Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паганяйла: Я не наіўны і на імпічмэнт не спадзяюся


Юрыст Гары Паганяйла патрабуе стварыць спэцыяльную камісію для мэдычнага абсьледаваньня Аляксандра Лукашэнкі і пачатку працэдуры датэрміновага адхіленьня Лукашэнкі ад улады. Ён быў госьцем нашага ранішняга жывога эфіру.

Бушлякоў: Ці вы ўжо адправілі заяву з патрабаваньнямі ў дзяржаўныя органы?

Паганяйла: Так, я накіраваў у Палату прадстаўнікоў і ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу свой зварот аб правядзеньні працэдураў, прадугледжаных артыкулам 88 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Яны сапраўды прадугледжваюць неабходнасьць стварэньня спэцыяльных камісіяў у выпадку, калі паводле стану здароўя і ў сувязі з сталай няздольнасьцю ажыцьцяўляць функцыі кіраўніка дзяржавы, сапраўды бальшынёй галасоў - ня менш за 2/3 - могуць быць прынятыя такія рашэньні, як адхіленьне яго ад улады, ад пасады.

Я стаўлю дзьве падставы: стан здароўя і абвінавачаньне ва ўчыненьні цяжкіх злачынстваў. Гэта зьвязана з наступнымі абставінамі. Яшчэ ў 2001 годзе лекар-псыхіятар Дзьмітры Шчыгельскі, кіруючыся нормамі прафэсійнай этыкі і лекарскага абавязку, зьвярнуўся да грамадзянаў Беларусі і міжнароднай грамадзкасьці з заявай, у якой расказаў пра дыягназ, які ён выставіў завочна, назіраючы за паводзінамі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, і ён прыйшоў да сумнай высновы: у Аляксандра Рыгоравіча “памяркоўна выражаная мазаічная псыхапатыя зь перавагаю рысаў паранаідальнага й дысацыяльнага разладу асобы”.

Гэты дыягназ падпадае пад артыкул 76 загаду міністра абароны Рэспублікі Беларусь і прадугледжвае няздатнасьць да службы ва Ўзброеных сілах у мірны час у любой якасьці. Між тым, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй, прэзыдэнт зьяўляецца Галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі. І натуральна, наяўнасьць такога захворваньня перашкаджае ажыцьцяўленьню гэтай надзвычай важнай функцыі. Але яна ўплывае і ў цэлым на паводзіны кіраўніка дзяржавы, бо экспэрт зазначае, што ў Лукашэнкі адсутнічаюць стрымвальныя маральна-этычныя кампанэнты, павышаны ўзровень агрэсіі, выяўляецца скрайняя схільнасьць да маніпуляцыйных мэтодык і высокая здольнасьць да іх ажыцьцяўленьня.

І вось апошнімі гадамі мы сапраўды сталі сьведкамі таго, што асабовыя якасьці, зьвязаныя якраз з наяўнасьцю захворваньня, пра якое кажа лекар-псыхіятар Шчыгельскі, прывялі краіну да таго, што мы маем сёньня. А гэта – засяроджваньне ўлады, прычым неабмежаванай асабістай улады, у руках Лукашэнкі.

Бушлякоў: Патрабуючы праверыць псыхічнае здароўе Лукашэнкі, вы спасылаецеся толькі на высновы доктара Шчыгельскага?

Паганяйла: Не, ня толькі. Апошнім часам з экранаў тэлевізараў нашыя грамадзяне пачулі па сутнасьці пацьвярджэньне гэтага дыягназу з вуснаў вядомых лекараў, спэцыялістаў, навукоўцаў вядучай у гэтым профілі ўстановы Расейскай Фэдэрацыі – Інстытуту імя Сербскага. Гэта было сказана ў тэлефільмах “Хросны Бацька-3 і –4”, на Першым расейскім канале ў перадачы “Время”. Ня выключана, што падставай для абнародваньня ўжо сёньня гэтага дыягназу паслужыла тое, што сапраўды паміж Лукашэнкам і кіраўніцтвам Расеі разросься асабовы канфлікт, а прычынай гэтага паслужыла тое, што Лукашэнка перайшоў на асабістыя абразы кіраўнікоў Расеі, абазваўшы кіраўніцтва “бязмозглым”. Гэта ўжо выходзіць за рамкі любых нармальных паводзінаў.

І другі, мабыць, нават больш важны аспэкт – гэта нераскрытыя злачынствы, зьвязаныя з палітычна матываванымі выкраданьнямі вядомых людзей у Беларусі. І дэмакратычная грамадзкасьць Беларусі, і міжнародная супольнасьць ясна паказваюць на падазраваных ва ўчыненьні гэтых злачынстваў, а менавіта – на найвышэйшае кіраўніцтва краіны, найбліжэйшае атачэньне Лукашэнкі. І мы бачым, што пачынаючы ад 2000 году, калі практычна на апэрацыйным узроўні гэтыя злачынствы былі раскрытыя, Лукашэнка блякуе расьсьледаваньне гэтых спраў, цудоўна разумеючы, што пад агонь сьледчых доказаў трапляюць ягоныя сябры – Шэйман, Сівакоў, Навумаў, Паўлічэнка – і дагэтуль гэтыя справы не раскрытыя.

Свайго часу, яшчэ ў 2007 годзе, я разам з пацярпелымі перадаў у Генэральную пракуратуру абвінаваўчы акт – вынік грамадзкага расьсьледаваньня, у які былі ўлучаныя і вядомыя матэрыялы афіцыйнага расьсьледаваньня гэтых справаў. І вядома, мы хацелі б, каб гэтыя справы былі завершаныя, каб вінаватыя паўсталі перад судом. Аднак гэтаму перашкаджае Лукашэнка. І ня выключана, што ён асабіста можа праходзіць падазраваным па гэтых справах у форме хоць бы ўтойваньня гэтых злачынстваў, укрывальніцтва, бязьдзейнасьці ў сувязі з тым, што менавіта на яго як на кіраўніка дзяржавы ўскладзены абавязак каардынаваць усемагчымыя службы ў дзяржаве для таго, каб раскрываць гэтыя складаныя і асабліва небясьпечныя злачынствы. Аднак ён сам аказаўся ўцягнуты ў гэтую сытуацыю. І таму я патрабую, каб парлямэнцкія палаты стварылі спэцыяльную камісію, якая магла б расьсьледаваць гэтыя выпадкі, гэтыя падозраньні, гэтыя абвінавачаньні і вынесьці свой вэрдыкт.

Я не наіўны юрыст і цудоўна разумею, што ў цяперашніх умовах наўрад ці Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі зьбяруцца і будуць абмяркоўваць праблему імпічмэнту прэзыдэнта. Але сёньня ідзе выбарчая кампанія. Сёньня многія зацікаўленыя асобы хацелі б даведацца праўду. І таму, каб выкарыстаць сёньняшнюю сытуацыю выбарчай кампаніі, я прыняў рашэньне, што неабходна гэтыя пытаньні вельмі цьвёрда і пасьлядоўна ўзьнімаць, прынамсі каб грамадзтва ведала што адбываецца ў краіне і хто кіруе краінай.
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG