Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі створана новая кааліцыя апазыцыйных арганізацый і ініцыятыў


Кастусь Жукоўскі, гомельскі актывіст
Кастусь Жукоўскі, гомельскі актывіст
Прадстаўнікі зарэгістраванай у Чэхіі моладзевай арганізацыі "Малады фронт", грамадзянскіх ініцыятыў "Плошча-2010", "Эўрапейская Беларусь" і аргкамітэту руху салідарнасьці "Разам" аб'ядналіся ў Гомелі ў кааліцыю "Наша альтэрнатыва".

Паводле слоў аднаго з удзельнікаў арганізацыйнага сходу 28 траўня, прадстаўніка аргкамітэту руху "Разам" Кастуся Жукоўскага, галоўная і доўгатэрміновая мэта кааліцыі — вяртаньне Беларусі на дэмакратычны шлях разьвіцьця, пастаянная праца з насельніцтвам, выпрацоўка праграмы рэформ. Мэта на найбліжэйшы час — правесьці мітынг "супраць татальнага збядненьня". Жукоўскі мае намер на наступным тыдні падаць заяўку на правядзеньне акцыі ў Гомелі.

"Ужо сёньня ўзрастае сацыяльная напружанасьць, пад пагрозай незалежнасьць краіны. Але не чутно такіх патрэбных сацыяльных лёзунгаў. А ў гэты час чутныя прапановы канцэнтрацыі дэмакратычных намаганьняў на восень. Але восені чакаць нельга. Наша кааліцыя заклікае далучыцца да ўсіх, хто за перамены сёньня", — растлумачыў актывіст.

Ён выказаў меркаваньне ўдзельнікаў новай кааліцыі аб неабходнасьці спыніць варожасьць паміж рознымі палітычнымі арганізацыямі, кансалідавацца і працаваць сумесна дзеля вяртаньня Беларусі на дэмакратычны шлях разьвіцьця.

Члены кааліцыі прынялі рэзалюцыю з патрабаваньнем вызваленьня ўсіх палітычных зняволеных, адстаўкі "прэзыдэнцкай вэртыкалі" разам з кіраўніком дзяржавы, які, зыходзячы з тэксту рэзалюцыі, "пабудаваў нежыцьцяздольную сыстэму кіраваньня краінай, што прывяло да эканамічнага каляпсу". Актывісты патрабуюць правядзеньня неадкладных эканамічных і палітычных рэформ.

У Гомельскай вобласьці ўжо дзейнічаюць дзьве апазіцыйныя кааліцыі — Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы (АДС) і Саюз дэмакратычных арганізацый (СДА).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG