Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто біў шкло ў Доме ўраду: правакатары ці мітынгоўцы?


Былыя вязьні ізалятараў, удзельнікі падзей 19 сьнежня згадваюць тых, хто біў шкло на ўваходзе ў Дом ураду, і дзеляцца сваімі высновамі наконт гэтых людзей.

Хто тыя людзі, якія білі шкло ў дзьвярах Дома ўраду падчас мітынгу на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня? Паводле тых падзей заведзеная крымінальная справа, асобы іх удзельнікаў высьвятляюць сьледчыя. А што ведаюць і думаюць пра іх непасрэдныя ўдзельнікі мітынгу?

Рамана затрымалі на плошчы, на аўтобусным прыпынку. У аўтазаку, калі пасьля суду іх везьлі ў Жодзінскі ізалятар, ён убачыў чалавека, які адрозьніваўся ад усіх затрыманых: у даўгім паліто, з сумкай, запэцканы крывёю ад парэзу. Ноч яны правялі ў адной камэры, а потым апынуліся ў розных. Яшчэ да вызваленьня, убачыўшы ў газэце фотаздымак тых, хто біў шкло, Раман адзначыў, што сярод хуліганаў быў гэты дзіўны чалавек. Другі знаёмец Рамана сядзеў з тым чалавекам у адной камэры ўвесь тэрмін. Усе адзначылі, як паводзіў сябе ён у камэры:

Агледзеўся, знайшоў у патаемным месцы лязо. У рэчах ягоных быў кіпяцільнік.
«Ён увайшоў у камэру, як вельмі дасьведчаны ў турэмных справах чалавек. Агледзеўся, знайшоў у патаемным месцы лязо. У рэчах ягоных быў кіпяцільнік. Карацей, быццам рыхтаваўся. Потым ахоўнік-міліцыянт пра яго казаў, што ў яго было багатае крымінальнае мінулае. Мы потым бачылі яго на фатаздымках у газэтах».

Паводле Рамана, за даўгое паліто сукамэрнікі празвалі яго «ксёндз». Чалавек па мянушцы «ксёндз» распавядаў сукамэрнікам розныя гісторыі пра тое, як яго затрымалі на плошчы. «Пра яго склалася ўражаньне, што ён прыдумляе на хаду», — сказаў Раман.

У інтэрнэце «ксёндз» атрымаў іншую мянушку. Сьведкі з інтэрнэту нібыта бачылі, як ён перагаворваўся праз схаванае ў рукаве паліто прыстасаваньне і яго ў той размове называлі «даўнам». Паводле зьвестак Рамана, чалавеку па мянушцы «ксёндз» альбо «даўн» у турме паведамілі, што яго абвінавачваюць у крымінальным злачынстве — удзеле ў масавых беспарадках. Што далей зь ім сталася, Раман ня ведае.

Валянтэр Ігар сустракаў вызваленых з ізалятара на Акрэсьціна і шмат з кім размаўляў пра ўтрыманьне ў турме. Ігар кажа, што ад некалькіх сядзельцаў чуў пра падобных крымінальнікаў, якіх затрымалі на плошчы.

«Дакладна людзі казалі пра дасьведчаных крымінальнікаў. Другое — што яны былі затрыманыя падчас тых падзей і што іх перакідалі з камэры ў камэру, і яны зьнікалі з поля зроку».

А што, калі шкло білі не правакатары, а проста разьюшаныя ўдзельнікі мітынгу? Ці магло быць такое? Ільля Богдан быў затрыманы ў ліку тых, каго АМАП акружыў перад Домам ураду. Пры гэтым Ільля сам не набліжаўся да прыступак Дома ўраду, бо адразу зразумеў, што там адбываецца нейкая правакацыя. Юнак кажа:

Шмат хто запытваў: „Ну, што там? Што там? Як там? Прарваліся ці не прарваліся?“
«Ня быў паблізу, і жаданьня не было, і ў большасьці таксама, бо было зразумела, што гэта нешта цёмнае. Хаця, ведаеце, калі стаялі ў натоўпе, то шмат хто запытваў: „Ну, што там? Што там? Як там? Прарваліся ці не прарваліся?“ Гэта сьведчыць пра тое, што шмат людзей былі гатовыя сапраўды туды прарывацца. Але хто непасрэдна гэта рабіў — ня ведаю».

Паводле Ільлі Богдана, у камэры тэма біцьця шыбаў амаль не закраналася, бо ўсе вырашылі, што гэта небясьпечна. А вось Леанід Чакін згадаў, што яны на Акрэсьціна тыя падзеі актыўна абмяркоўвалі. Ад аднаго сукамэрніка Леанід пачуў пра падазронага «мітынгоўца»:

«Той казаў, што бачыў, як адзін чалавек паводзіў сябе неадэкватна. Што гэта значыць? Ён падчас біцьця шкла парэзаўся, але ўсё роўна працягваў кідацца на гэтыя дзьверы, паводзіў сябе неяк незразумела».

Паводле Сержука Мацкойця, 80–90% тых, хто біў шыбы, былі правакатары ад спэцслужбаў, астатнія — тыя, хто далучыўся да хуліганскіх дзеяньняў, паколькі іх ніхто не спыняў. Сяржук кажа, што ня бачыў ні ў кога з дэманстрантаў рыдлёвак, сякатараў для ачысткі лёду ды вялікіх кіёў. А тое, што яны ўсё ж знайшліся на плошчы, інакш, як правакацыяй, ён ня можа патлумачыць. Вось як, паводле Сяржука Мацкойця, рэагаваў Андрэй Саньнікаў на гукі разьбітага шкла:

«Калі пачалі біць шыбы, я знаходзіўся побач з Саньнікавым. Ён адразу зрэагаваў вельмі рашуча, некалькі чалавек было накіравана да Дома ўраду, каб спыніць біцьцё шкла. Але з-за шчыльнага натоўпу мы проста не дабраліся да тых дзьвярэй і таму пачалі скандаваць „Не ламайце!“. Мяркую, нас было добра чуваць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG