У інтэрвію швэдзкаму радыё — Sveriges Radio — Більт адзначыў, што спадзяецца на адпаведную рэакцыю, нават нягледзячы на тое, што расейскі прэзыдэнт Мядзьведзеў назваў падзеі 19 сьнежня «ўнутранымі справамі Беларусі».
Паводле Карла Більта, «вынікі выбараў ня маюць дэмакратычнай легітымнасьці». Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Швэцыі адзначыў магчымасьці маніпуляваньня галасамі выбарцаў з боку ўладаў і спаслаўся на матэрыялы АБСЭ, згодна зь якімі на палове выбарчых участкаў падлік галасоў быў дрэнны або вельмі дрэнны.
Швэдзкі міністар таксама асудзіў празьмернае выкарыстаньне сілы беларускімі ўладамі ў ноч на 20-га сьнежня.
«Мы патрабуем неадкладнага вызваленьня лідэраў апазыцыі і іншых, якія былі арыштаваныя безь ніякіх на тое падставаў», падкрэсьліў міністар.
Карл Більт дадаў, што Стакгольм, а таксама Брусэль і Вашынгтон павінны вельмі выразна нагадаць Менску, што ягоная дзейнасьць ніяк не адпавядае ўзятым ім на сябе міжнародным абавязаньням паважаць правы чалавека.