Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Беларусы маюць выбар, але ня маюць выбараў"


Кандыдаты на прэзыдэнта працягваюць паездкі па рэгіёнах. Выбарцы сустракаюцца з кандыдатамі, задаюць пытаньні, скардзяцца на дзейную ўладу, але ў магчымасьць вольных выбараў 19 сьнежня не вераць.

Наш карэспандэнт пагутарыў зь людзьмі, якія у Воршы прыйшлі на сустрэчу з апазыцыйным кандыдатам Віталём Рымашэўскім.

У фае залі Аршанскай дзіцячай мастацкай школы, дзе ўчора ўвечары прайшла сустрэча з кандыдатам ад БХД Віталём Рымашэўскім, акурат напярэдадні перадвыбарчага сходу павесілі плякат з партрэтамі ўсіх 10 кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах. Выбаршчыкі, якія прыйшлі на сход, прыглядаліся да іх твараў, чыталі біяграфіі, абмяркоўвалі.

Яўгенія Казлова, аршанская актывістка КХП БНФ, кажа, што зьбіраецца зрабіць выбар паміж Рыгорам Кастусёвым і Віталём Рымашэўскім:

"Я ведаю, што праграма ў Кастусёва добрая, самае галоўнае – адраджэньне Беларусі. Тут і эканоміка асьвятляецца, і сацыяльныя праблемы. Выбіраю паміж ім і Рымашэўскім. Беларуская мова ў апошняга цудоўная, асьвечаны, але праграма ў яго недасканалая".

Спадарыня Казлова лічыць байкот, за які агітуе кіраўніцтва яе партыі, нерэальным і неэфэктыўным, галасаваньне на выбарах за апазыцыйных кандыдатаў дае магчымасьць паказаць свой пратэст супраць дзейнага кіраўніка краіны, мяркуе яна. У тое, што хтосьці з апазыцыі можа перамагчы ў цяперашніх умовах, спадарыня Казлова не верыць.

Улада ня хоча дапускаць дэмакратычных людзей да падліку галасоў
Кіраўнік Аршанскай суполкі БХД Юры Нагорны кажа, што ўсе апазыцыйныя актывісты гораду працуюць ў гэтай кампаніі разам, не адасабляюцца ў залежнасьці ад таго, якога кандыдата яны цяпер прадстаўляюць. Кандыдатаў цяпер шмат, выбар багаты, галасаваць ёсьць за каго, але рэальных выбараў у краіне няма, кажа спадар Нагорны, бо ў Воршы толькі шэсьць дэмакратаў трапілі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі:

"Улада ня хоча дапускаць дэмакратычных людзей да падліку галасоў. А калі баіцца, ня хоча, то, зразумела, які вынік будзе. Хаця хацелася б іншага".

У аршанскую суполку незарэгістраванай партыі Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі ўваходзіць 22 чалавекі, кажа спадар Нагорны, учора пасьля сходу Рымашэўскага, анкеты на ўступ запоўнілі яшчэ тры чалавекі, а дзесяць запісаліся ў назіральнікі на гэтых выбарах.

Адзін з такіх – пэнсіянэр Віктар Антонавіч, як кажа, што да такога кроку яго падштурхнуў выступ Аляксандра Лукашэнкі на Ўсебеларускім сходзе:

"Мне сорамна за Лукашэнку. 16 гадоў ва ўладзе. Навошта табе зноў лезьці? Ну хопіць, пабыў ужо, хай маладыя камандуюць. А ён б'е кулакамі сябе ў грудзі: я не аддам сваю ўладу… Як гэта ты не аддасі?"

У прынцыпе ж мне падаецца, што нічога не атрымаецца
Аршанская настаўніца Тацяна задаволеная сустрэчай з апазыцыйным кандыдатам Рымашэўскім, яна кажа, што гатовая яго падтрымаць, але на саму выбарчую кампанію глядзіць скептычна:

"Пасьля сёньняшняй сустрэчы хочацца спадзявацца. Але гэтага так мала… У прынцыпе ж мне падаецца, што нічога не атрымаецца".

Кандыдат Віталь Рымашэўскі на сходзе імкнуўся пераканаць прысутных, што перамагчы існуючы рэжым можна, што народ можа вярнуць уладу ў свае рукі. Выбар ёсьць перакананы ён, але за яго трэба змагацца ўсім:

"Як ніколі беларусы маюць выбар, калі казаць пра асобы кандыдатаў. І ў той жа час, як і раней, на жаль, гэты выбар у іх хочуць скрасьці, рыхтуючы фальсыфікацыі выбараў… Нам жа трэба выкарыстоўваць усё, што мы маем, увесь наш рэсурс і патэнцыял. Перадусім заклікаць народ не ісьці на датэрміновае галасаваньне, распавядаць пра тое, што рыхтуюцца фальсыфікацыі, рыхтаваць назіральнікаў, назіраць за выбарамі і арганізоўваць масавыя пратэсты для таго, каб паказаць, што народ ня згодзен з тымі вынікамі, якія абвесьціць улада. Таму што зразумела, што будзе абвешчана, што ў першым туры перамог адзін. А гэта ня так".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG