Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК ня мае доказаў расейскага фінансаваньня Някляева і Саньнікава


Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію францускай газэце "Фігаро" заявіў, што кандыдаты ў прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў і Андрэй Саньнікаў фінансуюцца Расеяй. Самі прэтэндэнты на найвышэйшую дзяржаўную пасаду адрынулі гэтыя абвінавачаньні. А старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына заявіла, што, калі будуць афіцыйныя пацьверджаньні таго, што выбарчую кампанію кандыдатаў аплочваюць замежныя дзяржавы, то камісія вымушана будзе скасаваць рэгістрацыю Някляева і Саньнікава.

Фрагмэнты інтэрвію францускаму журналісту ўчора ўвечары паказалі беларускія тэлеканалы. Кіраўнік маскоўскага бюро "Фігаро" спытаўся ў Лукашэнкі: ці праўда, што Расея фінансуе некаторых апазыцыйных кандыдатаў?

І вось як гучыць адказ кіраўніка беларускай дзяржавы:

"Гэта так. І мы гэта ведаем. У нас ёсьць факты. Някляеў, Саньнікаў — гэта людзі, якія сёньня фінансуюцца Расеяй".

Гэтыя словы кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў называе хлусьнёй:

"Калі Лукашэнка хацеў пакрыўдзіць мяне і сказаць, што я быццам прарасейскі кандыдат, то гэта, я думаю, будзе мець адваротны эфэкт. Таму што людзі хочуць, каб стасункі з Расеяй палепшыліся. І каб Беларусь зь ёй не ваявала, як гэта прапануе Лукашэнка. Тое, што ён кажа, што мяне фінансуе Расея, то гэта хлусьня. Няхай ён доказы прыводзіць.

А для мяне яго словы што азначаюць: ён канчаткова пацьвердзіў і сказаў усім людзям Беларусі, што я не магу дамаўляцца з Расеяй, я ня здольны дамаўляцца з Расеяй, я ня буду дамаўляцца з Расеяй. І вось ён фактычна падкрэсьліў — сёньня той момант, калі сапраўды трэба мяняць уладу".

Аляксандар Фядута, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева, цьвердзіць: кампанія Някляева фінансуецца зь Беларусі:

"Калі ў кіраўніка беларускай дзяржавы існуе дакладная інфармацыя, дакладныя факты пра тое, што нехта фінансуецца з-за межаў Беларусі, то ён павінен прывесьці гэтых людзей у суд і даказаць, што яны вінаватыя ў парушэньні закону. Калі гэтага няма, няхай ня хлусіць. Перадвыбарная кампанія Някляева фінансуецца грамадзянамі Беларусі і беларускім бюджэтам".

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына на пытаньне "Свабоды", як будзе рэагаваць ЦВК на словы Аляксандра Лукашэнкі, дала наступны адказ:

"У Цэнтральнай камісіі няма афіцыйнай інфармацыі, у выглядзе папер альбо іншых афіцыйных паведамленьняў, пра тое, што выбарчая кампанія кандыдатаў Някляева і Саньнікава фінансуецца за кошт іншай дзяржавы. Адной заявы недастаткова, паколькі гэта, найхутчэй, зьяўляецца неафіцыйнай інфармацыяй, якая стала вядома кіраўніку дзяржавы.

Што тычыцца парушэньняў, калі гэта будзе пацьверджана і падобныя матэрыялы будуць прадстаўленыя ў Цэнтральную камісію, то гэта стане вельмі сур'ёзным парушэньнем выбарчага заканадаўства. Нават самым сур'ёзным. І ў гэтым выпадку ў Цэнтральнай камісіі няма права на нейкую альтэрнатыву. Мы павінны будзем скасаваць рэгістрацыю гэтых кандыдатаў у прэзыдэнты".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG