Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 траўня Эўрапарлямэнт абмяркуе сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі


Як паведамляе прэс-служба Эўрапарлямэнту, дэбаты адбудуцца ў рамках сэсіі, якая праходзіць з 9 па 12 траўня ў Страсбуры. Па выніках абмеркаваньня эўрадэпутаты прымуць рэзалюцыю.

20 студзеня Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю, у якой асудзіў жорсткія рэпрэсіі ў Беларусі ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў і заклікаў Раду Эўразьвязу правесьці незалежнае расьсьледаваньне падзеяў пад эгідай АБСЭ.

Эўрапарлямэнт таксама заклікаў кіраўніцтва ЭЗ неадкладна ўвесьці санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў, датычных да рэпрэсій падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Санкцыі павінны дзейнічаць да безумоўнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

Паралельна Эўрапарлямэнт заклікаў Раду ЭЗ аблегчыць працэдуру атрыманьня віз для беларускіх грамадзян, павялічыць падтрымку грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ.

Эўрадэпутаты таксама заклікалі байкатаваць правядзеньне буйных спартыўных спаборніцтваў на тэрыторыі Беларусі, у прыватнасьці чэмпіянат сьвету па хакеі 2014 году.

10 сакавіка была прынятая яшчэ адна рэзалюцыя Эўрапарлямэнту, якая асуджае прымяненьне катаваньняў адносна затрыманых па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня.

Эўрадэпутаты выступілі з асуджэньнем створанай у краіне "атмасфэры страху, рэпрэсій і перасьледу грамадзянскай супольнасьці і СМІ" – ператрусаў у рэдакцыях і кватэрах журналістаў і актывістаў НДА, выключэньняў з ВНУ і звальненьняў з працы паводле палітычных матываў. Эўрапарлямэнт таксама заклікаў улады стварыць умовы для свабоднага выказваньня меркаваньняў і свабоды СМІ ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG