Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета кандыдата: Сяргей Рыжоў


Сяргей Рыжоў
Сяргей Рыжоў

Нарадзіўся ў 1964 годзе ў Віцебску. Беспартыйны. Інжынэр-эканаміст, бухгальтар-эканаміст. 1996 год — скончыў Віцебскі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт. 1983—1992 гг. — старшы кладаўшчык Віцебскага аддзяленьня Беларускай чыгункі, агент па забесьпячэньні Віцебскага тэхналягічнага інстытуту лёгкай прамысловасьці, дырэктар Селязьнёўскага гандлёвага прадпрыемства Вяліскага райпо (Расея), намесьнік дырэктара аб'яднаньня грамадзкага харчаваньня Віцебскага райспажыўсаюзу, загадчык адной з крамаў у Віцебску. 1992—1997 гг. — дырэктар па камэрцыйных і зьнешнеэканамічных пытаньнях прадпрыемстваў "Эміт" і "Дыяніс". 1997—2009 гг. — дырэктар па камэрцыйнай працы прамысловай кампаніі "Стафард-энтэрпрайзэс", намесьнік гендырэктара прадпрыемства "Дыяніс". 2010 год — загадчык сэктару фінансава-маркетынгавага аналізу Віцебскага абласнога цэнтру маркетынгу, начальнік сэктару зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Віцебскага пладова-гародніннага камбінату. Разьведзены, мае дачку Ўльяну.


Для чаго вы вылучаецеся ў прэзыдэнты?

У адрозьненьне ад бальшыні кандыдатаў, палітыкай я ніколі прафэсійна не займаўся. Але ў рэчаіснасьці не палітыкі вырашаюць тыя праблемы, якія на дадзены момант актуальныя для нашай краіны.

Мяне турбуе тое, што адбываецца ў нашай краіне. Турбуе структура, выбудаваная дзяржавай сыстэма кантролю і тыя, хто кіруе нашым жыцьцём. Я хачу для сябе, сваіх родных і блізкіх, суграмадзянаў яшчэ большай свабоды і эканамічнай стабільнасьці, дабрабыту і радасьці, шчасьця і ўсьмешак. Кожны з нас здольны пазбавіцца ад прагнасьці, нянавісьці, зайздрасьці і страхаў. Бо яны — спосаб кантролю над кожным з нас, каб прымусіць нас адчуваць сябе ўбогімі, мізэрнымі, адмовіцца ад незалежнасьці і свабоды, ад сваіх ідэй і плянаў.

Спрабуючы выправіць сытуацыю на прадпрыемстве, дзе я цяпер працую, я яшчэ выразьней усьвядоміў неабходнасьць перамены канцэпцыі разьвіцьця ўсёй дзяржавы, яе стаўленьня да эканомікі, разьвіцьця бізнэсу.

Цяпер мы ўсе маем шанец палепшыць наша жыцьцё, жыцьцё сваіх дзяцей. Кожнаму з нас цяпер неабходна толькі вера ва ўласныя сілы, у тое, што ад цябе канкрэтна залежыць твая асабістая будучыня, будучыня тваёй сям'і, пакаленьня, якое падрастае. З гэтымі ідэямі я выйшаў на выбары прэзыдэнта Беларусі.


Як зьменяцца падчас вашага кіраваньня сярэднія заробкі і пэнсіі і чаму?

На жаль, цяпер большасьць дзяржаўных сыстэм выкарыстоўвае для кантролю над людзьмі пачуцьцё страху, віны і залежнасьці, якія паніжаюць самаацэнку чалавека, забіваюць яго веру ў сябе і нараджаюць пасіўнае стаўленьне да жыцьця. У выніку, выкарыстаўшы найбольш актыўны фізычны рэсурс чалавека, яго проста выкідаюць на парукі пэнсійнай сыстэмы.

Прапанаваная намі праграма будзе накіраваная ў першую чаргу на разьвіцьцё кожнай асобы, а не на стварэньне чарговых "шасьцярэнак" у гіганцкай машыне дзяржаўнай сыстэмы. У праграме закладзеныя ня толькі вызначэньне дзяржавай годных парогаў пэнсійнага забесьпячэньня, але і аказаньне годнага мэдычнага абслугоўваньня і лячэньня, без нармаваньня "зьверху" ў гэтых пытаньнях ...

У маёй праграме закладзеныя ідэі руху да істотнага зьмяненьня жыцьця беларускага народу. І гэта не ілюзорныя летуценьні. Ілюзія — у цяперашняй рэчаіснасьці, у цяперашніх уяўных посьпехах і дасягненьнях краіны.


Якія беларускія прадпрыемствы варта прыватызаваць і якім чынам?


Пытаньне прыватызацыі набірае ўсё большую актуальнасьць у цяперашняй эканамічнай сытуацыі ў Беларусі. Безумоўна, можна працягваць ісьці па накатаным шляху і праводзіць кропкавую прыватызацыю. Аднак, як паказвае практыка, у такім выпадку попыт інвэстараў невысокі і не апраўдвае чаканьняў. У хуткім часе нам давядзецца рэалізоўваць больш сур'ёзныя меры захады, каб прыцягнуць капітал, і пачынаць аддаваць больш прывабныя для інвэстара прадпрыемствы.

Спачатку варта правесьці галіновы аналіз, а толькі затым казаць пра нейкія канкрэтныя зьдзелкі. У залежнасьці ад прыярытэтаў прыватызацыя можа праводзіцца па двух сцэнарах: для дасягненьня фіскальнай мэты або дзеля разьвіцьця канкрэтнай галіны. Адпаведна, ад мэтаў прыватызацыі будзе залежаць і прынцып, на аснове якога варта адбіраць прадпрыемства для продажу.


Як зьменшыць залежнасьць Беларусі ад імпарту энэргарэсурсаў?


Вельмі важным лічу аднаўленьне прыязных стасункаў з Расейскай Фэдэрацыяй — як у сфэры палітыкі, так і эканомікі. Іх трэба будаваць на ўзаемавыгадным супрацоўніцтве, з захаваньнем нацыянальных інтарэсаў як Беларусі, так і Расеі. Маніпуляцыі пры дапамозе нафта- і газаправода, як і любыя "харчовыя войны", павінны назаўсёды застацца ў мінулым.

Наша краіна адчувае недахоп энэргетычных рэсурсаў. Я прапаную плянамерную адмову ад выкарыстаньня выкапнёвага паліва. Трэба культываваць энэргазьберажэньне і хутка пераходзіць на альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі.

Посьпех наўпрост залежыць ад таго, наколькі добра мы навучымся ўзаемадзейнічаць з навакольным сьветам.


Ці трэба зьмяншаць паўнамоцтвы прэзыдэнта і як?


У сёньняшняй сытуацыі ўладу прэзыдэнта ня варта абмяжоўваць. Неабходна выпрацаваць рэальныя ўмовы, пры якіх ні прэзыдэнт краіны, ні іншая асоба або група асоб не магла б дыктаваць сваё бачаньне, сваю волю такім інстытутам, як Канстытуцыйны суд, Вярхоўны суд, пракуратура і г.д. Чалавек, нават калі ён і прэзыдэнт, абавязаны кіравацца як маральнымі, так і заканадаўчымі нормамі грамадзтва, а не асабістымі здагадкамі і поглядамі.


Ці патрэбныя іншыя зьмены ў Канстытуцыю? Калі так, то якія?


Гэта павінен вырашаць толькі народ. Падобныя зьмены павінны прапрацоўвацца высокапрафэсійнымі і адэкватнымі да паняцьця "дэмакратыя" людзьмі, а не адным чалавекам. Нават калі гэтая асоба выдатная і вельмі пісьменная, якая карыстаецца непахісным аўтарытэтам у свайго народу. Інакш можна дайсьці да таго, што кожны новы прэзыдэнт будзе праводзіць зьмену тых ці іншых артыкулаў Канстытуцыі. У гэтым пытаньні неабходны здаровы сэнс і непахіснасьць Канстытуцыі.

Асноўны закон краіны павінен выключаць магчымасьць адзінаўладзьдзя і знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта краіны больш як два тэрміны запар.


Ці павінна беларуская мова стаць адзінай дзяржаўнай?


Я размаўляю на роднай мове. Размаўляе на ёй і дачка, і маці. Але рабіць беларускую мову адзінай дзяржаўнай заўчасна. У нашай краіне пражывае вялікая частка насельніцтва, якая прывыкла размаўляць і пісаць на рускай мове. Нельга заўтра ж уносіць сумятню ў гэтае пытаньне.


Які павінен быць статус бел-чырвона-белага сьцяга і герба "Пагоня" і якім чынам трэба вырашаць пытаньне пра дзяржаўную сымболіку?


Я адназначна за ўвядзеньне гэтых знакаў у якасьці афіцыйнай сымболікі нашай дзяржавы. Але вырашаць пытаньне павінен народ.

Пры разглядзе пытаньня аб зьмене дзяржаўнай сымболікі краіны я раю найперш супакоіцца і выслухаць усе довады "за" і "супраць". Мы ўсе павінны быць гатовыя да таго, што пры абмеркаваньні гэтых пытаньняў зноў сутыкнуцца "палітыканства" і гістарычная неабходнасьць увядзеньня нацыянальнай сымболікі. Працэс гэты павінен праходзіць спакойна і без нагнятаньня залішняй вастрыні.


Ці варта Беларусі імкнуцца ў Эўразьвяз?

Я бачу адносіны з краінамі, якія ўваходзяць у Эўразьвяз, цёплымі і раўнапраўнымі, як і зь любой іншай краінай, якая прытрымліваецца агульнапрызнаных нормаў паводзінаў. Рашэньне ўступаць у тую ці іншую міжнародную арганізацыю не павінен прымаць адзін чалавек, нават калі ён і прэзыдэнт.


Ці варта Беларусі імкнуцца Ў НАТО?


Я ня бачу Беларусь паўнапраўным сябрам НАТО. Пытаньне гэтае ляжыць па-за ўладай і паўнамоцтвамі аднаго чалавека.


Ці захаваецца падчас вашага прэзыдэнцтва сьмяротнае пакараньне?

Як праваслаўны я катэгарычна супраць захаваньня сьмяротнага пакараньня. Але я не магу абыякава ставіцца да злачынстваў, ад якіх проста кроў стыне ў жылах. Наша праграма накіраваная ў першую чаргу не на ўзмацненьне жорсткасьці пакараньня, а на ліквідацыю прычын, пры якіх магчыма тое ці іншае злачынства.


Чым вы будзеце лепшы за цяперашняга прэзыдэнта?

Ня мне судзіць, ці буду я лепшы за каго-небудзь. Я не знаёмы з тым, што асабіста зрабіў А. Лукашэнка (напісаў карціну, вылепіў статую, распрацаваў праект). Але пры цяперашнім прэзыдэнце адбывалася многае, ад чаго нельга адмаўляцца і ў далейшым. Аднак мы ўжо хочам інакш жыць і разьвівацца, інакш адчуваць сябе ў сваёй краіне.

Цяперашняе кіраўніцтва павінна знайсьці ў сабе мужнасьць адысьці ад далейшага кіраваньня краінай. Бо захоўваць надалей цяперашні курс разьвіцьця краіны, грамадзтва проста немагчыма.


Які будзе ваш першы ўказ?

Іх будзе некалькі, і цяжка сказаць, які будзе пад нумарам адзін. Найперш варта выпусьціць людзей з турмаў (як зьняволеных з палітычных матываў, так і тых, хто зьдзейсьніў злачынства ўпершыню). Другім указам трэба "разьняволіць" эканоміку краіны ад кабальных сыстэмаў плянаваньня і стрымліваньня. Адназначна неабходна вярнуць "скрадзеныя" ў народа (у тым ліку і ў дзяцей) ільготы і даць рэальную магчымасьць рэалізацыі іхніх правоў і свабодаў. Дзеля гэтага трэба карэнным чынам зьмяніць сыстэму, якая існуе цяпер: не чалавек для дзяржавы, для чыноўніка, а дзяржава для народа, чыноўнік — слуга народа.


Які лёс чакае прадстаўнікоў папярэдняй улады ў выпадку вашай перамогі?

Рэфармаваць створаную прэзыдэнтам "вэртыкаль" ня мае сэнсу, бо яна дзейсная і мы ў гэтым пераканаліся. А вось кадравы складнік мяняць давядзецца. І гэтая праца — не на адзін год: патрэбен новы чалавек і іншыя каштоўнасьці. Такіх яшчэ трэба вырошчваць: чалавек павінен любы загад зьверху супастаўляць з агульначалавечымі крытэрамі, а не бяздумна выконваць яго.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG