Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скаргі на выбары разгледзяць 24 сьнежня


22 сьнежня завяршыўся тэрмін падачы скаргаў на правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Рыгор Кастусёў — адзіны з кандыдатаў у прэзыдэнты, хто пасьпеў абскардзіць прызнаньне выбараў сапраўднымі. Яго заяву Цэнтральная выбарчая камісія будзе разглядаць у пятніцу, 24 сьнежня. У гэты ж дзень ЦВК мае намер і зацьвердзіць вынікі выбараў.

Аспрэчваць прызнаньне прэзыдэнцкіх выбараў сапраўднымі закон дазваляе толькі кандыдатам на найвышэйшую дзяржаўную пасаду. Пяцёра зь іх, як вядома, знаходзяцца за кратамі.

Рыгора Кастусёва сёньня а 10-й гадзіне раніцы выклікалі ў КДБ. Там ён знаходзіўся амаль восем гадзін. І першае, што зрабіў, як выйшаў з будынку Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, пасьпяшаўся ў Цэнтральную выбарчую камісію. Дакумэнты кандыдат у прэзыдэнты здаў літаральна ў апошнюю хвіліну:

«Гэта ёсьць заява. Да яе прыкладзеныя 38 старонак скаргаў аб непрызнаньні выбараў сапраўднымі, 363 старонкі матэрыялаў назіраньня за выбарамі і два СD-дыскі з копіямі відэа- і радыёдоказаў парушэньняў».

Пытаюся ў спадара Кастусёва, ці зьбіраецца ён асабіста прысутнічаць на разглядзе сваёй скаргі ў Цэнтравыбаркаме. У адказ чую:

Ня ведаю, якім будзе мой далейшы лёс.
«Ня ведаю, якім будзе мой далейшы лёс. Ніхто ў гэтым ня ўпэўнены».

Спэцыяліст у галіне выбарчага заканадаўства Сяргей Альфер не разумее, як ЦВК, маючы такую аб’ёмную скаргу, зьбіраецца 24 сьнежня афіцыйна зацьвердзіць вынікі выбараў:

«Да паседжаньня трэба ж падрыхтавацца, прагледзіць матэрыялы, вывучыць іх. Мне здаецца, што 24-га немагчыма будзе зацьвердзіць вынікі выбараў».

Спадар Альфер згадвае, што і на папярэдніх выбарах кандыдаты ў прэзыдэнты спрабавалі дамагчыся прызнаньня іх несапраўднымі. Аднак плёну гэта ня мела:

«У 2001 годзе Ганчарык падаваў скаргу. У 2006 — Мілінкевіч і Казулін. Так што не было ніводных выбараў, каб не было скаргаў».

Кандыдаты ў прэзыдэнты Алесь Міхалевіч, Уладзімер Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саньнікаў і Мікола Статкевіч, якіх затрымалі падчас акцыі 19 сьнежня, па-ранейшаму знаходзяцца ў сьледчым ізалятары КДБ. Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG