Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Статкевіч і Дзьмітрый Вус пабывалі ў Воршы і Віцебску


У Воршы сустрэча з кандыдатамі на прэзыдэнта прайшла ў актавай залі мастацкай школы, а ў Віцебску — у інтэрнаце ліцэю прыборабудаваньня № 5.

І ў Віцебску, і ў Воршы Мікалай Статкевіч і Дзьмітрый Вус акрэсьлілі мэту свайго ўдзелу ў выбарчай кампаніі — каб «раскрыць людзям вочы», расказаць праўду пра жыцьцё ў Беларусі, у тым ліку і пра тое, як праходзяць выбары.

Адна з наведніц аршанскай сустрэчы нават прызналася, што сама некалі ўдзельнічала ў фальсыфікцыях на выбарчым участку ў адной з сярэдніх школ, расказаў Дзьмітрый Вус.

У Віцебску на сустрэчу прыйшло пад 200 чалавек. Кандыдаты няшмат распавядалі пра сябе — больш часу вырашылі аддаць на тое, каб адказаць на пытаньні.

Многія з тых, хто глядзеў тэлевыступы кандыдатаў, крыху па-іншаму ўяўлялі сабе Дзьмітрыя Вуса. Кандыдат-прадпрымальнік некалькі разоў «зрываў» воплескі, калі адказваў на пытаньні. І з залі яму нехта напісаў: «Мы лічым вас мужным чалавекам і падтрымліваем. Трымайцеся!»

На пісьмовыя пытаньні, якія перадавалі выступоўцам, адказваў і Мікалай Статкевіч. Ён зноў заклікаў рэгістравацца назіральнікамі на выбарчых участках і не хадзіць на датэрміновае галасаваньне. З залі прыходзілі і пытаньні правакацыйнага зьместу, да прыкладу, пра ранейшыя судзімасьці кандыдата. Але гэта Мікалая Статкевіча не зьбянтэжыла — ён распавёў дзьве гісторыі з свайго жыцьця, калі даводзілася такім коштам адстойваць справядлівасьць.

Аднак большасьць пытаньняў да кандыдатаў насіла канструктыўны характар: віцебскія выбарцы пыталіся пра разьвіцьцё прадпрымальніцтва, пра стасункі Беларусі з Расеяй і эўрапейскімі краінамі, пра першыя ўказы, якія варта было б выдаць новаму прэзыдэнту Беларусі.

Пыталіся людзі і пра тое, як трэба адстойваць справядлівыя вынікі выбарчай кампаніі.

«Асабіста я паўду 19 сьнежня ў 20 гадзін на Плошчу. Запрашаю тых, хто не збаіцца, пайсьці разам», — сказаў Мікалай Статкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG