Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінск – гэта недзе побач з Гаіці


За Беларусьсю ў сумежным сьвеце трывала замацаваўся імідж краіны, дзе нічога не адбываецца. У сэнсе, не адбываецца нічога кепскага і надзвычайнага, уся сыстэма працуе бяз збояў, як адзін адладжаны мэханізм, у якім нічога не ломіцца, не адвальваецца і не рыпіць. Аднак непаслухмяная рэчаіснасьць раз-пораз дадае ў бочку іміджавага мёду сваю чайную лыжачку дзёгцю. У траўні пры тушэньні пажару на складзе менскага заводу вылічальнай тэхнікі загінулі чацьвёра выратавальнікаў, у верасьні пацярпеў катастрофу самалёт Міг-29, загінулі двое пілётаў, цяпер вось выбух на «Пінскдрэве» - трое загінулых, дзевятнаццаць параненых...

Які-небудзь ідэоляг новай фармацыі мог бы сказаць з разухабістым зімоўскім цынізмам, што гэта ня лыжачка дзёгцю, а дробка солі - каб райскае жыцьцё не падавалася залішне прэсным. Нешта кшталту ўпырску адрэналіну ў гамэапатычнай дозе. Бо калі занадта добра - таксама кепска.

Тым часам галоўную старонку сайту ЗАТ «Пінскдрэў» па-ранейшаму ўпрыгожвае карцінка ў духу «сьціплага шарму буржуазіі»:



На сайце можна даведацца, што ЗАТ «Голдынгавая кампанія "Пінскдрэў"» 20 сьнежня 2006 году «у ліку першай групы беларускіх кампаніяў (26 прадпрыемстваў) далучылася да Глябальнай дамовы - найбольш шматлікай і агульнапрызнанай ініцыятывы ў сфэры карпаратыўнай сацыяльнай адказнасьці. Як вядома, дамова абвяшчае 10 асноўных этычных прынцыпаў вядзеньня бізнэсу, датычных выкананьня правоў чалавека, працоўных адносінаў, аховы навакольнага асяродзьдзя і барацьбы з карупцыяй».

Гучыць нібыта прыгожа, але ня ўсе вераць у рэальнасьць выкананьня тых 10 этычных прынцыпаў. Гэтак, нехта antvar на сайце MyPinsk піша пад навіной пра трагічнае здарэньне:

«Эканомія на выкананьні ТБ, абнаўленьні і рамонце абсталяваньня, якое даўно адслужыла сваё, усталяваньні ачышчальных сыстэмаў - агульная практыка ці не для ўсіх прадпрыемстваў у РБ. Выключэньняў няшмат. Гендырэктару важней набыць тройку аўтамабіляў прадстаўнічага клясу...»

Нешта такое ведае пра гендырэктара з рэдкім для нашых краёў імем Ларан і блогер japgor:

«Дзядуля відавочна заседзеўся. Казалі яму ўжо гадоў пяць, што ў кацельні бардак. І ў цэху ДСП бардак. А яму на ўсё было нас..ць».


У ступень сацыяльнага абагульненьня ўзьвёў тэму marydit:

«У нашай маленькай дзяржаве працаўнік на вытворчасьці ніяк не абаронены. У пагоні за "плянавымі паказчыкамі", за баблом, забыліся пра людзей, пра чалавечае жыцьцё! На рабочых была вопратка з сынтэтыкі, што недапушчальна на пажаранебясьпечных аб'ектах, безупынная вытворчасьць (тры зьмены), ня кажучы ўжо пра папярэднюю афіцыйную прычыну выбуху "невыкананьня РЭЖЫМУ працы абсталяваньня"...
P.S. Чакаю, калі ж наш прэзыдэнт надасьць увагу таму, што адбылося, і хаця б выкажа спачуваньні - суткі ўжо прайшлі...»




(Скрыншот зроблены зь відэароліку, падгледжанага ў блогу silverrebel)

Ня толькі для прэзыдэнта, але і для дзяржаўных СМІ трагедыя ў Пінску, калі верыць сьведчаньням блогераў, ня стала навіной № 1:

«А ў нас усё спакойна. У навінах пра тое, што цяпер адбываецца ў Пінску гавораць мімаходзь, нібыта нічога ня здарылася...»
, - піша algunia.

Ёй уторыць trollun4eg:

«Я, канечне, разумею, што ў нашай цудоўнай краіне ёсьць навіны значна болей прыярытэтныя, чым трагедыя ў Пінску. Але там загінулі людзі. Там зьнішчанае ў хлам адно з самых маштабных прадпрыемстваў вобласьці... Цяпер, у 23:30 гэтая навіна аказалася вартай толькі трох хвілінаў на тэлеканале "ЛАД" і ніводнай згадкі на галоўным беларускім тэлеканале. Па АНТ увесь дзень паказваюць Лукашэнку... Для такой краіны, як нашая, сёньня здарылася катастрофа. Але неяк чамусьці ніхто ня хоча надаваць гэтаму такога значэньня, якое надае насельніцтва адносна невялікага Пінску».


Апошняе абурыла і блогера c13ric:

«Тое, што адбываецца навокал, напружвае ўсё больш і больш. Калі раней усе проста спакойна любілі прэзыдэнта, то цяпер крычаць пра гэтую любоў на кожным рагу. Выбары на носе. Учора ў навінах з шасьці сюжэтаў толькі ў адным ня згадвалася прозьвішча прэзыдэнта. Пры гэтым у тых самых навінах толькі мімаходзь згадалі выбух на фабрыцы ў Пінску. Куды важней даведацца пра акцыю "Дзеці пішуць прэзыдэнту" і распавесьці ў колькі разоў вырасла колькасьць мабільных тэлефонаў у параўнаньні з 2000-ым годам, нібыта дзякуючы цяперашняй уладзе. Я не апазыцыянэр, і да палітыкі скрайне халодны, але тое, што адбываецца, занадта нагадвае "савок", і не мацюкацца складаней з кожным днём...»


***

Трэба заўважыць, што ў масе сваёй беларускія блогеры пакуль што ігнаруюць трагедыю ў Пінску разам з прэзыдэнтам. Пінск - гэта ж недзе побач з Гаіці, ці ня так?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG