Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За кіпучай чэкісцкай работай. 14 студзеня


Хроніка рэпрэсій. Ператрусы, затрыманьні, допыты ў КДБ і міліцыі працягваюцца ў розных гарадах Беларусі.





Віктара Калесьніка дапыталі ў Наваполацкім КДБ

13 студзеня ў даверанай асобы Саньнікава правялі ператрус, а 14-га спадара Калесьніка чатыры з паловай гадзіны дапытвалі ў будынку па вуліцы Дзяржынскага — такі сымбалічны адрас мае Наваполацкі аддзел КДБ. Віктар Калесьнік папярэдзіў, што зь яго ўзялі падпіску пра неразгалошваньне таямніцы сьледзтва, і таму падрабязнасьцяў допыту распавесьці ня можа. Але гаворка ішла пра пра падзеі 19 сьнежня ў Менску, зазначыў актывіст. На падставе артыкула 27 Канстытуцыі РБ, дзе гаворыцца пра тое, што ніхто ня мае права прымушаць грамадзяніна сьведчыць супраць сябе, спадар Калесьнік адмовіўся адказваць на большасьць пытаньняў сьледчага.


Ідэнтыфікаваны 31-ы абвінавачаны ў «масавых беспарадках»

Толькі сёньня праваабарончы цэнтар «Вясна» «ідэнтыфікаваў» прозьвішча абвінавачанага ў справе аб «масавых беспарадках». Гэта 33-гадовы Андрэй Пазьняк з Жодзіна. Ён значыцца ў сьпісе затрыманых падчас разгону акцыі на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня ў Менску, суд пакараў Андрэя Пазьняка штрафам у памеры 30 базавых велічыняў. Аднак калі пасьля навагодніх сьвятаў актывіст не зьявіўся на працу, калегі пачалі хвалявацца. У выніку высьветлілася, што Пазьняк зьмешчаны ў сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага ў Менску, яму выстаўленае абвінавачаньне ў справе аб масавых беспарадках.


У віцебскім КДБ дапыталі Ўладзіслава Варанецкага

17:35 На размову са сьледчым кіраўніка віцебскага выбарчага штабу Андрэя Саньнікава забралі з дому і пад прымусам завезьлі на службовай машыне. Уладзіслаў Варанецкі распавёў, што яго дапыталі пра падзеі ў Менску 19 сьнежня. Хлопец даў падпіску пра неразгалошваньне таямніцы сьледзтва, таму падрабязнасьцяў не паведамляў.


Калінкіну выклікалі на допыт у КДБ


16:13 Шэф-рэдактара газэты «Народная воля» Сьвятлану Калінкіну выклікалі на допыт у КДБ. Паводле галоўнага рэдактара газэты Ёсіфа Сярэдзіча, Калінкінай прывезьлі позву, і журналістка адразу накіравалася ў КДБ.

Ператрус у офісе прафсаюза РЭП


14:54
У офісе Беларускага прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці адбываецца ператрус. Тэлефон кіраўніка прафсаюза Генадзя Фядыніча і тэлефоны офіса пакуль не адказваюць.

З-за ператрусу Вольга Някляева ня трапіла на сустрэчу


14.01
Cупрацоўнікі КДБ, якія зрабілі ператрус у кватэры жонкі экс-кандыдата ў прэзыдэнты Вольгі Някляевай, нічога не знайшлі. Пра гэта Вольга паведаміла карэспандэнту "Свабоды".


Ператрус на кватэры Андрэя Шэўчыка


12:03. На кватэры прадпрымальніка, сябра кампаніі "Гавары праўду" Андрэя Шэўчыка ў Менску адбыўся ператрус. Паводле спадара Андрэя, яго правялі трое ў цывільным. У ордэры гаворыцца, што ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках.

Чарговы ператрус на кватэры Някляева


11:00. Пачаўся ператрус ў кватэры жонкі экс-кандыдата ў прэзыдэнты Вольгі Някляевай.




Ператрусы і допыты працягваюцца. Клюеў. Калесьнік. Суравец


10:22. У 7-30 у Менску пачаўся ператрус у каардынатара кампаніі “Гавары праўду” Сяргея Клюева. Да яго прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і невядомыя ў цывільным.



У чарзе на допыты – сотні ўладальнікаў мабільных тэлефонаў


5:38 Сотні абанэнтаў мабільных апэратараў VELCOM, МТС і Life выклікаюць на допыты ў міліцыю, у КДБ, каб тыя патлумачылі, што яны рабілі ўвечары 19 сьнежня на Кастрычніцкай плошчы і плошчы Незалежнасьці – маўляў, іхныя мабільнікі "засеклі" ў месцах правядзеньня акцыяў пратэсту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG