Апошні кіраўнік СССР кажа, што Уладзімер Пуцін падарваў падмурак маладой расейскай дэмакратыі, здушыўшы апазыцыю. Гарбачоў таксама называе кіроўчую партыю "Единая Россия" кепскай копіяй КПСС.
Міхаіл Гарбачоў даў інтэрвію ў падтрымку дабрачыннага канцэрту, які створаны ім фонд мае намер правесьці ў сакавіку наступнага году ў гонар яго 80-годзьдзя. Фонд Гарбачова ўжо сабраў мільёны даляраў ахвяраваньняў для дапамогі дзецям, якія пакутуюць ад раку.
У інтэрвію Гарбачоў рэзка выказаўся наконт цяперашняга расейскага кіраўніцтва. "На жаль, яны прыйшлі да высновы аб тым, што гэтая непадуладная краіна мае патрэбу ў аўтарытарызме, - адзначыў Гарбачоў, маючы на ўвазе прэм'ер-міністра Ўладзімера Пуціна і прэзыдэнта Дзмітрыя Мядзведзева. - Яны лічаць, што без гэтага яны не змогуць абысьціся".
Апошнім часам Міхаіл Гарбачоў усё больш займаецца апазыцыйнай палітыкай. Ён зьяўляецца саўладальнікам адной зь вядучых расейскіх апазыцыйных газэтаў -- «Новой газеты». Ён спрабаваў аказаць дапамогу ў стварэньні палітычнай партыі, якая б змагла ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах у наступным годзе, аднак адмовіўся ад гэтай ідэі з-за сур'ёзных юрыдычных перашкодаў.
"Для тых, хто хацеў бы зьмяніць краіну для паскарэньня гэтых працэсаў, паскарэньня дэмакратычных працэсаў, неабходны ўдзел народа, -- падкрэсьліў ён. -- Неабходна мець партыі. Але ідзіце і паспрабуйце зарэгістраваць партыю!"
Спадар Гарбачоў не хацеў гаварыць пра тое, каго ён падтрымае на прэзыдэнцкіх выбарах 2012 году. Уладзімер Пуцін, які стаў прэм'ер-міністрам у 2008 годзе, бо ня мог прэтэндаваць на пасаду прэзыдэнта трэці раз запар, цяпер, як мяркуюць, разглядае магчымасьць вяртаньня на гэтае месца.
"Расея павінна прайсьці доўгі шлях для таго, каб увайсьці ў новую сыстэму каштоўнасьцяў, каб стварыць і забясьпечыць правільнае функцыянаваньне інстытутаў і мэханізмаў дэмакратыі -- інстытутаў грамадзянскай супольнасьці, -- адзначыў спадар Гарбачоў. -- Усё гэта адбываецца пры дапамозе грунтоўнай трансфармацыі ў галовах людзей. А такія рэчы, зразумела, зьмяняюцца вельмі павольна".