Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Прэзыдэнт Беларусі страціў давер Дзьмітрыя Мядзьведзева"


Расейскія мэдыі шырока камэнтуюць цяперашнюю стадыю беларуска-расейскага канфлікту, прэсавую канфэрэнцыю Аляксандра Лукашэнкі для расейскіх журналістаў і відэазварот Дзьмітрыя Мядзьведзева. Прапануем вам агляд некаторых з гэтых публікацыяў.

Время новостей

Лукашэнка і вобраз ворага: Дзьмітрый Мядзьведзеў страціў давер да Аляксандра Лукашэнкі

...А каб яшчэ мацней пазлаваць Крэмль, кіраўнік рэспублікі паведаміў аб тым, што накіраваў экс-мэру Масквы Юрыю Лужкову, нядаўна адхіленаму ад пасады ўказам Дзьмітрыя Мядзьведзева, ліст са словамі падтрымкі….

Лукашэнка і раней не выбіраў словы наконт Крамля і расейскай палітыкі. Але ніколі не атрымліваў такога жорсткага адказу. Дзьмітрый Мядзьведзеў палічыў неабходным зрабіць адмысловы запіс у сваім відэаблогу, прамым тэкстам выказаўшы тое стаўленьне да спадара Лукашэнкі, якое ў Крамлі фармавалася….

Расійскі прэзыдэнт устрымаўся толькі ад аднаго - ад тых слоў, якія ў свой час ён казаў у адрас Міхаіла Саакашвілі або Віктара Юшчанкі (хоць і ўзгадаў, што ў выпадку з апошнім таксама быў вымушаны зьвярнуцца да звароту праз відэаблог). Аб тым, што мець справу з Лукашэнкам нельга. Што ён як прэзыдэнт Беларусі страціў давер Дзьмітрыя Мядзьведзева як прэзыдэнта Расіі. Але гэта відавочна і так….

Заракацца наконт навагодняга газавага супрацьстаяньня ня варта. Расейскі ўрад, напрыклад, можа вярнуцца да практыкі спагнаньня мыта за газ на беларускім напрамку. А гэта адразу 80 – 100 дал. за кожную тысячу кубамэтраў. Праўда, для гэтага прыйдзецца паступіцца Мытным саюзам, аб якім з такой цяжкасьцю дамаўляліся апошнія некалькі гадоў і нарэшце аформілі летам.

Коммерсант

Крэмль адрокся ад прэзыдэнта Беларусі


Фармальна выступ Дзьмітрыя Мядзьведзева зьяўляецца адказам на скандальныя заявы спадара Лукашэнкі на нядаўняй сустрэчы з расейскімі журналістамі, калі ён жорстка раскрытыкаваў кіраўніцтва РФ і абвінаваціў Маскву ў спробах адхіліць яго ад улады… Аднак, па сутнасьці, блог прэзыдэнта РФ можна лічыць дэкляраваньнем пазыцыі Крамля па будучых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.


Независимая газета

Не па дарозе. Крэмль і Лукашэнка: развод быў непазьбежны


Развод Крамля і Лукашэнкі быў непазьбежны. Цяпер ён адбыўся. Аб гэтым можна казаць з усёй пэўнасьцю. Складана ўявіць сабе абдымкі Мядзьведзева і Лукашэнкі. Нават сухі ківок ці поціск рукі складана ўявіць пасьля такіх рэзкасьцяў...

Стылістычна развод варта было аформіць крыху па-іншаму. Фільм «Хросны бацька», які гатаваў грамадзкую думку да пераменаў, быў безгустоўшчынай, празьмернасьцю і пляўком у твар незалежным журналістам. Стала ясна, навошта іх яшчэ трымаюць у новай Расеі – як прапагандысцкі рэзэрв....

Варта было (у тым ліку і прэзыдэнту) казаць аб тым, што новае. Лукашэнка любіць у прыватных гутарках пераходзіць на асобы? Можа быць, але ж ён быў такі і раней, і Крэмль усё задавальняла. У Беларусі зьніклі людзі? Так, але зьніклі яны ня ўчора, і Крэмль не заўсёды публічна цікавіўся іх лёсам. Лукашэнка любіць прадстаўляць ворагамі ЗША і “Захад у цэлым”? Так, але зь якога часу гэта турбуе расейскую дзяржаву, на якую дзень і ноч (прычым да гэтага часу) у мас-мэдыях працуюць антызаходнія прапагандысты?

Хто страціць больш ад такога разводу? Лукашэнка, вядома, быў адзіным саюзьнікам Расіі. Але як ён «быў», так і Расея, для якой Менск быў найважнейшым саюзьнікам, таксама ўжо «была». Гэта пройдзены этап, якія б ні гучалі словы аб партнэрстве і саюзнай дзяржаве.

Лукашэнка ня зможа далучыцца да альтэрнатыўнага цэнтру сілы. Нікому з тых, хто тэарэтычна мог бы спансараваць беларускі рэжым, Лукашэнка не патрэбны. Ён напэўна пераможа на сьнежаньскіх выбарах. Але далей... Далей, разыгрываючы антырасейскую карту, ён будзе вымушаны верыць у тое, што «русафобскі Захад», гатовы ахвяраваць усім, толькі б падкласьці Расеі сьвіньню – не карыкатура, а праўда.

Але ён усё ж не дурны, Аляксандр Рыгоравіч. Карыкатуру пазнае. Сам маляваў ...

Независмая газета

Бясконцая "паласа напружанасьці". Саюзная дзяржава Расеі і Беларусі перастае існаваць нават як віртуальны суб'ект

У прамове Дзьмітрыя Анатольевіча выразна адчувалася чыста чалавечая крыўда. Такое ўражаньне, што вярнуліся часы 90-х, калі ў расейскай зьнешняй палітыцы (асабліва на прасторы СНД) асабістыя адносіны гулялі пераважную ролю, калі асабістыя сымпатыі і антыпатыі былі вышэйшыя за прагматычныя расклады.

Атрымліваецца, другі раз за час свайго прэзыдэнцтва Дзьмітрый Мядзьведзеў зьвярнуўся да той самай тактыкі асабістага і жорсткага звароту да кіраўніка суседняй дзяржавы. Аднак варта ўлічыць, што ў расколатай у 2009 годзе перад выбарамі Ўкраіне пазыцыя Дзьмітрыя Мядзьведзева магла знайсьці падтрымку па меншай меры сярод электарату Віктара Януковіча, які у выніку і перамог. У Беларусі, як вядома, такога падзелу няма. Тое, што Аляксандар Лукашэнка на будучых выбарах пераможа зь пераканаўчым вынікам, ні ў кога сумневу не выклікае. Больш таго, як уяўляецца, магутная прапагандысцкая машына беларускіх уладаў лёгка паверне сытуацыю на карысьць Лукашэнкі.

Як ясна і тое, што Саюзная дзяржава, якая і без таго існуе толькі на паперы, перастане існаваць нават як віртуальная субстанцыя. А Беларусь будзе яшчэ далей аддаляцца ад РФ. Увогуле, як гаворыцца, бакі абмяняліся абвінавачаньнямі завочна, а разводзіцца давядзецца ў рэальнасьці. Дарэчы, зварот прэзыдэнта Расеі да беларускага лідэра мае загаловак: «Бязладная паласа напружаньня ў адносінах з Беларусьсю абавязкова скончыцца».

Між тым Аляксандру Лукашэнку кіраваць краінай яшчэ як мінімум пяць гадоў. Ня верыцца, што пасьля сказаных на ягоны адрас словаў «паласа напружаньня» скончыцца.

Известия

Лукашэнка вярнулі ў рамкі прыстойнасьці. Дзьмітрый Мядзьведзеў адказаў на антырасейскія выпады беларускага прэзыдэнта

Гэты відэазварот цалкам можна параўнаць з адкрытым лістом да Віктара Юшчанкі, калі той быў прэзыдэнтам Украіны. Тым больш, што Беларусь цяпер уступіла ў актыўную фазу выбарчай кампаніі – прэзыдэнцкія выбары там павінны адбыцца 19 сьнежня. Імідж палітыка, які ўмее выбудоўваць адносіны з Расеяй, заўсёды граў на карысьць Лукашэнкі. Цяпер гэты козыр фактычна выбіты зь яго рук....

Крыніцы ў Крамлі запэўніваюць: на будучых выбарах у Беларусі "адэкватная ацэнка будзе дадзена расейскімі назіральнікамі". Гэтая фраза пры ўсёй сваёй дыпляматычнасьці не дапускае падвойнага тлумачэньня – Расея можа заявіць пра непразрыстасьць галасаваньня і нелегітымнасьць яго вынікаў у тым выпадку, калі атрымае дастаткова фактаў для такіх заяў. Што для Лукашэнкі (а яго шанцы на перамогу па-ранейшаму не аспрэчваюцца экспэртамі) будзе азначаць вельмі няпростую сытуацыю...

Нагадаем, эўрапейскімі назіральнікамі ставілася пад сумнеў легітымнасьць вынікаў дзьвюх папярэдніх прэзыдэнцкіх кампаній, Расія ж заяўляла аб чысьціні іх выніку.

Вести

За рамкамі прыстойнасьці: навошта Лукашэнка робіць галоўным ворагам Расею?


...Але зьнешняя палітыка Беларусі апошнім часам робіцца ўсё больш своеасаблівай. Пад сваю апеку Лукашэнка бярэ Бакіева, якога Кіргізстан абвясьціў у вышук.

Ваенны злачынца Закаеў на дзяржаўным беларускім тэлебачаньні называецца лідэрам непрызнанай Рэспублікі Ічкерыя. У апошні час у Менск зачасьціў Беразоўскі, у якога ёсьць парады для Лукашэнкі.

"Ён падобны на падлетка, які, каб узвысіцца ва ўласных вачах, у двары дэманструе агрэсію, спрабуе вадзіць сяброўства зь мясцовымі хуліганамі. Прэзыдэнт Лукашэнка братаецца з палітычнымі маргіналамі тыпу Саакашвілі, Закаева і ім падобнымі – ён толькі пагаршае і набліжае свой палітычны крах ", - заўважае кіраўнік фракцыі "Справядлівай Расеі" у Дзярждуме Мікалай Левічаў.

"Разумееце, як чалавек папросту прастытуюе. Слухайце, Маскву падаіў, пабег Брусэль даіць. Падаіў Брусэль, цяпер будзе даіць Саакашвілі, мафію, крымінал кіргіскі ў асобе Бакіева. Здушыў усю апазыцыю. Проста забіў многіх апазыцыйных дзеячоў: былыя міністры, хтосьці не спадабаўся, журналісты, хтосьці яшчэ і так далей. Гэта дэградацыя асобы. Ён ня можа спыніцца", – выносіць свой вэрдыкт кіраўнік ЛДПР, намесьнік старшыні Дзярждумы Уладзімір Жырыноўскі....

Пры падтрымцы кіраўніка дзяржавы на беларускім тэлебачаньні арганізавана інтэрвію Саакашвілі. І гэта пры тым, што ў 2008 годзе Лукашэнка адназначна асудзіў агрэсію Грузіі і абяцаў прызнаць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію....

Беларусі давядзецца патлумачыць, напрыклад, дзіўную сьмерць журналіста Алега Бябеніна. Ён пісаў пра тое, чаму ў краіне зьнікаюць палітыкі. Яго жыцьцё абарвалася напярэдадні выбарчай кампаніі....

"Мядзьведзеў, як і ў свой час зь Юшчанкам, даў зразумець, што з Расеяй так размаўляць нельга", - тлумачыць заявы Масквы на адрас Лукашэнкі палітоляг, прэзыдэнт Фонду эфэктыўнай палітыкі Глеб Паўлоўскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG