Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ярмошына і далей будзе казаць пра роўныя ўмовы?”


Слухачы распавядаюць пра прымусовы збор подпісаў за Аляксандра Лукашэнку; паведамляюць пра тое, што некаторыя актывісты партыі БНФ не атрымалі пасьведчаньняў сябра ініцыятыўнай групы Рыгора Кастусёва.


Наша слухачка абураецца, што збор подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта заканчваецца, а яна дагэтуль не атрымала пасьведчаньня сябра ініцыятыўнай групы.

«Я наконт збору подпісаў за кандыдатаў у прэзыдэнты. Цікавыя абставіны. Многія сябры ініцыятыўнай групы Рыгора Кастусёва да сёньня не атрымалі ні пасьведчаньняў, ні падпісных лістоў, а збор ужо сканчаецца. Калі я патэлефанавала да каардынатара па Берасьцейшчыне, дык мне адказалі, што ня я адна: такіх на Берасьцейшчыне 160 чалавек. Цікава, што ўвайсьці ў ініцыятыўную групу мяне асабіста прасіў сам Аляксей Янукевіч. Думаю, што тут нешта ня так».


Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў адказвае на званок слухачкі:

«У нас цікавая сытуацыя атрымалася ў Камянецкім раёне. Выдалі старшыні пасьведчаньні, і ён іх не давёз. Выпісалі пасьведчаньні паўторна. Аляксей Янукевіч гэтым займаўся. І зноў гэтыя пасьведчаньні згубіліся.

Ці згубіліся, ці спэцыяльна так атрымалася. Але мы пра гэтую сытуацыю добра ведаем. Мы да кожнага чалавека ставімся як да байца. Але згубілася, дык што ж рабіць. У нас у Менску некаторыя пасьведчаньні ляжаць, іх не забралі.

Але мы набіраем неабходную колькасьць. Але цяпер мы ня будзем разьбірацца, што там здарылася, бо няма цяпер на гэта часу. Потым будзем высьвятляць, у чым прычына і хто вінаваты».

Выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу пры зборы подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта амаль штодня становіцца тэмаю слухацкіх тэлефанаваньняў.

Людзі распавядаюць пра прымусовы збор подпісаў за Аляксандра Лукашэнку на прадпрыемствах, у навучальных установах і г.д.

Вось адно з такіх тэлефанаваньняў:

«У цэнтры горада штодзённа зьбіраюць подпісы групы падтрымкі Саньнікава, Някляева, Раманчука і інш. Але нікому зь іх не прыходзіць у галаву пераносіць сваю дзейнасьць на прадпрыемствы і ўстановы. Чаму ж прадстаўнікі выканкамаў у працоўны час зьяўляюцца ў дзяржустановах, патрабуюць у адміністрацыі сьпісы супрацоўнікаў з указаньнем пашпартных дадзеных і ў людзей, якія ня маюць пры сабе пашпартоў, зьбіраюць подпісы за вядомую асобу. Начальнікі, баючыся спагнаньняў, бегаюць і ўгаворваюць людзей паставіць подпіс. Але ж і мы ня лыкам шытыя, таксама знайшлі спосаб абысьці гэтую пастку. Лідзія Ярмошына, як і раней, будзе распавядаць пра свабоду выбараў».

Сяргей Калякін
Палітык Сяргей Калякін камэнтуе гэты званок:

«Мы фіксуем усе гэтыя парушэньні, бо ўсе знаходзяцца ня ў роўных умовах. Калі адміністрацыі прадпрыемстваў і навучальных установаў прымушаюць сваіх супрацоўнікаў і падпісвацца за Лукашэнку, і подпісы за яго зьбіраць, то ў шмат якіх выпадках перашкаджаюць весьці збор подпісаў прадстаўнікам іншых кандыдатаў.

Ярмошына распавядае, што ў інтэрнатах ці вайсковых частках нейкі свой распарадак, як высьветлілася, існуе і выбарчы кодэкс там ня дзейнічае. На заводах такая ж карціна. Таму абсалютна ня ў роўных умовах, і слухач тут мае рацыю.

Мы гэта фіксуем і спрабуем з гэтым змагацца».

Наш сталы слухач прапанаваў «Свабодзе» свой верш:

«Палітыка — бруднае дзела, —
Казаў ён народу ня раз.
Шаснаццаць гадоў праляцела —
І ён у ёй моцна заграз.

Аднак жа чамусь не жадае
Вылазіць з гразюкі тае,
Хоць зрэдку людзям заяўляе,
Што ўжо наглытаўся яе.

Ды штосьці гатоў у тым брудзе
Ён доўга яшчэ прасядзець,
А мы, ну вядома ж, мы будзем
На ўсё раўнадушна глядзець.

Бо мы памяркоўныя дужа,
Адзін у нас родзіцца сказ:
Хай самы найчэсны паслужыць
Яшчэ адзін тэрмін у нас.

Такі вось характар мы маем,
Такой вось жывем сьлепатой.
Як доўга сябе мы караем
Уладай, ня верым якой».

Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG