Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Міхаіл Мязяк


Міхаіл Мязяк
У Бабруйску на 86-м годзе жыцьця памёр найстарэйшы грамадзкі актывіст гораду Міхаіл Мязяк. Ён быў адным з заснавальнікаў мясцовага нацыянальна-дэмакратычнага руху. У 1989 годзе браў удзел у першым Віленскім зьезьдзе Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне". Яго сябрам застаўся назаўжды.


Міхаіл Аляксандравіч Мязяк нарадзіўся 15 лютага 1924 году ў Заходняй Беларусі, на адным з хутароў Баранавіцкага павету. За Польшчай, як ён сам пра сябе казаў, скончыў сямiгодку i гiмназію князя Радзiвiла ў Нясьвiжы. Потым паступіў у каледж у Варшаве, што ўратавала ад савецкіх рэпрэсіяў. Сям’ю Саветы раскулачылі й саслалі ў Сыбір. У Варшаве яго засьпела Другая ўсясьветная вайна. Ваяваў у савецкім войску. Меў баявыя ўзнагароды. Па вайне працаваў юрыстам у структурах унутраных спраў. З пачаткам перабудовы схіліўся да беларушчыны. Ад таго часу побач з баявымі ўзнагародамі насіў і бел-чырвона-белы значок.

"У Бабруйску ў нацыянальна-дэмакратычным руху гэта была постаць нумар адзін. Гэты чалавек засноўваў у горадзе Беларускі Народны Фронт. Гэты чалавек — прыклад адданасьці ідэі, якога не цікавілі вузка карпаратыўныя асабістыя інтарэсы. Гэта чалавек, які думаў пра краіну, менавіта пра беларускую будучыню нашай краіны", кажа пра нябожчыка Алесь Чыгір.

Маладое пакаленьне фронтаўцаў называла Міхаіла Аляксандравіча па-свойску — дзедам. Ён не назаляў моладзі падказкамі, як жыць, як рабіць — найперш быў ім сябрам:

"Міхаіл Аляксандравіч быў прыкладам мужнасьці, энэргічнасьці ды аптымізму. Да апошніх сваіх дзён ён выбіраўся ў горад і агітаваў людзей. Было цікава пачуць пра яго франтавыя гады, як ён пад танкам тры дні ляжаў узімку, калі пад Сталінградам быў. На ўсіх сходах маладыя сябры ведалі, што ён заўжды прыме наш бок, падтрымае нашыя ідэі і прапановы", зазначае фронтаўскі актывіст Сяргей Лацінскі.

Апошні сход, у якім браў удзел Міхаіл Мязяк, быў прысьвечаны фармаваньню ініцыятыўнай групы тады яшчэ прэтэндэнта на прэзыдэнцтва Рыгора Кастусёва. Палітык згадвае:

"Ён задаваў пытаньні: "Ці гатовы я змагацца да канца?" Ён казаў, што трэба ісьці да людзей. Мне вельмі прыемна, што ўдзельнік першага зьезду БНФ застаўся на сваім пасту да канца. Я яго ведаў як шчырага беларуса, шчырага прыхільніка беларускасьці, шчырага прыхільніка беларускага грамадзтва".

Паховіны Міхаіла Мязяка адбудуцца заўтра. Родныя абралі месцам апошняга яго спачыну могілкі ў пасёлку Бярэзавічы, што пад Бабруйскам.

Міхаіл Мязяк і Аляксандар Лукашук
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG