Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьвітаньне


Добрая фатаграфія — штотыднёвае эсэ пра выбраныя творы беларускага і сусьветнага фотамастацтва.


Гэтую шчымлівую фатаграфію зьняў Сяргей Шапран у чэрвені 2003 году ў час наведваньня хворага Васіля Быкава ў шпіталі ў Бараўлянах Рыгорам Барадуліным і Генадзем Бураўкіным.

Гісторыя сьмерці Васіля Быкава вядомая. Яе расказалі ў сваім кінафільме “Васіль Быкаў. Апошнія дні” Сяргей і Галіна Навумчыкі.

На здымку Шапрана адлюстраваныя апошнія дні Быкава. Гэта адзін зь вельмі трагічных здымкаў у беларускай фатаграфіі (назавем яго “Разьвітаньне”).

Разам тры вялікія беларусы. На ложку хворы Быкаў, на падлозе ля яго сядзіць Рыгор Барадулін, побач у нагах у Быкава – Генадзь Бураўкін. Яны маўчаць. Мы, здаецца, чуем гэтае цяжкае маўчаньне, і як цікае гадзіньнік і б’юцца сэрцы.

Быкаў і Барадулін глядзяць у аб’ектыў, Бураўкін задуменна ў скрусе апусьціў галаву. Балесны позірк Рыгора Барадуліна – гэта погляд разьвітаньня. І ўся карціна апошняй сустрэчы сяброў прасякнута гэтым настроем.

У цэнтры Быкаў. Ён увесь у белым – прасьціны, падушка, сівыя валасы. У яго прасьветлены твар і спакойны позірк. Яму добра разам тут з блізкімі сябрамі. Кампазыцыйна ягонае прасьветленае аблічча відаць аддалена ў пэрспэктыве здымка. І раптам, гледзячы на гэтае аблічча, пачынаеш усьведамляць яго супакоеную незвычайнасьць. Генадзь Бураўкін і Рыгор Барадулін – тут, а Васіль Быкаў (“Васілёк ты наш, Васілёк”, – чую голас Рыгора), а Васіль Быкаў “тут” і “там”. “Тут” і “там” – на мяжы сьветаў. Ён тут і глядзіць, быццам “адтуль”, у аб’ектыў спыненага імгненьня. Гэта адчуваецца ў фатаграфіі.

Шчымленьне ў душы ад таго, што разьвітаньне адбываецца ў цяжкім часе, што Быкаў адыходзіць, і застаецца цёмная ноч на Беларусі, застаецца ўся тая цёмная чэрнь, што падрыхтавала яму гэтую доўгую сьмерць.

Парваліся нябачныя ніці
І адышла ягоная прысутнасьць.
Як некалі іду.
І толькі брэх усьлед па бітым шляху,
І толькі брэх сабачы.

2003 г.

Трагізм сытуацыі, адбітай на фатаграфіі, якраз у гэтым. Бо сьмерць сама па сабе – гэта звычайна, паміраюць усе. Тут жа мы бачым ня толькі трагедыю Быкава, подла загнанага ў пастку. Гэта трагедыя нашай Бацькаўшчыны, дзе трох яе сыноў сымбалізуюць яе сюжэт.

Магчыма, гэтая фатаграфія Шапрана ўзьдзейнічае на некаторых людзей прыгнятальна, як сьведчаньне рэалізацыі намераў зла. Але ёсьць другі бок такіх эмоцыяў. Гэта якраз аспэкт трагедыі – дух і ідэя перамагаюць. Як палітык (не мастацтвазнавец) я ведаю таксама іншае: і пляніроўшчыкі, і выканаўцы яшчэ адкажуць за сьмерць Быкава. І знойдуцца людзі, якія гэтую справу давядуць да канца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG