. Асабіста я 20 год таму, калі яшчэ жыла мама, усё, што давалі на купоны ды талёны, акуратна атаварваў ды складваў на чорны дзень. Гарэлка, цукар, соль, мыла, пральныя парашкі — амаль усё гэта ў мяне нават і праз 20 гадоў ня скончылася. Праўда, 35 кавалкаў мыла індыйскай вытворчасьці давялося аддаць брату: у мяне ад яго алергія.
І гарэлка ў мяне доўга заставалася яшчэ савецкая. Апошнія чатыры бутэлькі далакопы выпілі на пахаваньні мамы — градусы абсалютна не зьмяніліся. Так што я разумею ініцыятыўных людзей, якія ў такіх умовах робяць запасы. Сам вось крыху прамарудзіў. Сабраў на выпадак сьмерці мамы 12 мільёнаў рублёў, а тут — дэвальвацыя. Чаму было не памяняць рублі на цьвёрдую валюту? А цяпер надмагільныя помнікі падаражэлі — дык ня ведаю, ці хопіць мне гэтай сумы…".
Відавочна, людзей з такім спажывецкім досьведам выжываньня, як у вас, спадар Павал, наўрад ці пераканаюць любыя заспакаяльныя заклікі чыноўнікаў наконт таго, што ня варта паддавацца пакупніцкаму ажыятажу, рабіць ва ўласных кладоўках стратэгічныя харчовыя запасы ды ствараць напружаньне на спажывецкім рынку. Шматгадовыя назіраньні сьведчаць пра тое, што найчасьцей усё ж маюць рацыю якраз запасьлівыя і недаверлівыя людзі, а не чыноўнікі, якія абяцаюць стабільныя цэны і поўныя паліцы ў крамах.
І на заканчэньне — новы ліст ад нашага даўняга сябра Васіля Завадзкага з Маладэчна — пра апошнія палітычныя ўзрушэньні ў Беларусі, а таксама пра лёс роднай мовы. Слухач піша:
"Выказваю шчырае захапленьне і спачуваньне ўсім палітычным вязьням за падзеі 19-га сьнежня. Жадаю як мага больш хуткага вызваленьня. Тое, што адбылося і адбываецца ў Беларусі пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў — не выпадкова. Вядзецца пасьлядоўная зачыстка ад канкурэнтаў — каб ніхто зь іх не адважыўся на ўдзел у наступных выбарах, каб ня блыталіся пад нагамі. Мне гэта нагадвае брудную футбольную гульню, калі несумленны арбітар аднаго за другім выдаляе з поля самых моцных гульцоў той каманды, супраць якой яму замовілі матч. Усё ідзе да таго, што ў апошні момант самага галоўнага гульца пакінуць сам-насам з пустымі варотамі суперніка.
Падобнае назіраецца цяпер і ва Украіне, дзе Віктар Януковіч, прыйшоўшы да ўлады ў выніку параўнальна сумленных выбараў, робіць усё магчымае, каб пасадзіць у турму галоўную канкурэнтку — Юлію Цімашэнку.
...А цяпер — пра іншае, больш радаснае. Радыё Свабода слухаць мне вельмі прыемна найперш таму, што ўсе перадачы вядуцца на такой дарагой і мілай сэрцу роднай мове. І, ведаеце, ня ўсё так змрочна ў гэтай справе. Вось днямі я быў на рэчавым кірмашы ў Маладэчне. Уразіла і нават зьдзівіла тое, што амаль усе прадаўцы гаварылі па-беларуску. З многімі зь іх я з радасьцю вёў размову. Увогуле, у мяне такое адчуваньне, што ў хуткім часе родная мова будзе ўжывацца ў нас больш шырока".
Сапраўды, спадар Васіль, многія вельмі прыхільна ставяцца да беларускай мовы, спачуваюць яе занядбанаму стану, самі спрабуюць адказаць па-беларуску, калі загаворыш зь імі на мове. Ды толькі падстаў для аптымізму гэта ня надта дадае, бо што датычыць дзяржаўнай палітыкі ў моўнай галіне, дык тут зрухаў — практычна ніякіх. Беларускамоўная адукацыя фактычна вынішчаецца, у мэдыях беларускай мовы амаль не засталося, чыноўнікі на ёй як не гаварылі, так і не гавораць. Той сьціплы набытак, што ўдалося атрымаць на пачатку 90-х гадоў, пакрысе марнуецца. І чым далей, тым сытуацыя становіцца толькі горшай, бо носьбітаў мовы пры такой палітыцы болей не становіцца.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by