Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барозу ня хоча бачыць Лукашэнку ў Кіеве. Будзе Мясьніковіч


На канфэрэнцыі ў Кіеве, прысьвечанай 25-гадавіне чарнобыльскай катастрофы, Беларусь будзе прадстаўленая прэм'ер-міністрам. На імя кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі атрымана запрашэньне на ўдзел у канфэрэнцыі.

Пра запрашэньне на імя кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі БелаПАН паведаміў кіраўнік прэс-службы прэзыдэнта Павал Лёгкі.

"Безумоўна, Беларусь будзе прымаць удзел, але на якім узроўні яна будзе прадстаўлена, стане зразумела крыху пазьней", — сказаў Лёгкі.

Пры гэтым, паводле Лёгкага, беларускі бок "зусім не цікавяць умовы", на якіх згодны ўзяць удзел у канфэрэнцыі кіраўнік Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу.

Раней украінскае інфармацыйнае агенцтва УНІАН са спасылкай на крыніцу ў Эўракамісіі ў Брусэлі паведаміла, што адзіная ўмова ўдзелу ў канфэрэнцыі, якую вылучае Барозу, — адсутнасьць на мерапрыемстве прэзыдэнта Беларусі. "Гэта галоўная ўмова", — сказаў прадстаўнік Эўракамісіі, адзначыўшы, што афіцыйны Кіеў пакуль не паведамляў, ці плянуецца ўдзел Лукашэнкі ў канфэрэнцыі.

У той жа час на афіцыйным сайце Міністэрства надзвычайных сытуацый Украіны, якое выступае адным з арганізатараў мерапрыемства, разьмешчаны праект праграмы правядзеньня канфэрэнцыі. Згодна зь ім, з прывітальным словам на форуме павінны выступіць прэзыдэнты Ўкраіны, Беларусі і Расеі Віктар Януковіч, Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітрый Мядзьведзеў, а таксама генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун, генэральны сакратар Рады Эўропы Турб'ёрн Ягланд, кіраўнік Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу, генэральны дырэктар МАГАТЭ Юкія Амано.

Паводле Інтэрфаксу, канфэрэнцыю, прысьвечаную 25-й гадавіне чарнобыльскай катастрофы, ва Ўкраіне адкрые старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу.

Як паведаміў журналістам 17 сакавіка кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Сяргей Левачкін, Расея і Беларусь будуць прадстаўленыя прэм'ер-міністрамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG