Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд Дашкевічу і Лобаву: «хуткі, суровы і несправядлівы»


Судзьдзя Маскоўскага раённага суду Менску Алена Шылько сёньня вынесла вырак двум лідэрам «Маладога фронту», якія 18 сьнежня мінулага году нібыта пабілі двух беспрацоўных мінакоў. Зьмітра Дашкевіча асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Эдуарда Лобава, які ў часе інцыдэнту меў з сабою манціроўку, пакаралі 4 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму.



Асуджаныя заявілі на працэсе, што не вінаватыя і што сталі ахвярамі правакацыі, учыненай на загад уладаў за дзень да выбараў. Суд хаваў пацярпелых Савіцкага і Малышава ад вачэй публікі ў суседнім з судовай заляй пакоі і не прыслухаўся да сьведчаньняў, што менавіта яны распачалі бойку.

Судзьдзя Алена Шылько сьпяшалася. Два дні яна вяла паседжаньні да 8 вечара, ня робячы перапынкаў нават на тое, каб прысутныя схадзілі ў прыбіральню. Усе хадайніцтвы адвакатаў аб правядзеньні дадатковых працэдур, аб поўным высьвятленьні абставін справы і асабліва аб высьвятленьні асобаў дзіўных пацярпелых, якіх хавалі ад вачэй публікі, судзьдзя Шылько адхіляла, дэманструючы прыхільнасьць да абвінаваўчага боку. Увесь прысуд палітвязьням судзьдзя Шылько таксама чытаць адмовілася, скорагаворкай агучыўшы толькі яго рэзалютыўную частку:

«…Прызначыць Дашкевічу пакараньне ў выглядзе пазбаўленьні волі тэрмінам на 2 гады з адбываньнем у калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму… Эдуарду Лобаву прызначыць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 4 гады з адбываньнем пакараньня ва ўмовах калёніі ўзмоцненага рэжыму».

Суровы вырак прысутныя ў судовай залі сустрэлі выгукамі «Жыве Беларусь!», але ў многіх з родных і сяброў падсудных на вачах былі сьлёзы. Адвакаты Мар’яна Сямешка і Алена Аўсянікава цягам працэсу дзясяткі разоў зьвярталі ўвагу суду на памылкі ў дакумэнтах, на недакладнасьці, на тое, што сьведкі адмаўляліся ад паказаньняў. Судзьдзя, аднак, іх так і не пачула. Цяпер адвакаты выглядалі стомленымі і расчараванымі. Камэнтаваць прысуд яны ветліва адмовіліся.
Я маю надзею на дапамогу Эўразьвязу

Бацькі асуджаных казалі, што ў цяперашняй Беларусі і не разьлічвалі на справядлівы вырак. Пры гэтым яны цьвёрда выказвалі падтрымку сваім дзецям і іх перакананьням, заяўлялі, што будуць змагацца за іх вызваленьне.

Маці Эдуарда Лобава Марына пасьля вынесенага сыну жорсткага прысуду заявіла, што перш за ўсё спадзяецца на падтрымку міжнароднай супольнасьці, бо віна яе сына ў працэсе ніяк даведзеная не была:

«Я маю надзею на дапамогу Эўразьвязу, што ён учыніць нейкае ўзьдзеяньне і наставіць на розум нашую ўладу, і ў рэшце рэшт усе палітычныя вязьні будуць адпушчаныя, у тым ліку і мой сын».

Айчым палітвязьня Юры Якубоўскі заявіў, што ганарыцца сваім сынам і што ў сям’і заўсёды падтрымлівалі ягоныя перакананьні:

«Мы зь ім цалкам салідарныя і з усімі іншымі актывістамі апазыцыі. Тая сваволя, якая творыцца ў Беларусі, недапушчальная».
Ім мала было, каб мой сын быў палітычным вязьнем, яны захацелі зрабіць яго крымінальнікам

Так званым пацярпелым Юры Якубоўскі сказаў бы наступнае :

«Будуць яны жыць з гэтым усё жыцьцё. Няхай, калі яны абралі такі шлях, хай ідуць. Але як яны будуць глядзець сваім дзецям у вочы?»

Вячаслаў Дашкевіч таксама перакананы ў тым, што ўлады ўчынілі над ягоным сынам Зьмітром палітычную расправу:

«2 гады — гэта шмат. Прытым ні за што. Ім мала было, каб мой сын быў палітычным вязьнем, яны захацелі зрабіць яго крымінальнікам. Які зь яго крымінальнік і хуліган? Ён мухі не пакрыўдзіць, ён глыбока веруючы чалавек, а біцьцё, па Бібліі, — вялікі грэх. Ён ня можа ні на каго ўзьняць руку, хіба толькі ў абарону».

Зьміцер Дашкевіч: "Адсядзім!"
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:25 0:00
Наўпроставы лінк


На прыступках суду пасьля абвяшчэньня выраку Дашкевічу і Лобаву колам сталі сябры пратэстанцкай царквы «Ян Прадвесьнік», да якой належыць і Зьміцер. Пастар Антоні Бокун адчытаў малітву за ўмацаваньне духу палітвязьняў. «Самае лепшае сваё віно Госпад трымае ў сырых падвалах», — сказаў пастар.

«Госпад, зараз, у гэты час, мы прыносім Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава і просім цябе: давай ім сваё пацяшэньне і сваю падтрымку».
Несправядлівасьць караецца двума шляхамі: у гэтым жыцьці і ў жыцьці вечным.

Пастар Бокун перакананы, што як добры вернік Дашкевіч ня мог кагосьці ўдарыць, асабліва ў тых умовах, якія былі 18 сьнежня 2010 году. Прысуд Дашкевічу і Лобаву пастар Бокун назваў «абсалютнай несправядлівасьцю»:

«Несправядлівасьць караецца двума шляхамі. Па-першае, у гэтым жыцьці, па-другое, у жыцьці вечным. Той чалавек, які робіць несправядлівасьць, ён прыносіць пракляцьце і ў сваё жыцьцё, і ў жыцьцё сваіх родных, блізкіх. Увогуле, там, дзе адбываецца несправядлівасьць, туды прыходзіць Божы суд. І па-другое, тых людзей, якія робяць несправядлівасьць, як сказаў Ісус Хрыстос, чакае геена вогненная».

Актывісты Маладога фронту Наста Палажанка і Мікола Дземідзенка заявілі на прыступках суду, што рэпрэсіямі іх не спыніць, што зьняволеньне лідэраў не перашкодзіць іх апазыцыйнай дзейнасьці, а толькі кансалідуе яе і актывізуе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG