Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт – за адрасныя эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі


12 траўня ў Страсбуры дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту абмеркавалі сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Прынятая рэзалюцыя, у якой Эўрапарлямэнт заклікае кіраўніцтва Зьвязу пашырыць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, улучна з увядзеньнем адрасных эканамічных санкцыяў.

У прэамбуле рэзалюцыі адзначаецца факт, што выбары ў Беларусі скончыліся арыштам сямі прэзыдэнцкіх кандыдатаў і каля 600 грамадзянаў, згадваюцца ўжо вынесеныя прысуды актывістам выбарчых штабоў дэмакратычных кандыдатаў і ўдзельнікам Плошчы, у прыватнасьці падаюцца імёны першых асуджаных (Аляксандра Атрошчанкава, Мікіты Ліхавіда, Васіля Парфянкова, Эдуарда Лобава і інш.)

У тэксьце выказваецца шкадаваньне з нагоды перасьледу палітычных апанэнтаў у краіне і нагнятаньня атмасфэры страху, адсутнасьці павагі да асноўных правоў і свабод чалавека. Рэзалюцыя таксама характарызуе справы аб масавых беспарадках як палітычна матываваныя і сумнеўныя, адзначаючы, што ў іх расьсьледаваньні не хапала аб’ектыўнасьці. Абвінавачаньні, высунутыя супраць былых кандыдатаў у прэзыдэнты рэзалюцыя характарызуе як неправавыя і непрымальныя.

Рэзалюцыя Эўрапарлямэнту ўтрымлівае зварот да Эўракамісіі, Рады Эўразьвязу, вярхоўнага камісара і партнэрскіх краінаў Эўразьвязу з заклікам пашырыць санкцыі супраць беларускага рэжыму, у тым ліку ўвесьці адрасныя эканамічныя санкцыі.

Рэзалюцыя заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць арыштаваных удзельнікаў пасьлявыбарчых пратэстаў і зьняць зь іх усе абвінавачваньні. Аўтары дакумэнту таксама заклікаюць беларускія ўлады спыніць працэс закрыцьця незалежных газэт “Наша ніва” і “Народная воля”, вызваліць з-за кратаў журналіста Андрэя Пачобута.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG