Слухач “Свабоды” выказаў свае парады апазыцыі наконт правядзеньня выбарчай кампаніі:
"Калі кожны прэтэндэнт зьбярэ па 100 000 подпісаў, то гэта ўжо агітацыя 1,5—2 мільёнаў выбарцаў. А колькі чалавек паслухае адмоўнае пра рэжым? Ніхто ня ведае. А што яны падумаюць пра рэжым потым?
Цяпер трэба ўзяць пад кантроль грамадзкасьці ўсе выбарчыя ўчасткі на круглыя суткі. Цяжка, але трэба. Потым суд над апрычнікамі рэжыму, якія за карыта прадалі сумленьне. Потым плошча, не зважаючы на танкі, зброю і карныя органы. Калі ня мы, то хто?"
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька камэнтуе званок слухача:
"Па-першае, мы ўсіх аўтараў, якія прапануюць, як лепш арганізаваць назіраньне, кантроль за падлікам галасоў, тых, хто заклікае ісьці на плошчу, заклікаем перш-наперш прыйсьці да нас на офіс. Сказаць, што я гатовы быць назіральнікам, круглы дзень і ноч стаяць каля выбарчага ўчастку. Мы гэта зафіксуем і будзем ведаць, што на гэтым участку ў нас ёсьць сыстэма назіраньня. Акрамя гэтага, калі ён скажа, што гатовы прыйсьці на плошчу, мы дадзім яму сьцяг ці транспарант у рукі і будзем ведаць, што ён прыйдзе ў гэты час на плошчу. Вось тады будзе вынік. А, калі ён будзе займацца толькі аднымі парадамі некаму, маўляў, гэта яны, а гэта мы, — нічога ня будзе. Прыходзьце да нас і будзем разам рабіць справу".
Сталы слухач “Свабоды” Віктар Буто падзяліўся ўражаньнямі ад выбарчай кампаніі. Ён пэсымістычна глядзіць на мажлівасьць пераменаў у краіне:
"Так і не зьявілася ў Беларусі адзіная аб'яднаная апазыцыя, якой бы супрацьстаяла выканаўчая ўлада з усімі падначаленымі. Вельмі дзіўныя выбары, якія не адрозьніваюцца ад папярэдніх".
Нашыя слухачы таксама зьвяртаюць увагу на сацыяльныя праблемы:
"16 гадоў праўленьня Лукашэнкі, а страты такія, нібы атамную бомбу скінулі. Тут ад гарэлкі столькі людзей сыходзяць!.. У Беларусі мільён, у Расеі 30 мільёнаў. Яны гэтых людзей ня хочуць ратаваць. Як пакінутыя ўсе. Памірай, і ўсё".
Думку слухача камэнтуе старшыня Сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада" Анатоль Сідарэвіч:
"Масавы алькагалізм нарадзіўся ня сёньня. Старыя людзі памятаюць, што ўжо ў даваенны час у продажы зьявіліся танныя віны, так званае "чарніла".
Краіна, у якой школьны падручнік каштуе даражэй за пляшку гэтага чарніла, ужо ні ў якім разе ня можа называцца сацыяльнай. Краіна, у якой студэнт вымушаны аддаваць на падручнікі, якіх няма ў бібліятэцы, значную частку сваёй стыпэндыі, ня можа называцца сацыяльнай.
Беларусь — гэта краіна, у якой няма пэрспэктывы для значнай часткі людзей. Таму ня дзіўна, што 20% моладзі хочуць пакінуць Беларусь і зьехаць за мяжу. Хто ня можа ўратавацца эміграцыяй, ратуецца гарэлкай".
Вы слухалі "Званкі на Свабоду". Нагадаю, што тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.