Для чаго Вы вылучаецеся ў прэзыдэнты?
Каб стаць прэзыдэнтам нашай краіны і зрабіць усё магчымае для зьменаў у краіне да лепшага, як у палітычным, так і ў эканамічным кірунках. У палітычным пляне, на маю думку, — празь вяртаньне да Канстытуцыі 1994 году. У эканамічным — праз увядзеньне Новай Эканамічнай Палітыкі, якая дазволіць разьняволіць прадпрымальніцтва і выкарыстае цяперашнюю сытуацыю ў эканоміцы як стартавую для недапушчэньня паніжэньня эканамічных паказчыкаў і дабрабыту насельніцтва.
Як зьменяцца падчас Вашага кіраваньня сярэднія заробкі і пэнсіі і чаму?
Улада ў краіне павінна стварыць умовы, пры якіх працаўнікі будуць мець магчымасьць атрымліваць прыстойныя заробкі і ажыцьцяўляць адлічэньні ў пэнсійныя фонды, каб у далейшым атрымліваць прыстойныя пэнсіі. Беларусы будуць атрымліваць заробкі і пэнсіі, адпаведныя эўрапейскім паказчыкам.
Якія беларускія прадпрыемствы варта прыватызаваць і якім чынам?
Я выступаю супраць "дзікай" прыватызацыі, якая, напрыклад, адбылася ў Расеі. Я за прыватызацыю стратных прадпрыемстваў, утрыманьне якіх аграмадным цяжарам ляжыць на бюджэце краіны... Але прыватызацыя павінна адбывацца празрыста, на аўкцыёнах.
Як зьменшыць залежнасьць Беларусі ад імпарту энэргарэсурсаў?
Па-першае, пачаць з распрацоўкі і выкананьня дзяржаўнай і рэгіянальных праграмаў па энэргазьберажэньні. Па-другое, прыняць тэрміновыя меры па выкарыстаньні мясцовых відаў паліва.
Ці трэба зьмяншаць паўнамоцтвы прэзыдэнта і як?
Я за зьмяншэньне паўнамоцтваў прэзыдэнта празь вяртаньне да Канстытуцыі 1994 году.
Ці патрэбныя іншыя зьмены ў Канстытуцыю? Калі так, то якія?
Я за вяртаньне Канстытуцыі 1994 году.
Ці павінна беларуская мова стаць адзінай дзяржаўнай?
Так, беларуская мова павінна стаць адзінай дзяржаўнай. Але ў краіне павінны існаваць умовы для вывучэньня рускай мовы і моваў нацыянальных меншасьцяў, якія пражываюць у Беларусі.
Які павінен быць статус бел-чырвона-белага сьцяга і герба "Пагоня" і якім чынам трэба вырашаць пытаньне аб дзяржаўнай сымболіцы?
Бел-чырвона-белы сьцяг і "Пагоня" павінны быць дзяржаўнымі сымбалямі. Рэфэрэндум, праведзены Лукашэнкам, да гэтай пары застаецца незаконным. Таму дадзенае пытаньне вырашаецца аўтаматычна.
Ці варта Беларусі імкнуцца ў Эўразьвяз?
Так, Беларусі варта імкнуцца ў Эўразьвяз. Але для таго, каб нас туды прынялі, нам трэба будзе вельмі шмат папрацаваць. І, можа, не адзін дзясятак год.
Ці варта Беларусі імкнуцца ў НАТО?
Так. Як паказвае разьвіцьцё падзей вакол некаторых краінаў, пакуль што такая неабходнасьць для Беларусі існуе. Але, зноў жа, гэта для нас вельмі далёкая пэрспэктыва. Мы яшчэ самі ня хутка будзем гатовыя, каб нас туды прынялі.
Ці захаваецца падчас Вашага прэзыдэнцтва сьмяротнае пакараньне?
Не. І яшчэ раз не... І ня толькі з-за хрысьціянскіх маральных прынцыпаў. Самае страшнае, што пры гэтым могуць быць пазбаўлены жыцьця невінаватыя людзі. А такіх выпадкаў у гісторыі нашай краіны зашмат.
Чым Вы будзеце лепшы за цяперашняга прэзыдэнта?
Тым, што я ў сваім жыцьці стараюся прытрымлівацца маральных прынцыпаў у той ступені, у якой я чакаю гэтага ад іншых. Па-другое, галоўная каштоўнасьць любога працаўніка або спэцыяліста (а прэзыдэнт — гэта спэцыяліст, наняты на пасаду ўсім народам) — гэта ўменьне не дапускаць памылак у сваёй працы. І калі ўсё ж памылка дапушчана — гэта ўменьне яе прызнаць і своечасова выправіць. Вось усё гэта, у адрозьненьне ад цяперашняга прэзыдэнта, я ўмею рабіць.
Які будзе Ваш першы ўказ?
З моманту вяртаньня да Канстытуцыі 1994 году ўказы і дэкрэты практыкавацца ня будуць. Але ў першыя дні такая неабходнасьць будзе існаваць. Таму першым будзе ўказ аб увядзеньні НЭП, што дазволіць ажыцьцявіць меры па разьняволеньні прадпрымальніцтва, прыцягненьні ўнутраных і зьнешніх інвэстыцый у эканоміку краіны. НЭП у адрозьненьне ад рэформаў, якія прапаноўваюцца некаторымі эканамістамі, не дапусьціць зьмяншэньня эканамічных паказчыкаў у краіне, а дазволіць выкарыстаць цяперашнюю сытуацыю як стартавую для іх росту.
Які лёс чакае прадстаўнікоў папярэдняй улады ў выпадку Вашай перамогі?
Лёс любога чалавека, калі ён дапусьціў злачынства, павінен вызначаць незалежны суд. Таму, калі хтосьці з прадстаўнікоў папярэдняй улады дапусьціў злачынства і гэта ўжо вызначана або будзе вызначана па заяве пацярпеўшых сьледзтвам і судом, то ён павінен атрымаць пакараньне згодна з існуючым заканадаўствам краіны. Перад законам павінны быць усе роўныя, незалежна ад займаных пасад.