Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Эўразьвязу абмяркуе сытуацыю ў Беларусі


Рада Эўразьвязу абмяркуе сытуацыю ў Беларусі ў студзені 2011 году. Пра гэта 21 сьнежня паведаміла Мая Кацыянчыч — прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан.

"Мы звычайна абмяркоўваем сытуацыю ў тых краінах, дзе прайшлі выбары", — паведаміла Кацыянчыч.

Адказваючы на пытаньне аб тым, ці прывядуць падзеі ў Менску да перагляду палітыкі ЭЗ у дачыненьні да Беларусі, Кацыянчыч адказала, што ня можа рабіць здагадак наконт гэтага.

Кацыянчыч паведаміла, што пасяджэньне Рады ЭЗ пройдзе пад старшынствам Эштан.

20 сьнежня на падставе заключэньня міжнародных назіральнікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) і Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Эштан зрабіла чарговую заяву аб прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

"На жаль, тэндэнцыя адноснага прагрэсу ў пэрыяд выбарчай кампаніі не завяршылася празрыстым і справядлівым выбарчым працэсам, — гаворыцца ў заяве Эштан. — Асабліва сумна, што дзень галасаваньня быў азмрочаны гвалтам, якое я рашуча асуджаю. У прыватнасьці, зьбіцьцё і затрыманьне некалькіх лідэраў апазыцыі, уключаючы кандыдатаў у прэзыдэнты, непрымальнае".

Эштан нагадала пра "палітыку крытычнага ўзаемадзеяньня", у рамках якой ЭЗ прапанаваў Беларусі пашырыць двухбаковыя адносіны. Гэта палітыка, паводле слоў Эштан, залежыць ад павагі прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства закону і правоў чалавека.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG