Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Знавец сабраў 2 тысячы подпісаў за Яраслава Раманчука

абноўлена

Павал Знавец, зьбіральнік подпісаў за Яраслава Раманчука, працуе ў падземным пераходзе на плошчы Якуба Коласа.
Павал Знавец, зьбіральнік подпісаў за Яраслава Раманчука, працуе ў падземным пераходзе на плошчы Якуба Коласа.
Кожны дзень у Менску, у пераходзе са станцыі мэтро «Плошча Якуба Коласа» да Камароўскага рынку зьбірае подпісы за Яраслава Раманчука вядомы апазыцыйны палітык, былы дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня Павал Знавец. Меней за палову тэрміну, адведзенага на кампанію, ён сабраў 2000 подпісаў.

Павал Знавец, былы дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, распушчанага Аляксандрам Лукашэнкам у 1996-м годзе. Калісьці абіраўся дэпутатам Павал Знавец на Століншчыне, а зараз стала жыве ў Менску.

Павал Знавец прынцыпова не мяняе месца збору подпісаў ужо паўмесяца. Падземны пераход пад менскай плошчай Якуба Коласа надзвычай людны.



З 30-га верасьня Павал асабіста сабраў тут 2 з 80 тысяч подпісаў, пададзеных на сёньня за намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука.

«Я тут кожны дзень, з раніцы да вечара. У сярэднім 9-10 гадзін. Так, тут холадна, але я ўцяпліўся. Паддзеў швэдар, кашулю цёплую. Зьверху адмысловы балахончык зьбіральніка подпісаў, які прываблівае людзей, што нешта тут цікавае. Падпісваюцца за Раманчука добра, як і за Саньнікава. Мне падаецца, што за гэтых двух кандыдатаў найболей.
Падпісваюцца за Раманчука добра, як і за Саньнікава. Мне падаецца, што за гэтых двух кандыдатаў найболей.
Арганізацыя працы ў нашай ініцыятыўнай групе выдатная: ніякага бюракратызму. А я магу параўнаць, бо для мяне гэта 4-я прэзыдэнцкая кампанія, улічваючы і альтэрнатыўныя выбары».

Паводле Паўла Знаўца, за Яраслава Раманчука шмат падпісваюцца жанчыны да 40 гадоў, якім імпануе сымпатычны малады кандыдат. Другая вялікая група — гэта пэнсіянэры, заклапочаныя станам эканомікі. Увогуле разважлівым людзям даспадобы, што Яраслаў Раманчук — прафэсійны эканаміст. Павал Знавец кажа, што часам даводзіцца чуць і лаянку, але тут, каля Камароўскага рынку, гэта звычайная зьява. За час збору подпісаў Павал прыгадвае два інцыдэнты з удзелам міліцыі. Аднойчы ўтварыўся дыспут паміж прыхільнікамі і праціўнікамі Аляксандра Лукашэнкі, і міліцыянт выклікаў нарад, але ніхто не прыехаў. Другім разам жанчыну, якая гандлюе побач зімовымі шкарпэткамі, ашукаў фальшываманэтчык, дык у Паўла пыталіся пра абставіны здарэньня.

Як зьмяніліся настроі людзей у параўнаньні зь мінулымі выбарамі? Павал Знавец кажа, што яшчэ шмат хто ставіць подпісы, а сам ня верыць у перамогу. Часта выбарцы прызнаюць, што дзейны кіраўнік краіны ім надакучыў, кажа зьбіральнік подпісаў. Паводле Знаўца, у людзях, асабліва з правінцыі, пануе страх, але некаторыя яго пераадольваюць:

«Адна дзяўчына з Маладэчна чытала-чытала гэтыя матэрыялы — і сьлёзы ліліся. Яна гэтую ўладу дзейную ненавідзіць. Падпісалася дрыжачай рукой і сказала, што баіцца, што яе адлічаць з вучобы, а маці з дому выганяць. Тады я кажу, што ня буду здаваць яе падпісны ліст, калі так. Бо не магу браць на сябе адказнасьць за гэта. Але мінула некалькі дзён, і раптам яна прыходзіць і кажа, што падпісалася і за іншых апазыцыянэраў і каб перадаваў той ліст, бо ўжо не баіцца, ёй усё гэта абрыдла».

Я запытаў, якой узнагароды чакае за сваю актыўнасьць Павал Знавец? Зьбіральнік подпісаў сказаў, што пра грошы гаворкі не было ніякай, але ўзнагароду найлепшым паабяцалі — у выглядзе магчымасьці зьезьдзіць у адну з эўрапейскіх краін як партыйнаму актывісту. Але галоўнай узнагародай, сказаў Павал Знавец, будзе зьмена цяперашняй палітычнай сыстэмы, пры якой можа нязьменна правіць адзін чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG