Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хворыя ляжаць, як дровы, штабялямі, у абшарпаных палатах на падраных матрацах”


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 13 кастрычніка 2010 году

Амаль усе лісты, якія мы атрымліваем у гэтыя кастрычніцкія дні, датычаць тэмы прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Выбарчая кампанія адбываецца на тле жорсткай інфармацыйнай вайны паміж Аляксандрам Лукашэнкам і гаспадарамі маскоўскага Крамля. І гэта кардынальным чынам адрозьнівае яе ад тых выбараў, што адбываліся ў краіне пяць і дзесяць гадоў таму.

Зрэшты, многія нашы слухачы перакананыя, што той мэханізм падліку галасоў, што неаднаразова быў апрабаваны за мінулыя гады, безадмоўна будзе дзейнічаць і цяпер. Мікалай Чыбісаў з пасёлка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, лічыць, што асноўныя фальшаваньні адбываюцца падчас шматдзённага прымусовага датэрміновага галасаваньня. Слухач піша:

"З выбарчай камісіі тэлефануюць кіраўніку прадпрыемства і паведамляюць: вашы Іваноўскі, Сідарэвіч, Пятроў не прагаласавалі. Разьбярыцеся. Ну, дырэктар і разьбіраецца: выклікае і загадвае неадкладна ісьці на выбарчы ўчастак. Вось так нас робяць быдлам. А куды падзецца? Ня пойдзеш — пагоняць з працы. Цяпер, пры кантрактнай сыстэме, гэта вельмі лёгка зрабіць.

Што там робяць з гэтай скрыняй для датэрміновага галасаваньня ўначы ці ўвечары, аднаму Богу вядома. Аднак у далейшым чамусьці аказваецца, што амаль усе, хто галасавалі датэрмінова, падтрымалі ўладу, Лукашэнку. Такія вось цуды. У асноўны дзень галасаваньня можа быць колькі заўгодна назіральнікаў, кантралёраў: справа ўжо зроблена. Ды яшчэ прыўладныя сацыёлягі загадзя паклапоцяцца, агучаць невядома адкуль узяты звышвысокі рэйтынг, які цудоўным чынам супадзе зь лічбамі, што ў выніку назаве Цэнтравыбаркам. І ўсё: элегантны палітычны лахатрон адбыўся. Чацьверты раз.

Справядлівыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі магчымыя толькі тады, калі ня будзе гэтага падману з масавым датэрміновым галасаваньнем, калі за выбарчымі скрынямі будзе поўны кантроль незалежных назіральнікаў усе 24 гадзіны ў суткі.

А пакуль ніякіх зьменаў чакаць не выпадае. Можа, і выйдуць дзеці на плошчу. Ды толькі што і каму яны дакажуць? Тым больш, перад Калядамі, у сьнежні. Яго вялікасьць мароз разгоніць іх хутчэй за любы АМАП"
.

Магчыма, спадар Мікалай, што адбудзецца ўсё менавіта так, як Вы апісалі. Прынамсі, менавіта да такога сцэнару выбараў беларусаў прывучалі на працягу апошніх шаснаццаці гадоў. Многія людзі цалкам расчараваныя, нікому ня вераць і ўвогуле не зьбіраюцца браць удзел у такой імітацыі галасаваньня. Але ёсьць і іншыя, якія ўсьведамляюць: ніхто ні з Захаду, ні з Усходу дэмакратыю і свабоду беларусам не прынясе. Знойдуцца ў грамадзтве сілы для таго, каб паказаць уладзе сваю волю, нежаданьне далей цярпець такі парадак рэчаў — тады і адбудуцца ў дзяржаве зьмены.

Тэма выбараў хвалюе і грамадзкага актывіста зь Менску Валерыя Грыцуку. У сваім лісьце на “Свабоду” ён піша:

"Вельмі шмат працую на дэмакратычную Беларусь як абаронца правоў чалавека, таму маю мала часу. Але ўсё ж знайшоў хвілінку, каб напісаць некалькі слоў адносна пачатку выбарчай кампаніі (а калі больш дакладна, спэктаклю пад назвай "Выбары"). Я таксама думаў паспрабаваць зрабіцца так званым "кандыдатам". Але амаральнасьць, уласьцівая ўладзе і, на жаль, грамадзтву, як цьвіль, улезла-такі і ў шэрагі дэмакратаў. Не магу пісаць пра гэта падрабязна, бо не хачу дапамагаць дыктатуры, уладзе Лукашэнкі. Менавіта ён заразіў усю Беларусь амаральнасьцю і абмежаваў насельнікаў толькі жывёльнымі патрэбамі. Ну, і ў дадатак паказаў мэты, да якіх цяпер многія імкнуцца: "кватэра, машына, Турэччына".

Падчас гэтых выбараў улада паўторыць ранейшы сцэнар. То бок, будзе ўжытая татальная фальсыфікацыя. Можа, толькі дазволяць другі акт п'есы, другі тур, у якім пакінуць Лукашэнку і Гайдукевіча. 2-га студзеня народ яшчэ не пасьпее працьверазець, таму праблемаў ня будзе. І зноў беларусы страцяць шанец на тое, каб "людзьмі звацца"
.

Падчас нядаўняй скандальнай прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх рэгіянальных журналістаў Аляксандар Лукашэнка агучыў той вынік, які ён хацеў бы атрымаць на гэтых выбарах — 75 працэнтаў падтрымкі. Ведаючы, якая сыстэма ўлады створана ў Беларусі, як фармуюцца і дзейнічаюць выбарчыя камісіі, вельмі нязначная верагоднасьць таго, што выніковая лічба, якую агучыць 19-га сьнежня Цэнтравыбаркам, будзе меншай за тую, што назваў Лукашэнка. Так што, спадзяваньняў на другі тур фактычна няма ніякіх.

Ну, а прозьвішча Гайдукевіча гэтым разам у выбарчых бюлетэнях, як вядома, увогуле ня будзе.

Дзіцячы доктар Ігар Пасноў зь Віцебску — адзін з тых нашых шматлікіх слухачоў, якія адклікнуліся на сьмерць апазыцыйнага журналіста Алега Бябеніна. Разважаючы аб верагодных прычынах драмы, спадар Ігар піша:

"Малаверагодна, што ўлада наўпрост датычная да гэтай сьмерці. Але ўсім вядома, што сёньня ў Беларусі створаны магутны апарат вельмі жорсткага псыхалягічнага ціску. Прыніжэньне апанэнта, разбурэньне ягонай псыхікі, давядзеньне да самагубства — усё гэта дзейнічае.

Вось я, просты дзіцячы доктар, два гады таму сказаў уладзе: хопіць гэтай паказухі. Перастаньце хлусіць, нібы ў нас любы раённы шпіталь — на сучасным узроўні, нібы туды ўкладзены трыльёны рублёў. Нават у нас у абласным цэнтры мэдыцына ляжыць у руінах. Хворыя пасьля інсультаў у 2-й гарбальніцы, якую ў народзе называюць "Далінай сьмерці", ляжаць ва ўмовах, параўнальных хіба што з ГУЛАГам. "Інфэкцыёнка", дзіцячая тэрапія, тэрапія "Хуткай дапамогі" — усё ў руінах. А ў гэты час пяюць дыфірамбы, хваляцца, што купілі нейкую новую тэхніку. Дапамогуць сотням. А ў гэты час, не атрымліваючы элемэнтарнай дапамогі, гінуць тысячы.

Мяне начальства выклікала, палохала непадаўжэньнем кантракту, пагражала, што абвесьцяць вар'ятам,— піша ў сваім лісьце на “Свабоду” Ігар Пасноў зь Віцебску. — Замест дазволу на прыём у губэрнатара (стаю ў чарзе ўжо паўтара гады) атрымаў запрашэньне ў псыхдыспансэр. Як псыхіятар паводле адукацыі, я сказаў ім, усьміхаючыся, у вочы: "Я сам псыхіятар і многім гатовы паставіць дыягназ: паталягічная прага ўлады, панічны страх страціць яе". Менавіта таму маўчаць усе: ад галоўных урачоў да самых высокіх чыноўнікаў ад абласной мэдыцыны.

Быў на ўсіх трох этапах праверкі Адміністрацыяй работы з грамадзянамі. Прама расказаў, як яны паводзяць сябе. Але ў выніку ўсё зноў перанакіравалі ў аблздраў. А хворыя па-ранейшаму ляжаць, як дровы, штабялямі, у абшарпаных палатах на падраных матрацах.

Прымусілі зачыніць на рамонт частку мэдустаноў, выдаткаваўшы дадаткова 50 мільярдаў рублёў. Абяцалі, што дакладуць у даведцы прэзыдэнту. Але я сумняваюся. Хоць у апошнім сваім лісьце міністру аховы здароўя я запрасіў яго ў "Даліну сьмерці" замест таго, каб цешыць прэзыдэнта паказухай пра 160 сучасных шпіталяў. Я дамагуся, каб прэзыдэнт даведаўся праўду. Хоць усё больш сумняваюся, што ён ня ведае, што насамрэч робіцца на нашай зямлі, як ягоныя апрычнікі ламаюць людзей на месцах, укатваючы іх у асфальт, даводзячы да краю"
.

Ня першы раз, спадар Ігар, агучваем у эфіры хроніку Вашага індывідуальнага змаганьня за справядлівасьць, за годныя ўмовы для хворых, супраць татальнай паказухі і марнатраўства. Упэўнены, што гэта барацьба — ня марная, якой бы безнадзейнай яна многім ні здавалася. І калі на пачатку кастрычніка ў афіцыйных мэдыях прамільгнула паведамленьне, што ўлады Віцебску наважыліся рэканструяваць абласны анкадыспансэр і пабудаваць новы паліклінічны цэнтар, мне адразу ўспомніліся Вашы лісты на “Свабоду” з расповедамі пра тое, як мэтанакіравана на працягу апошніх гадоў Вы дамагаліся таго, каб дзяржаўныя грошы ўкладваліся ў шпіталі і паліклінікі, а ня масавыя гульбішчы і фарбаваньне фасадаў.

Наступны, апошні ў сёньняшнім аглядзе ліст — ад Мікалая Рыбакова з пасёлку Копысь Аршанскага раёну. Наслухаўшыся ў дзяржаўных мэдыях пра посьпехі айчыннай сельскай гаспадаркі і спажывецкай каапэрацыі, слухач сам вырашыў зрабіць унёсак у справу харчовай бясьпекі роднай дзяржавы. Што з гэтага атрымалася? Мікалай Рыбакоў піша:

"Заходжу ў краму пасёлку Копысь Аршанскага спажыўтаварыства. Бачу шматлікія абвесткі пра тое, што прымаюць у насельніцтва: баравікі па 10 тысяч рублёў, апенькі па 3 тысячы, бульбу па 850 рублёў і г.д. Ну, а я вырашыў здаць мех часныку. Карысны, здаровы прадукт. Да таго ж, кажуць, вельмі добра адганяе д'ябла. У краме сказалі, каб патэлефанаваў у Оршу — без каманды адтуль прыняць ня могуць. Ну, каманду далі. Але патрэбна яшчэ даведка, што маю прысядзібны ўчастак, што часнык вырасьціў сам.

Цікаўлюся: "А можна такое простае пытаньне вырашыць без бюракратычнай валакіты?"

"Можна,— кажуць. — але тады вылічым падатак — 12 адсоткаў". Ліха зь ім, я б пагадзіўся. Але, аказваецца, разьлічвацца са мной на месцы яны не зьбіраюцца. Грошы будуць невядома калі.

Прадаўцы ня надта зацікаўленыя ў тым, каб прыняць як мага больш сельгаспрадукцыі ад насельніцтва. Як ні круціся, а зарплата тая ж — 300 тысяч. Шчыра кажучы, у мяне зьнікла ахвота нешта прадаваць спажыўтаварыству.

Цяпер я не зьдзіўляюся, што спажыўтаварыства працуе без прыбытку, а ў людзей гіне большасьць ураджаю яблыкаў, іншай садавіны, а таксама гародніны. Адказ просты: павярнуліся да людзей адным месцам — вось і маеце.

Можа, трэба прызначыць старшынём спажыўтаварыства габрэя? Тады, глядзіш, і зрухі будуць"
.

Думаю, спадар Мікалай, справа зусім не ў нацыянальнай прыналежнасьці старшыні спажыўтаварыства, а ў прынцыпах дзейнасьці гэтай сыстэмы. Спажыўтаварыствы — фактычна манапалісты ў гандлі на вёсцы. Так павялося з савецкага часу. Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія наважваюцца скласьці канкурэнцыю сяльпоўскім крамам, сутыкаюцца з жорсткім ціскам з боку мясцовай улады. Мы шмат разоў расказвалі ў сваім эфіры пра падобныя выпадкі. Наважыцца, напрыклад, прыватнік прывозіць хлеб са сталічнага хлебакамбінату — а на яго нацкуюць санстанцыю, міліцыю, падаткавікоў, каб спыніў гандаль. Бо ягоны хлеб смачнейшы і таньнейшы, чым мясцовы, якім гандлюе крама спажыўкаапэрацыі. Чыноўнікі пры гэтым спасылаюцца на тое, што абараняюць інтарэсы мясцовай пякарні, мясцовага гандлю і мясцовага бюджэту. А тое, што тутэйшыя людзі ў выніку павінны плаціць за ўсё гэта з уласнай кішэні, атрымліваючы няякасны і дарагі тавар, у разьлік чамусьці не бярэцца.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск -5, Паштовая скрынка 111.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG