Для чаго Вы вылучаецеся ў прэзыдэнты?
Для таго, каб працаваць на пасадзе Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.
Як зьменяцца падчас Вашага кіраваньня сярэднія заробкі і пэнсіі і чаму?
Веру ў тое, што сярэдні заробак, пэнсіі, а таксама прыбыткі грамадзян будуць павялічвацца. Я ствару ўмовы, пры якіх гэты рост будзе залежаць ад жаданьня і здольнасьцяў грамадзян.
Якія беларускія прадпрыемствы варта прыватызаваць і якім чынам?
Усе, акрамя тых, якія нельга прыватызаваць дзеля захаваньня дзяржаўнай бясьпекі. Прыватызацыя пройдзе на конкурснай аснове.
Як зьменшыць залежнасьць Беларусі ад імпарту энэргарэсурсаў?
Спажываць іх меней і эфэктыўней.
Ці трэба зьмяншаць паўнамоцтвы прэзыдэнта і як?
Прэзыдэнт не павінен мець дачыненьня да прызначэньня старшыні і чальцоў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў.
Ці патрэбныя іншыя зьмены ў Канстытуцыю? Калі так, то якія?
Прэзыдэнт можа быць абраны на два тэрміны запар па 6 гадоў кожны. І гэтую норму нельга ніякім чынам зьмяніць.
Ці павінна беларуская мова стаць адзінай дзяржаўнай?
Не.
Які павінен быць статус бел-чырвона-белага сьцяга і герба "Пагоня" і якім чынам трэба вырашаць пытаньне аб дзяржаўнай сымболіцы?
Вырашаць гэтае пытаньне трэба эвалюцыйна. Пакуль гэта застаецца толькі на ўзроўні мары.
Ці варта Беларусі імкнуцца ў Эўразьвяз?
Гэтае пытаньне можна параўнаць з такім: "А ці можа салдат не імкнуцца стаць генэралам?"
Ці варта Беларусі імкнуцца ў НАТО?
Не.
Ці захаваецца падчас Вашага прэзыдэнцтва сьмяротнае пакараньне?
Цяперашняя сытуацыя — аптымальная. Тэарэтычна — так, практычна — мінімум.
Чым Вы будзеце лепшы за цяперашняга прэзыдэнта?
Адказ на гэтае пытаньне выцякае з майго занятку. Я — прадпрымальнік, і пры гэтым лепшы. Я вырашу задачу зьнешнегандлёвага балянсу краіны, і ён стане станоўчым. А не адмоўным, як цяпер. І яшчэ я вярну ў Беларусь той мільён грамадзян, якія пакінулі нашу краіну.
Які будзе Ваш першы ўказ?
Аб адмене нарматыўных актаў, якія абмяжоўваюць прадпрымальніцкую дзейнасьць.
Які лёс чакае прадстаўнікоў папярэдняй улады ў выпадку Вашай перамогі?
Я ня пан нічыйго лёсу. Кожнаму будзе дадзена права ўдзельнічаць у конкурсе на замяшчэньне вакантных дзяржаўных пасадаў.