Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БДУ адрэагавалі на кампанію «Саша, сыходзь!»


Belarus – street manifestation. Minsk 24nov2010
Belarus – street manifestation. Minsk 24nov2010
Студэнтку 2-га курсу філфаку БДУ Касю Давыдзік выклікалі на размову ў дэканат пасьля яе ўдзелу ў несанкцыянаваным шэсьці пад лёзунгам «Саша, сыходзь!»

Студэнтка Кася Давыдзік не адмаўляе, што брала ўдзел у акцыі «Саша, сыходзь!», якая прайшла ў Менску 24 лістапада. У той дзень на Кастрычніцкай плошчы апазыцыя ладзіла гэтак званую рэпэтыцыю агульнага збору пасьля заканчэньня выбараў. На плошчы былі кандыдаты на прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі, Уладзімер Някляеў і Мікола Статкевіч. Каб сустрэцца з кандыдатамі, прыйшло болей за тысячу выбарцаў. З плошчы вялікая група прыхільнікаў дэмакратычных зьменаў пайшла да Цэнтравыбаркаму, каб аднесьці свае патрабаваньні аб зьменах выбарчага кодэксу. Моладзь ішла з расьцяжкай «Саша, сыходзь!» Вось да гэтай калёны і далучылася Кася Давыдзік. Дзяўчына кажа, што прыйшла на плошчу, каб сустрэцца зь сябрамі, і далучылася да акцыі. Кася не выключае, што яе ўчынак можа ў выніку прывесьці да адлічэньня з унівэрсытэту. Якім чынам?

«На сэсіі могуць заваліць, лёгка. Вучуся я няблага, сярэдні бал за мінулы сэмэстар — 7,4. Але ўсё можа быць. Выключаюць у нас вельмі спакойна».

Студэнтка перакананая, што зьвесткі пра яе ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці падалі ў дэканат філфаку супрацоўнікі спэцслужбаў. Яна сама ў дэканаце бачыла здымак з шэсьця, на якім быў пазначаны яе твар, і было напісана яе прозьвішча па-расейску. На думку Касі Давыдзік, у дэканаце мусілі адрэагаваць на зьвесткі спэцслужбаў, хаця асабіста яна ня бачыць ніякага парушэньня ў тым, што ўдзельнічала ў палітычнай акцыі паводле сваіх перакананьняў.

Намесьнік дэкана філфаку Сяргей Важнік адмовіўся камэнтаваць прычыны, з якіх ён меў размову са студэнткай Давыдзік і прасіў яе напісаць тлумачальную запіску. Але сам факт такой размовы спадар Важнік прызнаў.

«Размова такая сапраўды была, я папрасіў яе напісаць тлумачальную запіску. Яна напісала, што была там зусім выпадкова».

Намесьнік дэкана спадар Важнік падкрэсьліў, што студэнка Давыдзік брала ўдзел менавіта ў несанкцыянаванай акцыі. Што да магчымага адлічэньня Касі Давыдзік, паводле спадара Важніка, гэта ад яго не залежыць: «гэта вырашае толькі рэктар унівэрсытэту».

Кандыдаты на прэзыдэнта, якія бралі ўдзел у акцыі на Кастрычніцкай плошчы 24 лістапада, кажуць, што акцыя была цалкам законнай, бо як кандыдаты яны маюць права сустракацца з выбарцамі дзе заўгодна. Удзельнікі шэсьця да Цэнтравыбаркаму, паводле кандыдатаў, рухаліся па ходніках і не заміналі транспарту. Міліцыя не прыцягвала да адказнасьці нікога з тых, хто ўдзельнічаў у акцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG