Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Галодныя, але вясёлыя будзем крочыць ля трыбуны з мудрым кіраўніцтвам…»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Большая частка лістоў, якія мы атрымліваем у гэтыя чэрвеньскія дні, — на тэму вострага эканамічнага крызісу, што ахапіў Беларусь. У выніку высокай інфляцыі і рэзкай дэвальвацыі нацыянальнай валюты мільёны людзей страцілі значную частку сваіх зьберажэньняў. Амаль ва ўсіх зьнізіліся рэальныя заробкі і пэнсіі. Многія імпартныя тавары падаражэлі ў два і нават у тры разы і сталі недаступнымі для большасьці беларусаў.

Наш слухач Цімафей Іваноў з Полацку, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, разважаючы пра цяперашнія беларускія рэаліі і будучыню ўлады, палітыка якой прывяла да такога стану, піша:

«Першы (і вельмі верагодна, што апошні) прэзыдэнт Беларусі трапіў у пастку. Цяпер гэта ўжо бачаць усе. А падчас выбарчай кампаніі многія ня верылі. Я ж успамінаю, як Уладзімер Някляеў падчас свайго кандыдацкага выступу па тэлебачаньні папярэджваў: застанецца Лукашэнка пры ўладзе — значыць, Беларусь напаткаюць вялізныя эканамічныя праблемы. Як у ваду глядзеў. І тое, што зараз пачалося ў Беларусі, — гэта пакуль толькі кветачкі…

Нават калі Расея пасьля доўгага роздуму пагодзіцца даць крэдыт, у доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта нам ня надта дапаможа. Бо далей новых крэдытаў ужо ніхто ня дасьць. І на наступных прэзыдэнцкіх выбарах Расея можа паспрабаваць скінуць Лукашэнку ўжо па-сапраўднаму…

У Лукашэнкі цяпер выбару практычна няма. Пагодзісься прадаць Расеі найбольш прыбытковыя вытворчасьці — страціш аднаасобны кантроль над эканомікай (а значыць, і над дзяржавай). Не пагодзісься — застанесься бяз грошай, а гэта таксама можа скончыцца стратай кантролю.

Вядома, беларусы да рэвалюцыі ня надта схільныя. Да таго ж у Лукашэнкі ёсьць вялікае войска, АМОН, спэцслужбы. Ён жа ня мог не разумець: пасадзіць у турму апазыцыйных палітыкаў — значыць нарвацца на санкцыі з боку Захаду. А не пасадзіць — дык ёсьць небясьпека, што яны тут паднімуць такую бучу, якая можа скончыцца тым, што самога Лукашэнку пасадзяць у Гааскую турму.

Жудасны красавіцкі выбух у менскім мэтро зусім не надоўга адцягнуў увагу грамадзтва ад надзённых праблем. Калі сытуацыя бліжэйшым часам ня выправіцца — усім будзе вельмі дрэнна. У такім выпадку Лукашэнку трэба пачынаць рыхтавацца да транскантынэнтальнага пералёту ў адзін канец».

Альтэрнатыва ў Аляксандра Лукашэнкі ёсьць, спадар Цімафей. Яму ўвесь час нагадваюць пра яе і заходнія палітыкі, і беларуская дэмакратычная апазыцыя. Вызваленьне палітвязьняў, дэмакратычная выбарчая сыстэма, свабодная прэса, рынкавыя рэформы ў эканоміцы… І хоць сёньня краіна стаіць практычна на мяжы эканамічнай бездані, Лукашэнка на гэтую альтэрнатыву наўрад ці пагодзіцца. Чаму? Бо гэтыя перамены пагражаюць рэжыму ягонай аднаасобнай улады. Мінулай восеньню ён назіраў, як нават праз зусім крыху прачыненыя шлюзы галоснасьці грамадзтва пачало імкліва мяняцца, як затрашчалі падмуркі таталітарызму, якія так старанна ён умацоўваў усе апошнія 17 гадоў. Таму ўжо ў першую ж ноч пасьля выбараў усе тыя шлюзы былі старанна задраены, апанэнты кінуты ў турмы, усялякія размовы пра рэформы спынены.

Лукашэнка добра памятае, як у эканамічна аслабелых Савецкім Саюзе ці Польшчы Гарбачоў і Ярузэльскі пачыналі з эканамічных рэформаў, дэмакратызацыі і галоснасьці — і ў выніку вельмі хутка страцілі ўладу. Ён для сябе такой будучыні ня хоча. Праўда, Гарбачоў і Ярузэльскі сёньня спакойна жывуць у сваіх краінах, езьдзяць па сьвеце, пішуць кнігі і чытаюць лекцыі. А што сталася, напрыклад, з румынскім дыктатарам Чаўшэску, які любымі спосабамі імкнуўся не дапусьціць рэформаў і ўтрымаць свой народ у жалезных абцугах дыктатуры?..


Аўтар наступнага ліста, Васіль Завадзкі з Маладэчна, таксама ўстрывожаны і заклапочаны тым, што адбываецца ў эканоміцы Беларусі. У сваім лісьце на «Свабоду» слухач піша:

«З прыходам ва ўрад спадара Мясьніковіча мы зажылі — усе наўкол толькі зьдзіўляюцца. Па жыцьцёвым узроўні абганяем, напэўна, толькі Паўночную Карэю ды Самалі. Цэны на харчаваньне, бытавую тэхніку (ды практычна на ўсе тавары) зьдзіўляюць кожны дзень. Тэмпы такія, што ў нашых кашальках хутка не застанецца ні граша. А зарплаты ды пэнсіі не растуць…

Затое ганарымся „лініяй Сталіна“, рыхтуем чарговы пампэзны парад на 3 ліпеня… Каго хочам зьдзівіць ці напалохаць?

З горыччу думаю: няўжо недалёка той час, калі нас, як паўночных карэйцаў, пагоняць на дэманстрацыі з нагоды чарговай гадавіны прыходу да ўлады нашага незьмяняльнага правадыра? І мы, галодныя, але вясёлыя, будзем крычаць здравіцы, праходзячы ля трыбуны з мудрым кіраўніцтвам. Вось як шчасьліва мы зажывем…

Мы ж ужо забыліся, як стаялі ў чэргах па ўсё, што патрэбна для жыцьця, — ад кілбасы да чаравікаў. Пры камуністах дастаць патрэбны тавар (асабліва якасны) можна было толькі „па блату“. Няўжо ўсё тое вяртаецца?».

Цяперашнія эканамічныя рэаліі — вынік кіраўніцтва зусім не Міхаіла Мясьніковіча, спадар Васіль. Прэмьер-міністар у Беларусі — пасада зусім не самастойная, залежная. Ня ён прызначае міністраў, ня ён вызначае палітычны і эканамічны курс дзяржавы. У пэўным сэнсе выпадковасьць тое, што востры валютны крызіс у Беларусі распачаўся якраз тады, калі Мясьніковіч быў прызначаны на гэтую пасаду. У рэальнасьці ўсе перадумовы для гэтага крызісу былі створаныя значна раней, калі ўлады напампоўвалі эканоміку нічым не забясьпечанымі грашыма, калі бралі за мяжой шматмільярдныя крэдыты і адмаўляліся распачынаць эканамічныя рэформы. Крызіс мог пачацца яшчэ летась, але напярэдадні выбараў улады любой цаной утрымлівалі беларускі рубель ад абвальнага падзеньня, каб забясьпечыць сабе перамогу.


Наш даўні слухач і аўтар Кастусь Сырэль зь мястэчка Ўшачы, што пад Полацкам, свой новы ліст у рэдакцыю напісаў пасьля таго, як прачытаў на сайце «Свабоды» паведамленьне пра нядаўні зьезд партыі «Справядлівы сьвет» (так цяпер называецца колішняя апазыцыйная Партыя камуністаў, якой кіруе Сяргей Калякін). Кастусь Сырэль, разважаючы пра дзейнасьць гэтай партыі, піша:

«На мой погляд, тактычна калякінцы пакуль што дзейнічаюць разумна, абачліва і асьцярожна, і таму атрымалі перавагу ў параўнаньні зь іншымі партыямі і рухамі. Яны зьмянілі назву партыі, усьведамляючы, што адыёзнае слова „камуністычная“ і тое, што зь ім зьвязана, у сучасным сьвеце не дадае партыі аўтарытэту. Ня рынуліся на выбары ў беспэрспэктыўную бойку з уладай. Не пайшлі на Плошчу (тым самым пазьбеглі відавочнай правакацыі і зьбераглі людзей дзеля выступу ў вырашальны момант). Партыя „Справядлівы сьвет“ можа адыграць ролю „засаднага палка“ ў Кулікоўскай бітве, калі адчуе рэвалюцыйную сытуацыю (а яна набліжаецца) і ў самы крытычны момант рашуча выступіць з самымі актуальнымі і зразумелымі большасьці лёзунгамі.

Пры ўсёй павазе і да роднай мовы, і да беларускіх культурных каштоўнасьцяў, гэта — ня тыя лёзунгі, якія павінны быць выкарыстаныя ў такі момант. Гэта будзе потым, пазьней, пасьля перамогі. А сёньня актуальныя іншыя лёзунгі: „Свабоду прадпрымальніцтву!“, „Далоў кантрактную сыстэму!“, „Свабоду нявінна асуджаным!“, „Вярніце нам нашу зарплату!“, „Свабоднай краіне — свабодныя і сумленныя выбары!“, „Сілавікі! Абараніце НАС, а не ЯГО!“. Ды іншае прыкладна такога кшталту. Узгадайце лёзунгі рэвалюцыі 1917-га: „Зямля — сялянам“, „Фабрыкі — рабочым“, „Мір — народам“ — проста і зразумела ўсім і не выклікала нэгатыўнай рэакцыі з боку большасьці.

Калі калякінцы не наробяць памылак, то мне, магчыма, можна будзе ганарыцца тым, што я вучыўся зь Сяргеем Іванавічам у адной ВНУ (хоць на розных факультэтах і я на год раней)».

Сацыялістычныя лёзунгі «левых» палітыкаў заўсёды былі папулярныя ў посткамуністычнай Беларусі, якая дагэтуль вельмі хваравіта разьвітваецца з ілюзіямі савецкай эпохі. А цяпер, падчас вострага эканамічнага крызісу, заклікі да сацыяльнай справядлівасьці і абароны бедных ды абяздоленых тым больш знаходзяць масавую падтрымку ў грамадзтве. Іншая справа, што ва ўмовах сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці палітычныя партыі пастаўлены ў такія ўмовы, што маюць вельмі няшмат магчымасьцяў уплываць на ўладу. Як вядома, ніводнага апазыцыянэра ў Палаце прадстаўнікоў няма, і вельмі малая верагоднасьць таго, што пры цяперашняй выбарчай сыстэме нехта з прадстаўнікоў апазыцыі можа туды трапіць.


І на заканчэньне — ліст ад нашага даўняга сябра Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну — з апошнімі вясковымі навінамі і назіраньнямі. Слухач піша:

«Нядаўна ў нашай вёсцы сабралі ўсіх алькаголікаў і абвясьцілі: „Будзеце працаваць, пойдзеце ў лячэбна-працоўны лягер. Там з вас усю дурноту выб’юць“.

Кажуць, у Нямеччыне пры Гітлеру нешта падобнае было. Лукашэнка абвясьціў, што трэба браць прыклад з Андропава. Паглядзім, што атрымаецца. У Андропава дык неяк ня надта каб атрымалася. Можа, не пасьпеў…

Людзі радуюцца, што пэнсію хутка паднімуць. А чаго радавацца, калі цэны даўно абагналі тое падвышэньне? І навошта хваліцца, калі рэальна ў людзей сталі меншымі і пэнсіі, і заробкі…

Я вось днямі зайшоў у краму. Запалкі на паліцы — па 700 рублёў. І якраз падвезьлі новую партыю. Такія самыя запалкі — але ўжо па тысячы. І што гэта за запалкі? Толькі кожная сёмая загараецца адразу — такая якасьць. Вось пры паляках і немцах тая ж пінская фабрыка вырабляла зусім іншы тавар. Запалку можна было раскалоць на 6 частак — і рэдка якая з гэтых расколінак давала збой. Людзі былі ашчадныя і выкарыстоўвалі гэта. І пры саветах пінская фабрыка вырабляла запалкі значна лепшай якасьці. Вось у мяне запалкі 1990-га году выпуску. І нічога, ня страцілі сваіх уласьцівасьцяў — гараць добра».

Ну, спадар Павал, калі вы запалак яшчэ ў 90-м годзе на дваццаць год наперад назапасілі — значыць, традыцыі беражлівасьці і ашчаднасьці ў нас жывуць і квітнеюць. А ўлады ўсё зьдзіўляюцца ды абураюцца: чаму гэта людзі кінуліся раскупляць цукар, соль, воцат, алей, бытавую тэхніку, будматэрыялы… Ды таму і кінуліся, што добра памятаюць, як вымушаны былі дзяліць кожную запалку на шэсьць частак. І не без падстаў пабойваюцца, што цяжкія часіны ў любы момант могуць вярнуцца.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG