Лінкі ўнівэрсальнага доступу

К. Більт: "Мне падаецца, што Масква ня будзе выцягваць Лукашэнку»


Карл Більт
Карл Більт
Сёньня ў Польскім інстытуце міжнародных адносін у Варшаве адбылася сустрэча экспэртаў, палітыкаў і дыпляматаў, прысьвечаная вынікам эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва. паведамляе "Эўрарадыё".

«Эўрарадыё» працытавала выступ на нарадзе швэдзкага міністра замежных справаў Карла Більта:

"Ва "Усходнім партнэрстве" істотна, каб мы трымаліся прынцыпу "больш за больш" і "менш за менш" - калі хтосьці ідзе на рэформы, то ён мае больш падтрымкі і магчымасьцяў, і наадварот. Гаворачы пра "менш за менш", маем відавочны прыклад – Беларусь. Асоба, якая прымае рашэньні ў Менску, выбрала шлях у іншым накірунку, нават не ісьці, а падаць уніз. І гэта адпаведна адбілася на нашых магчымасьцях дапамагаць з рэформамі і інтэграцыяй Беларусі ў эўрапейскую супольнасьць. Гэта эўрапейская краіна, у якой, аднак, аўтарытарны рэжым, а гэта несумяшчальна. Я думаю, гэта зьменіцца - і нашая прапанова ляжыць на стале ў Менску. Адначасна мы выразна кажам, што для нас недапушчальна: палітычныя вязьні, палітычны перасьлед, які мы бачым сёньня."

Міністар падкрэсьліў, што хоць пасьля рэвалюцыяў у Эгіпце і Тунісе, а таксама канфлікту ў Лібіі, вялікая доля ўвагі эўрапейцаў скіраваная менавіта на поўдзень, гэта не азначае, што справа ўсходніх суседзяў адыдзе на другі плян:

"Тое, што адбываецца на Поўдні, у пэўным сэнсе, дамінуе ў сфэры эўрапейскай зьнешняй палітыкі - і так будзе яшчэ некаторы час. Але ці азначае гэта, што нашы партнэры з Усходу зьнікнуць з прыярытэтных пазыцый? Я так не лічу. Наадварот. Мне падаецца, што эўрапейскія палітыкі ўсьвядомяць: тое, як мы праводзім палітыку суседзтва, адыгрывае адну з ключавых роляў у пытаньні нашай бясьпекі".

Пры гэтым сп. Більдт ня лічыць мэтазгодным увядзеньне агульных эканамічных санкцый адносна Беларусі:

"Кропкавыя эканамічныя санкцыі - так. Але цяпер адна з галоўных праблем, зь якой сутыкнулася краіна, - гэта вельмі, вельмі вялікі эканамічны хаос. Гэта было б ня так страшна, калі б Беларусь мела інвэстараў, замежных партнэраў, была надзейнай для крэдытаваньня краінай і магла б атрымаць грошы пад разумны адсотак. Я ня мушу тлумачыць, што пра апошняе можна забыцца, бо хто хоча ўкладаць грошы ў Лукашэнку? Ніхто! Кіраўніцтва Беларусі спадзяецца, што Масква іх цяпер выцягне. Але, мне падаецца, Масква ня зробіць гэтага. Напэўна і ў далейшай пэрспэктыве. Бо ніхто, яшчэ раз падкрэсьлю, ня хоча ўкладаць грошы ў чорную дзірку, якой зьяўляецца Беларусь. Ніхто - ці то з захаду, ці то з усходу. Неўзабаве ў Лукашэнкі не застанецца варыянтаў - ён будзе вымушаны зьвярнуцца па дапамогу да міжнародных інстытутаў. ЗША ня могуць дапамагаць Беларусі з-за прынятых там дакумэнтаў. Застанецца толькі Эўропа. І мы паставім вельмі жорсткія ўмовы і пільна прасочым за паводзінамі ўладаў. Беларусь у вельмі, вельмі адчайным эканамічным становішчы. Апроч таго, я перакананы, што ўвядзеньне агульных эканамічных санкцый перадусім адбілася б на звычайных людзях".

Паўстала і пытаньне аб правядзеньні ў Беларусі чэмпіянату сьвету па хакеі. Цікава, што прагучала яно ад прадстаўніцы фінскай амбасады ў Польшчы:

"Чаму б нам не паспрабаваць штосьці крэатыўнае, як, напрыклад, хакейная дыпляматыя? Магчыма, мы маглі б пазбавіць Беларусь чэмпіянату сьвету па хакеі? Можа, гэта было б адчувальна, бо кажуць, што Аляксандар Лукашэнка - вялікі энтузіяст гэтага спорту".

Карл Більдт пра гэта выказаўся так:

"У мяне закрадваюцца падазрэньні, што Фінляндыя хоча проста сама правесьці гэты чэмпіянат. Калі сур'ёзна, я ня вельмі веру ў спартовую дыпляматыю. А нават калі б гэта магло аказаць узьдзеяньне, то ня я такое рашэньне магу прыняць, а Міжнародная фэдэрацыя хакею. Але калі яны вырашаць адмяніць мерапрыемствы ў Менску, я дакладна ня буду тым, хто будзе моцна супраціўляцца такому рашэньню".

Тая самая супрацоўніца амбасады Фінляндыі задала паўрытарычнае пытаньне: "Колькі яшчэ на мапе Эўропы будзе чырвоная пляма рэжыму Лукашэнкі?"

Більдт на гэта адказаў: "Некалькі рэчаў абсалютна дакладныя: да гэтага часу кожны чалавек быў сьмяротны. І я ня думаю, што Лукашэнка стане першым, хто будзе жыць вечна. Таму, напэўна, надыдзе момант, калі Беларусь будзе постлукашэнкаўскай. Я не гатовы адказаць, адбудзецца гэта заўтра ці празь дзесяць гадоў. Але я дакладна ведаю адно: мы мусім быць гатовыя да гэтага моманту, каб дапамагчы ў пераходны пэрыяд з рэформамі эканомікі, палітычнай сыстэмы, пераходу да іншай сыстэмы каштоўнасьцяў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG