Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці працягвае галадоўку Статкевіч, невядома


З канца сьнежня да большасьці вязьняў, арыштаваных па справе аб падзеях пасьлявыбарнай ночы ў Менску, не дапускаюць адвакатаў. Сваякі вязьняў турмы КДБ ня маюць дакладных зьвестак нават пра іх здароўе. Тым часам генэральны пракурор Рыгор Васілевіч сёньня заявіў, што абарона вязьняў забясьпечаная.

З ізалятара КДБ прыйшлі неафіцыйныя зьвесткі, што экс-кандыдат на пасаду прэзыдэнта, вязень "амэрыканкі" Мікалай Статкевіч нібыта спыніў галадоўку пратэсту, якую ён пачаў больш за месяц таму, адразу пасьля затрыманьня 19 сьнежня.

Аднак пацьвердзіць гэтыя зьвесткі не ўдаецца ні журналістам, ні родным палітвязьня. Гаворыць жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч:

"Ня ведаю дакладна пра такое. Вельмі балючая тэма, бо яго ніхто ня бачыў з 29-га сьнежня мінулага году. Мяркую, каб ім было што паказаць, яны б ужо прыдумалі нейкія сьледчыя дзеяньні, каб паказаць яго адвакату і засьведчыць перад усім сьветам, што зь ім усё ў парадку. Але адвакат ходзіць туды штодня, як на працу, і да сёньня ніякай інфармацыі пра стан ягонага здароўя, якой я б магла давяраць, няма".

Ад Статкевіча ўвогуле няма ніякіх зьвестак: ці атрымлівае ён лісты і тэлеграмы, працягвае галадоўку або не, як пачуваецца,— невядома.

Паводле Марыны Адамовіч, якая мае мэдыцынскую адукацыю, хутка выйсьці з галадоўкі немагчыма, гэта працяглы працэс.

На мінулым тыдні стала вядома пра хваробу іншага вязьня турмы КДБ, былога кіраўніка штабу Саньнікава Ўладзімера Кобеца. Адвакат, які сустрэўся з Кобецам у "амэрыканцы", паведаміў, што ў яго бранхіт. Нядаўна жонка Кобеца Ўльяна атрымала ад яго ліст. Што вядома зараз пра стан Уладзімера?

"Калі шчыра, я не зразумела. Ён піша, што працягвае піць антыбіётыкі, а як доўга ён прымае лекі, мне незразумела. Травяныя лекі яшчэ яму перадавала — піша, што прымае таксама".

Афіцыйнай інфармацыі пра стан здароўя хворых вязьняў у ізалятары КДБ не даюць: там па-ранейшаму раяць зьвяртацца да адвакатаў. Між тым і сёньня, 24 студзеня, няма зьвестак, каб хтосьці з адвакатаў падсьледных у справе аб падзеях 19-га сьнежня сустрэўся з падабароннымі.

24 студзеня журналісты запыталі ў генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча, ці забясьпечана ў поўным аб'ёме абарона фігурантаў справы аб масавых беспарадках, якія знаходзяцца ў ізалятары КДБ. "31 сьнежня прадстаўнік пракуратуры рэспублікі наведваў у СІЗА КДБ затрыманых па гэтай справе, скаргаў не было", — адказаў Рыгор Васілевіч.

Вольга Бандарэнка, сябра грамадзкага камітэту сваякоў вязьняў "Вызваленьне" на гэта кажа, што ад 29 сьнежня з большасьцю фігурантаў справы адвакаты не сустракаліся. "Дакладна не дазваляюць сустрэч з адвакатамі кандыдатам у прэзыдэнты Някляеву, Саньнікаву, Статкевічу. Таму казаць, што права на абарону забясьпечана, — гэта зьдзек з закону", — мяркуе Вольга Бандарэнка.

Частка затрыманых у справе аб падзеях 19 сьнежня знаходзіцца ў гарадзкім сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Паводле праваабаронцы з цэнтру "Вясна" Насты Лойкі, там утрымліваюць Ільлю Васілевіча, Паўла Вінаградава, грамадзян Расеі Івана Гапонава і Арцёма Брэўса ды іншых. Праваабаронцы кажуць, што там не адзначаюць такіх праблем з абаронай, якія ёсьць у вязьняў "амэрыканкі". Галіна Пархімчык, абаронца Дзьмітрыя Буланава, кажа:

"Так, я зь ім бачылася. Адзін раз. Выклікалі на сьледчыя дзеяньні. Але больш і прычын выклікаць не было. Пачуваецца ён нармальна, ня скардзіцца".

Яшчэ некаторыя фігуранты справы 19 сьнежня знаходзяцца ў ізалятары ў Жодзіна. 5 чалавек адбываюць адміністрацыйны арышт паводле падзеяў 19 сьнежня ў ізалятары на Акрэсьціна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG