Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ЦВК зьбіраецца афіцыйна прызнаць вынікі выбараў


Абскардзіць прызнаньне выбараў сапраўднымі дзейнае заканадаўства дазваляе толькі кандыдатам у прэзыдэнты. Пяцёра зь іх, як вядома, знаходзяцца за кратамі. Адзіны, хто пасьпеў перадаць заяву ў Цэнтральную выбарчую камісію — Рыгор Кастусёў:

"Да яе прыкладзеныя 38 старонак скаргаў аб непрызнаньні выбараў сапраўднымі, 363 старонкі матэрыялаў назіраньня за выбарамі і два СD-дыскі з копіямі відэа- і радыёдоказаў парушэньняў".

Дакумэнты ў ЦВК кандыдат у прэзыдэнты перадаў 22 сьнежня а 18-й гадзіне. А камісія будзе выносіць сваё рашэньне 24 сьнежня, а 12-й гадзіне.

Спэцыялісты ў галіне выбарчага заканадаўства не разумеюць: як можна за такі кароткі тэрмін разабрацца ў дэталях велізарнай аб'ёмнай скаргі? Атрымаць адказ на гэтае пытаньне ў ЦВК учора было немагчыма. Супрацоўнікі камісіі не здымалі слухавак.
ЦВК сваю задачу па "адбельваньні" дыктатара выканала і забясьпечыла працэс самапрызначэньня Лукашэнкі

Рыгор Кастусёў даручыў адстойваць свае інтарэсы на сёньняшнім пасяджэньні свайму прадстаўніку з правам дарадчага голасу ў ЦВК Алесю Лагвінцу. Прадстаўнік кандыдата кажа, што ў сваім выступе ён сканцэнтруецца на ацэнках выбараў. Аднак на аб'ектыўнасьць Цэнтравыбаркаму спадар Лагвінец не разьлічвае:

"Для ЦВК гэта будзе фармальная справа. Яна сваю задачу па "адбельваньні" дыктатара выканала і забясьпечыла працэс самапрызначэньня Лукашэнкі. Таму гэты разгляд стане чыстай фармальнасьцю".

І на папярэдніх выбарах кандыдаты ў прэзыдэнты спрабавалі дамагчыся прызнаньня іх несапраўднымі. У 2001 годзе скаргу падаваў Ганчарык. У 2006-м — Мілінкевіч і Казулін. Аднак станоўчых вынікаў гэта не прынесла.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына кажа, што скаргаў ад назіральнікаў паступіла "досыць шмат. І яны разглядаюцца ў рабочым парадку". Назіральнікі, у адрозьненьне ад кандыдатаў у прэзыдэнты, ня маюць права абскарджваць прызнаньне вынікаў выбараў.

Кандыдаты ў прэзыдэнты Алесь Міхалевіч, Уладзімер Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саньнікаў і Мікола Статкевіч, якіх затрымалі падчас акцыі 19 сьнежня, па-ранейшаму знаходзяцца ў сьледчым ізалятары КДБ. Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG