Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўвялі новыя санкцыі


Вашынгтон абвясьціў аб увядзеньні новых санкцыяў супраць Беларусі – у адказ на разгон пасьлявыбарчых пратэстаў 19 сьнежня ў Менску і перасьлед грамадзянскіх актывістаў.

На мінулым тыдні памочнік дзяржсакратара ЗША Філіп Гордан, выступаючы на паседжаньні камітэту Сэнату ЗША ў замежных справах, заявіў, што Белы дом абнародуе пашырэньне санкцыяў супраць афіцыйнага Менску 31 студзеня – у дзень, калі санкцыі супраць беларускіх урадоўцаў ухваляць міністры замежных спраў Эўразьвязу – каб "накіраваць аб'яднаны міжнародны пасыл" беларускім уладам.

Новыя санкцыі, уведзеныя ўсьлед за аналягічным крокам Эўразьвязу, прадугледжваюць пашырэньне колькасьці беларускіх урадоўцаў, на якіх распаўсюджваюцца візавыя і фінансавыя абмежаваньні і аднаўляе мараторый на дзелавое супрацоўніцтва зь дзьвюма філіямі канцэрну "Белнафтахім".

У заяве афіцыйнага прадстаўніка Дзярждэпартамэнту ЗША Філіпа Кроўлі гаворыцца, што Злучаныя Штаты аб'яўляюць аб увядзеньні мераў у адказ на "брутальнае здушэньне прэзыдэнтам Лукашэнкам і ўрадам Беларусі дэманстрацыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў", "непрапарцыйнае ўжываньне сілы і затрыманьне сотняў дэманстрантаў, уключаючы пяцёх кандыдатаў у прэзыдэнты, неспыняныя рэйды супраць грамадзянскай супольнасьці, СМІ і палітычных партый, закрыцьцё офісу АБСЭ ў Менску і фальсыфікацыі пры падліку галасоў".

Як паведамляе агенцтва БелаПАН, ЗША аднавілі эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да дзьвюх філіяў "Белнафтахіму" – "Полацак Шкловалакно" і "Лідзкая Лакафарба", пашырылі сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краіны. Па словах Кроўлі, уезд у ЗША будзе закрыты для тых асоб і членаў іх сем'яў, хто датычны да разгону акцыі пратэсту 19 сьнежня ў Мінску і наступных рэпрэсіяў у Беларусі.

"ЗША таксама працуюць над фінансавымі санкцыямі ў дачыненьні да шэрагу асоб і прадпрыемстваў у Беларусі. Крытэрам патрапленьня ў гэты сьпіс стане дачыненьне да дзеяньняў па задушэньні дэмакратычных інстытутаў ці парушэньні правоў чалавека з дапамогай палітычных рэпрэсій", – цытуе Кроўлі агенцтва БелаПАН.

Кроўлі падкрэсьліў, што ЗША настойваюць на неадкладным вызваленьні ўсіх затрыманых і зьняцьці зь іх усіх абвінавачаньняў, спыненьні рэпрэсій у дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ і палітычнай апазыцыі, а таксама павазе права на выражэньне палітычных поглядаў, свабоду СМІ і разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці. Па словах Кроўлі, ЗША будуць рэагаваць і будаваць сваю палітыку ў дачыненьні да Беларусі ў адпаведнасьці зь дзеяньнямі беларускага ўраду.

"Прынятыя меры не накіраваны супраць беларускага народу. Злучаныя Штаты плянуюць павялічыць сёлета як мінімум на 30% дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасьці, незалежным СМІ і дэмакратычным палітычным партыям", – сказаў Кроўлі.

Ён заявіў, што ЗША дзейнічаюць у цеснай каардынацыі з ЭЗ і іншымі партнэрамі ў дачыненьні да сытуацыі ў Беларусі і адказу на падзеі, якія адбыліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG