Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фармаваньне выбаркамаў: усё залежыць ад чыноўнікаў


Ахапіць дзясятую частку ўсіх участковых камісіяў, якія будуць весьці непасрэдны падлік галасоў на выбарах, зьбіраецца дэмакратычная апазыцыя. Такое прадстаўніцтва не дае магчымасьці кантраляваць падлік бюлетэняў па ўсёй краіне, але дазваляе зрабіць высновы, наколькі гэтая працэдура адпавядае дэмакратычным стандартам.

Асноўны цяжар працы прыпадае на 14 дэмакратычных партый, арганізацый і ініцыятыў. Гэта, напрыклад, партыі "Справядлівы сьвет" і БНФ, рух "За свабоду", кампанія "Гавары праўду", саюз "За мадэрнізацыю" ды іншыя. Яны ўжо дамовіліся каардынаваць сваю дзейнасьць. Супольная праца пройдзе ў рамках кампаніі "За справядлівыя выбары 2010".

Сустаршыня кампаніі Віктар Карняенка тлумачыць:

Віктар Карняенка
"У адрозьненьне ад незалежных назіральнікаў, якія сканцэнтраваныя на маніторынгу і канстатацыі парушэньняў, мы будзем вельмі актыўна працаваць на тое, каб прадухіліць парушэньні. Будзем літаральна хапаць за руку несумленных сябраў камісій ды дзейнічаць нейкім іншым чынам. Карацей, каб ня проста зафіксаваць парушэньні, а іх прадухіліць".

Вылучэньне кандыдатаў завяршаецца 31 кастрычніка. У Бярозаўскім раёне Партыя БНФ вылучыла сваіх прадстаўнікоў у траціну ўсіх участковых камісіяў. Сярод кандыдатаў — Сяргей Русецкі, Тамара Аліхвер, Васіль Азаранка ды іншыя. Тамару Шчапёткіну мой званок засьпеў у той момант, калі яна ехала ў райвыканкам:

"Я зараз вязу заяву, каб мне паведамілі, калі будуць ствараць участковыя камісіі. Хачу асабіста прысутнічаць на паседжаньні, каб паглядзець, як яны ўтвараюцца. Справа ў тым, што я падавала аналягічную заяву, калі ўтваралася раённая выбарчая камісія. Мяне накіравалі жыхары, я сабрала неабходную колькасьць подпісаў і таксама хацела прысутнічаць на тым паседжаньні. Але маю заяву праігнаравалі. І цяпер я раблю яшчэ адну спробу патрапіць на паседжаньне райвыканкаму, каб паглядзець, каго і на якой аснове будуць уключаць ва ўчастковыя камісіі".

Апазыцыйны актывіст з Капыля Віктар Дашкевіч самым першым сабраў подпісы сваіх землякоў, каб патрапіць у склад участковай камісіі:

"І здаў гэты сьпіс у выканкам. Цяпер — чакаю. Дарэчы, я самы першы здаў. Аддаю дакумэнты і пытаюся: "Ня позна?" Адказваюць: ня бойцеся, ня бойцеся. Я цікаўлюся: на гэты ўчастак не здавалі ці наагул? Адказваюць: наагул. Я здаў яшчэ 19 кастрычніка, адразу з абеду".

Аднак здаць дакумэнты, нават першым, гэта зусім не азначае стаць сябрам камісіі, падкрэсьлівае яшчэ адзін сустаршыня кампаніі "За справядлівыя выбары 2010" Сяргей Калякін. Ён спасылаецца на досьвед месячнай даўніны, калі ўтвараліся тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Тады ва ўладаў было абсалютна рознае стаўленьне да апазыцыйных і праўладных партыяў. Усе разам апазыцыянэры ў тых камісіях склалі менш за 1% ад агульнай колькасьці сябраў камісій.

Фармаваньне выбарчых участковых камісіяў завяршаецца 3 лістапада. Усяго ў Беларусі ствараецца 6390 такіх камісій.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG