Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Эдуард Брокараў


Эдуард Брокараў
Эдуард Брокараў

У Горках пасьля працяглай хваробы памёр Эдуард Брокараў — журналіст, выдавец, грамадзкі актывіст. Да свайго пяцідзесяцігодзьдзя ён не дажыў два месяцы.

Эдуард Брокараў быў заснавальнікам і рэдактарам недзяржаўнай газэты «Ўзгорак». Актыўна выступаў супраць будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі. Кіраваў раённай суполкай партыі БНФ і руху БНФ «Адраджэньне». Некалькі разоў балятаваўся ў райсавет і аблсавет.

Як журналіст і публіцыст ён супрацоўнічаў з шэрагам недзяржаўных выданьняў Беларусі. У красавіку 2009 году зарэгістраваў агульнапалітычную газэту «Ўзгорак». Дамагаўся гэтага сем гадоў. Гаворыць сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Генадзь Суднік:

«У нашым вялікім Магілёўскім рэгіёне не было афіцыйна зарэгістраванай вольнай газэты. Нашыя спробы з розных бакоў ні да чога не прыводзілі. Менавіта Эдуарду гэта ўдалося зрабіць. Ён быў арганізатарам журналісцкай справы. Ён даў людзям магчымасьць жыць з распраўленай сьпінай і прыцягнуў іх да сябе, бо сама рэдакцыя — людзі, і вакол рэдакцыі — людзі».

Эдуард Брокараў быў актыўным праціўнікам будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі. Горацкі раён мог стаць месцам яе ўзьвядзеньня. У 2008 годзе Брокараў выступіў ініцыятарам стварэньня мясцовага антыядзернага руху.

«Ён практычна быў рухавіком, які ўвесь гэты працэс распачаў. Усе ягоныя матэрыялы, ідэі па барацьбе супраць АЭС, якія напрацоўваліся ў Горках, былі прыдатныя для ўсёй Беларусі. У яго ідэя была галоўная — прымусіць нашых людзей думаць, разважаць і аналізаваць, а потым прымаць рашэньні. Ён разумеў, які жах можа прынесьці радыяцыя»,— зазначае актывіст горацкай антыядзернай групы Андрэй Юркоў.

Эдуард Брокараў цярпеў на цяжкое анкалягічнае захворваньне — мэляномы скуры. Доўгі час лекаваўся. Сваёй грамадзкай дзейнасьці не прыпыняў. Быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва:

«Ён у Горках практычна аднавіў раённую суполку партыі БНФ і руху БНФ „Адраджэньне“. Такая рыса характару ў яго была, як барацьба за праўду. Ён ня толькі хадзіў у Горацкі райвыканкам дабівацца праўды, але яшчэ і ў Дрыбінскі й Мсьціслаўскі, і ў Магілёўскі аблвыканкам. Ён быў актыўны па ўсёй краіне. Для нас гэта вялікая страта. Я зайздрошчу ягонай мужнасьці», — кажа экс-кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў.

Эдуард Брокараў нарадзіўся 26 лютага 1961 году ў Горках. 31 сьнежня, яго пахаваюць. У нябожчыка засталіся сын-школьнік і дачка-студэнтка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG