Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары. Ці ацэняць беларусы "шоў"?


Пра стыль, тэхналёгію і брэнды кампаній, якія вядуць патэнцыйныя кандыдаты і тое, які гэта знаходзіць водгук у грамадзтве гаворыць госьць ранішняга эфіру “Свабоды” мастацтвазнаўца Вацлаў Арэшка, які мае і немалы досьвед так званага брэндмэйкінгу. Пад яго кіраўніцтвам былі створаныя такія брэнды як брэнд кампаніі “Выбірай!” У 2001-м, або брэнд “За Свабоду” у 2006-м.

Ціхановіч: У камэнтарах да цяперашняга этапу выбарчай кампаніі неяк часта сталі ўжывацца словы цырк, клаўнада, балаган. Асабліва кплівыя камэнтары сыплюцца ў інтэрнэт дыскусіях. На маю думку, такім чынам самая прасунутая публіка на самой справе стварае выдатную службу адзінаму афіцыйнаму кандыдату, які нібыта дэманструе: я ў гэтым балагане не ўдзельнічаю. Ці азначае гэта, што беларусы на самой справе нявопытныя , з вузкім сьветаглядам выбарцы, якія яшчэ ніколі не зьведалі сапраўднай выбарчай кампаніі ў заходнім стылі з яе буфанадай, тэатральнасьцю, палітычнай сцэнаграфіяй?

Арэшка: Пакуль, скажу шчыра, сапраўднага цікавага шоў яшчэ і не было бачна ў нашай палітычнай кампаніі. Тут, можа быць, сапраўды часам ёсьць з чаго пакпіць, бо атрымліваецца ўсё, як заўсёды ў Беларусі. Што да таго, як гэта ўспрымаюць людзі... Ну, папраўдзе, беларусы сапраўды развучыліся выбіраць. Можа нават і ня ўмелі апошнія дзесяцігодзьдзі нічога выбіраць. І тут справа ня толькі ў малой абазнанасьці ў тэхналёгіях, колькі проста ў адсутнасьці палітычнага досьведу. Мне здаецца, цяпер паміж паняцьцямі “выбары”, “улада”, “будучыня” у сьвядомасьці беларусаў няма нармальнай сувязі. Таму і ацэнкі часам вельмі наіўныя, калі не казаць горш.

Што да той самай інтэрнэт-публікі – я б таксама дадаў, што ня трэба яе перацэньваць. Гэта ў асноўным людзі, якія тырчаць у інтэрнэце, і жывы сьвет часам зводзіцца ў іх да манітора і мармытаньня ў фэйсбуках і твітэрах. Якраз яны на выбарчыя ўчасткі і ня ходзяць, хоць хадзіць трэба, нават калі няма надзеі на перамогу, бо хто ня ўдзельнічае – той ня мае права.

Ціхановіч: Ну, вось, Зьміцер Вайцюшкевіч таксама адразу заўважыў і першы яго заклік быў: “Беларусы, давайце ня кпіць, а дапамагаць адзін аднаму, давайце згуртоўвацца!” Які брэнд ці лёзунг удзельнікаў прэзыдэнцкай гонкі, вам здаецца найбольш удалым. Згадаем прынамсі: “Я прыйшоў, каб вы перамаглі” Някляева, “За нармальную Беларусь” Саньнікава... Ці выйграюць яны на фоне “За сільную процветающую Беларусь» Лукашэнкі?

Арэшка: Як ні парадаксальна, мне здаецца, што гэты выбарчы сэзон пакуль не вызначаецца нейкімі яскравымі знаходкамі і выглядае нават трохі шэра. Тут парадокс у тым, што сытуацыя ў краіне ўсё больш і больш “пераменная” – перамены павінны быць, і ўсе гэта адчуваюць, нават старыя бабулькі. Большасьць кандыдатаў, падобна, ішла на выбары ня верачы ў сваю перамогу, не зьбіраючыся быць прэзыдэнтам. І гэта адбіваецца на кампаніях, шмат у каго ўсё зроблена акуратна, па правілах, па падручніку, але фантазіі мала і палёту крэатыву пакуль што не хапае.

Ціхановіч: Ну чаму, я, напрыклад, згадаю, як крэатыўна пачынаў Алесь Міхалевіч – ён стартаваў сваю кампанію ў плянэтарыі з дэвізам “Паехалі!”, Раманчук кажа, што ў яго 7500 сяброў на Фэйсбуку, Някляеў падпісаў мэмарандум паразуменьня з катом – для вас гэта не цікавы крэатыў?

Арэшка: Сапраўды, робяцца пакуль што спробы. Але тут ёсьць яшчэ адзін важны фактар, які не заменіць ніякага крэатыву – гэта тое, што яскравая, моцная, сур'ёзная палітычная асоба сама канцэнтруе вакол сябе крэатыў. Сёньня сярод кандыдатаў такая асоба пакуль ня вылучылася. Няма адчуваньня, што нехта зь іх найбольш моцны, а спаборніцтва вось такога крэатыву яшчэ не вызначае, хто зь іх галоўны. Мы ж разумеем, што 5-7 кандыдатаў ад апазыцыі ня могуць перамагчы, перамагчы можа адзін. Вось хацелася б, каб нехта зь іх вылучаўся. Пакуль што найбольш тэхналягічная і, як адчуваецца, рэсурсаёмкая кампанія – у Някляева. Яна робіцца прафэсійна, робіцца людзьмі, якія ведаюць як гэта робіцца. Але і тут шчыра скажу, што для мяне, а можа і для многіх іншых сёньня брэндам Някляева стаў забіты коцік. Гэта тэхналёгія, ці што? Цяжка сказаць...

Ціхановіч: Усё ж такі, на вашу думку – што больш ацэняць беларусы: “шоў” або той стыль, які паказвае Аляксандар Лукашэнка? Ён падкрэсьлена ня ўдзельнічае ў прэзыдэнцкай кампаніі, працягвае працу, не спрабуе рабіць модныя крокі, не вядзе блог. Дык – што ацэняць беларусы?

Арэшка: Лукашэнка вызначаецца якраз як адзін з найбольш удалых паліттэхнолягаў на беларускім полі, і мы гэта бачым ужо амаль 20 гадоў. Вяртаючыся да асобы палітыка – якраз Лукашэнка сёньня застаецца асобай. Ён падкрэсьлівае тое, што ён працуе, тое, што ён менавіта і ёсьць сваім брэндам. І мне здаецца, для шмат каго зь беларусаў гэта вельмі ўдалы ход, бо пакуль што ўсе астатнія асобамі ў вачах выбаршчыкаў пакуль што ня сталі. А менавіта на гэта трэба скіроўваць высілкі кандыдатаў, паказваць нейкую вызначанасьць, вядомасьць кандыдатаў, іх твар. Яны сёньня амаль яшчэ не існуюць. Вось калі ў кандыдата зьявіцца твар, тады любое шоў будзе таксама прывязана менавіта да гэтага твару.

Ціхановіч: І апошняе пытаньне: як бы вы пракамэнтавалі каляровую і знакавую сымболіку патэнцыйных кандыдатаў?

Арэшка: Ну і тут я зноў жа скажу, што ў маштабах краіны гэтай каляровай і знакавай сымболікі пакуль ня бачна. Нават палазіўшы па сайтах, даволі цяжка вызначыць – ці яна існуе і ў каго яна ёсьць. Нейкая мешаніна чырвонага зь сінім з дадаткамі жоўтага і зялёнага. Няма тых сымбаляў, якія б адразу і лёгка ўвязваліся з тварам кандыдата...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG