Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі беларускія выбары збольшага ігнаруюць


Выбары прэзыдэнта Беларусі ніяк не могуць стаць паўнавартаснай тэмай расейскай інфармацыйнай прасторы. Магчыма гэта сьведчыць пра тое, што адносіны з Беларусьсю ўвогуле перастаюць быць прыярытэтам для кіраўніцтва Расеі. Прынамсі, у сваім пасланьні Фэдэральнаму сходу – а гэта адзін з галоўных палітычных дакумэнтаў году – прэзыдэнт Дзмітрый Мядзведзеў не згадаў Беларусь ні разу, а ні ў якім кантэксьце.

Канешне, было б дзіўна, калі б Дзмітрый Мядзведзеў у сваім пасланьні расейскаму парлямэнту камэнтаваў менавіта перадвыбарчую кампанію ў Беларусі. Але свайго яшчэ нядаўна галоўнага стратэгічнага партнэра прэзыдэнт Расеі не ўзгадаў нават там, дзе размова йшла пра зьнешнепалітычныя і эканамічныя стасункі. Аказалася, што вялікі патэнцыял есьць у мадэрнізацыйным і інавацыйным партнэрстве зь вялікай колькасьцю краінаў – ад Карэі і Бразыліі да Казахстану і Ўкраіны. Месца Беларусі ў гэтым шэрагу не знайшлося.

Усьлед за кіраўніком краіны, фактычна ігнаруюць беларускую тэматыку палітычныя эліты і сродкі масавае інфармацыі. Абмеркаваньне прэзыдэнцкіх выбараў спарадычнае. Пэўную ўвагу на гэтым тыдні прыцягнулі вынікі дасьледаваньня, што праводзіў Міжнародны цэнтар сацыялягічных і маркетынгавых дасьледаваньняў SOCIUM. Расейскія сацыёлягі, што спэцыялізуюцца на дасьледаваньнях у постсавецкіх краінах, па сутнасьці прадказалі другі тур выбараў, аддаўшы Аляксандру Лукашэнка 33, а Ўладзімеру Някляеву 15 адсоткаў падтрымкі. Кіраўнік цэнтру SOCIUM Арцём Геваркян выказаў думку, што найвялікшы з усіх апазыцыйных кандыдатаў рэйтынг Някляева тлумачыцца тым, што ён, цытую “ў найбольшае ступені паказаў сябе па-прарасейску арыентаваным кандыдатам і прывабіў прарасейскі электарат”, – канец цытаты. Як бачым, у Расеі працягваюць лічыць, што ці не галоўным фактарам, які ўплывае на папулярнасьць кандыдата, зьяўляецца ягонае стаўленьне да кантактаў з Расеяй.

Ёсьць у згаданым дасьледьваньні і яшчэ адзін цікавы момант. Калі скласьці рэйтынг трох галоўных апазыцыйных кандыдатаў, ён становіцца роўны рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі. На думку Арцема Геваркяна, гэта “сьведчыць аб правільнасьці выбранае ўладамі тактыкі рэгістрацыі ўсіх кандыдатаў ад апазыцыі і распыленьні апазыцыйнага электарату”.

Аднак, зьвяртаюць увагу ў Расеі і на дадзеныя афіцыйных беларускіх сацыёлягаў, якія ўпэўненыя ў перамозе Аляксандра Лукашэнкі ў першым туры. Асабліва калі пра гэта ж фактычна гаворыць ні хто іншы як кіраўнік Цэнтральнае выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

Не бачачы вялікае інтрыгі ў перадвыбарчай барацьбе, расейская прэса зьвяртае ўвагу на падзеі, якія тым ці іншым чынам будуць уплываць на двухбаковыя стасункі ўжо пасьля выбараў прэзыдэнта. У гэтым кантэксьце разглядаецца, напрыклад, беларуская праграма прыватызацыя на бліжэйшыя тры гады. І адзначаецца, што калі раней галоўнымі прэтэндэнтамі на беларускую дзяржаўную ўласнасьць зьяўляліся расейскія бізнэсмэны, то зараз больш шанцаў будзе ў пакупнікоў з Эўропы і Кітаю. Зьвяртаецца ўвага на словы першага віцэ-прэм’ера беларускага ўраду Ўладзіміра Сямашкі, які нядаўна ня выключыў, што пакупніком наваполацкага “Нафтану” можа стаць Вэнэсуэла.

Пэўная частка беларускай прамысловасьці – гэта прывабная ўласнасьць. Расейскія ўлады ніколі не хавалі зацікаўленасьці ў тым, каб расейскі бізнэс паўдзельнічаў у беларускай прыватызацыі. Але калі двухбаковыя стасункі застануцца такімі ж напружанымі, як зараз, гэта малаверагодна. І сыходзячы хаця б з гэтых пазыцыяў, у Крамлі не зацікаўленыя, каб Аляксандар Лукашэнка быў пераабраны на наступны тэрмін. Але ўжо мала што могуць зьмяніць у перадвыбарчых раскладах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG