Эўрапейскі Зьвяз павінен разгледзець пытаньне аб увядзеньні "вельмі мэтанакіраваных эканамічных санкцый "у дачыненьні да Беларусі ў сувязі з апошнімі "жудаснымі падзеямі" там. Такую заяву зрабіў міністар замежных спраў Эстоніі Урмас Паэт у Рызе пасьля перамоваў са сваім латвійскім калегам, Гіртсам Валдзісам Крыстоўскісам, паведамляе нямецкае інфармацыйнае агенцтва DPA.
Паэт сказаў, што санкцыі могуць быць ужытыя “да асобаў, блізкіх да рэжыму”, у тым ліку адносна кампаніяў і прадпрыемстваў, якія дапамагаюць Аляксандру Лукашэнку ўтрымлівацца ва ўладзе. "ЭЗ павінен прааналізаваць такую магчымасьць і быць гатовым да вельмі мэтанакіраваных санкцыяў ", сказаў Паэт.
Эстонія была адным з самых актыўных крытыкаў Лукашэнка, яе ацэнкі значна больш жорсткія, чым ацэнкі суседніх з Беларусьсю Літвы і Латвіі.
Эўразьвяз ужо увёў забарону на ў’езд на тэрыторыю краін Зьвязу для А.Лукашэнкі і 156 іншых беларускіх чыноўнікаў, але галасы на карысьць больш жорсткіх санкцыяў узмацніліся пасьля заяваў прадстаўнікоў беларускай апазыцыі аб тым, што іх катавалі ў турме, куды яны патрапілі пасьля спрэчных выбараў 19 сьнежня – адзначае DPA.