Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў паставіў намёт ля вакзала


Сёньня альтэрнатыўныя кандыдаты ў прэзыдэнты ладзілі пікеты і сустрэчы з выбарцамі.

На прывакзальнай плошчы ў Менску сёньня ўсталяваны кругласутачны пікет у падтрымку кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. На ўсталяваньне намёту сабраліся ў другой палове дня актывісты кампаніі «Гавары праўду!», а таксама паэт Генадзь Бураўкін, бард Зьміцер Вайцюшкевіч ды іншыя. Мінакі падыходзілі да пікету і задавалі пытаньні кандыдату. Напрыклад, ці ўцячэ той за мяжу пасьля 19 сьнежня? Уладзімер Някляеў на гэта адказаў:

«За мяжу ніякага майго ад’езду ні пры якіх умовах ня будзе. Гэта першае. Другое: плошча, якой ужо зараз улада пачынае палохаць, вось там Някляеў зьбірае плошчу, каб сілавымі мэтадамі сябе прывесьці да ўлады — гэта няпраўда. Калі Лукашэнка, калі ўлада правядзе справядлівыя, свабодныя выбары, чаго мы пойдзем на плошчу?!»

Грамадзянін: Калі такія выбары былі свабодныя?

Някляеў: «Такіх не было. І вось вы адказваеце на сваё ж пытаньне. Супраць фальсыфікацый мы можам абраць толькі адзін мэханізм — плошча. І ў залежнасьці ад таго, колькі людзей прыйдзе на плошчу, мы будзем дзейнічаць. Вось нехта кажа, што такая сытуацыя, ні ў якім разе мы ня можам перамагчы. Слухайце, былі і горшыя сытуацыі. Быў Савецкі Саюз, дзе, здавалася, такая махіна стаіць, ніколі ня зрушыцца. Дзе ён? Гавал сказаў геніяльную фразу — ніколі ня ведаеш, калі ўпадзе тая сьняжынка, якая выкліча лавіну. Мне здаецца, што тая сьняжынка, якая выкліча лавіну, які зьмяце гэты рэжым, упадзе якраз 19 сьнежня, на плошчы».

Адзін з прысутных спытаўся: калі Лукашэнка возьме ўдзел у тэледэбатах, то што яму скажа Някляеў?«Галоўнае будзе пытаньне да Лукашэнкі: вы нарэшце ўсьвядоміце самі, што вы замінаеце разьвіцьцю краіны і сыдзеце, ці ўсё такі вас давядзецца сьпіхваць?».

Някляеўскі пікет ля вакзалу
Уладзімер Някляеў
Прамаўляе Ўладзімер Арлоў
Пікеты ля ГУМа

Прыхільнікі Ўладзімера Някляева плянуюць паставіць па ўсёй Беларусі каля 200 пікетаў. Кіраўнік штабу Андрэй Дзьмітрыеў сказаў, што пікеты — гэта тая агітацыя, на якую ёсьць магчымасьці. Ён адзначыў, што ЦВК бюракратызуе працэс прыняцьця рашэньняў адносна друкаваньня агітацыйных матэрыялаў, друкарні адмаўляюць друкаваць улёткі, а выбарчы фонд вельмі абмежаваны.«Усяго выбарчага фонду, разам узятага, хапае, каб купіць 11 сэкунд на тэлебачаньні. Параўнайце, колькі „купіў“ Лукашэнка для сябе цяпер на тэлебачаньні». Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік вінаваціць у затрымках саміх кандыдатаў. Ён паведаміў, што дагэтуль не замоўлены ў друк агульны плякат з кандыдатамі, бо тыя пакуль ня далі свае фотаздымкі. Таксама толькі палова кандыдатаў прынесьлі дамовы на аплату паслугаў друкарні па выпуску агітацыйных матэрыялаў.

Севярынец: Дзеці бегаюць, просяць аўтографы.
Кандыдат Яраслаў Раманчук сёньня займаўся падрыхтоўкай да выпуску газэты зь яго інтэрвію, а потым накіраваўся ў Жодзіна на спатканьне з працаўнікамі «БелАЗу». А 18-й гадзіне выбарцы прыйдуць на сустрэчу ў дом культуры «Равесьнік». Спадар Раманчук сказаў, што частыя сустрэчы — гэта частка яго кампаніі «мільён поціскаў рук».

«Калі ты хочаш стаць прэзыдэнтам, безумоўна, трэба, каб людзі даведаліся пра цябе. Толькі спадзявацца на тое, што яны паглядзяць два разы па 30 хвілін на тэлебачаньні — гэтага недастаткова. Таму мы далучаем новых людзей да каманды, каб гэта народнае радыё запрацавала, і людзі адзін аднаму казалі, што ёсьць альтэрнатыва Лукашэнку — і гэта Раманчук».

Кандыдат Віталь Рымашэўскі сёньня пабываў у Бабруйску, наведаў школу, дзе вучыўся. Кіраўнік штабу Павал Севярынец распавёў:

«Дзеці бегаюць, просяць аўтографы, сустракаемся з настаўнікамі. Толькі што была сустрэча на кірмашы, з музыкай і сьцягамі. Зараз едзем у палац дзяцей і моладзі. Увечары — сустрэчы ў палацы культуры сылікатнага камбінату. Сустрэчы ў цэрквах і з актывам».

24 лістапада частка кандыдатаў, сярод якіх і Віталь Рымашэўскі, плянуе ўзяць удзел у акцыі на Кастрычніцкай плошчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG