Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета кандыдата: Яраслаў Раманчук


Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Нарадзіўся ў 1966 годзе. Скончыў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт, асьпірантуру Рэспубліканскага інстытуту вышэйшай школы пры Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. Жнівень 1990 г. — кастрычнік 1997 г. Працаваў выкладчыкам, журналістам, дырэктарам прадпрыемства, аналітыкам. Галоўны спэцыяліст Камісіі па эканамічнай палітыцы і рэформах Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня. Студзень 1997 — травень 2002 гг. Эканамічны аглядальнік, затым намесьнік галоўнага рэдактара, выканаўчы дырэктар штотыднёвіка "Белорусская газета". Зь лютага 2002 г. — кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса, які ўваходзіць у склад аналітычнага цэнтру "Стратэгія". 2003г. - ляўрэат штогадовай узнагароды Свабоды ISIL 2006,2007г.г. – ляўрэат прэмій Atlas Economic Research Foundation З 2007 г. – выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра "Стратэгія". З красавіка 2000 г. — намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Быў вылучаны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па сьпісе Аб’яднаных дэмакратычных сіл на выбарах, якія адбыліся 28 верасьня 2008 году, выбары прайграў. Са студзеня 2009 г. працуе ў складзе міжведамаснай рабочай групы пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь для выпрацоўкі пляну дзеяньняў па разьвіцьці краінавага маркетынгу Рэспублікі Беларусь. Сябра Міжнароднага таварыства індывідуальных свабодаў, 31 мая 2010 г. вылучаны кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі ад імя Аб’яднанай грамадзянскай партыі.


Для чаго Вы вылучаецеся ў прэзыдэнты?


Адзіная мэта — перамагчы на выбарах, стаць другім прэзыдэнтам нашай краіны.

Як зьменяцца падчас Вашага кіраваньня сярэднія заробкі і пэнсіі і чаму?


Зьменіцца жыцьцё кардынальна, але гэтыя зьмены будуць ісьці паступова, сыстэмна, з удзелам людзей, з абмеркаваньнем усіх рэформаў з абраным народам парлямэнтам. Калі мы створым новыя месцы працы, прыцягнем інвэстыцыі, абмяжуем бюракратыю і рэалізуем усе тыя пляны, якія ў нас ёсьць, то заробак праз два-тры гады будзе рэальна 600 даляраў. Гэта ня тыя мітычныя лічбы, якія малюе гэтая ўлада. Гэта будуць прыватныя месцы працы, гэта будуць прадпрымальнікі. Таксама будзе стабільнасьць занятасьці бяз гэтых кароткатэрміновых кантрактаў на дзяржаўных прадпрыемствах, у бюджэтнай сфэры. Узровень эканамічнага разьвіцьця і канкурэнтаздольнасьці, сацыяльнае забесьпячэньне будуць значна вышэйшыя, бо мы будзем кіравацца ў бок эўрапейскіх стандартаў, вартасьцяў і інстытуцыяў.

Якія беларускія прадпрыемствы варта прыватызаваць і якім чынам?

Найперш трэба аддаць прадпрымальнікам і людзям на месцах тыя прадпрыемствы, якія яны ўжо арандуюць. Па нізкай цане, каб яны сталі часткай камэрцыйнага абароту. Па-другое, трэба прадаваць тыя прадпрыемствы, у якіх актыўна ўдзельнічаюць органы мясцовай і рэспубліканскай улады. Бо нельга, каб яны займаліся камэрцыяй, а трэба, каб яны займаліся стварэньнем добрых законаў. Па-трэцяе, буйныя прадпрыемствы трэба прыватызаваць асьцярожна, паводле індывідуальнага пляну з дапамогай міжнародных, прызнаных інвэстыцыйных агенцтваў і банкаў. Пры тым, што 25% акцый я перадаў бы ў пэнсійны фонд, да 10% — для работнікаў гэтых прадпрыемстваў, каб мы таксама мелі магчымасьць карыстацца з дывідэндаў, якія пойдуць на аплату пэнсій будучых пакаленьняў. Прытым каб інвэстары таксама мелі кантроль над прадпрыемствамі і стымул інвэставаць у нашу краіну. І потым павялічваць наш экспарт і канкурэнтаздольны патэнцыял.

Як зьменшыць залежнасьць Беларусі ад імпарту энэргарэсурсаў?


Трэба дазволіць бізнэсу безь ліцэнзій увозіць нафтапрадукты, разьвіваць малую энэргетыку, разьбіць манаполію Міністэрства энэргетыкі і "Белэнэрга" на тое, хто можа купляць і прадаваць электраэнэргію. Таксама трэба сябраваць з той краінай, якая прадае нам энэрганосьбіты — з Расеяй, бо суседзяў не абіраюць. Трэба з Расеяй сябраваць і ствараць добрасумленныя, партнэрскія дачыненьні дзьвюх незалежных краінаў. І калі мы будзем гандляваць згодна са стандартамі Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі, калі ў нас ня будзе гандлёвых войнаў, якія вынікаюць з падпісаных дамоваў аб саюзнай дзяржаве і Мытным саюзе, тады ўсё будзе добра. Трэба зрабіць перазагрузку стасункаў з нашым усходнім суседам, трэба зрабіць зону вольнага гандлю. Прытым інтэнсыфікаваць (дывэрсыфікаваць) дачыненьні з Украінай, якая таксама павінна быць нашым стратэгічным партнэрам, і, безумоўна, з Эўразьвязам.

Ці трэба зьмяншаць паўнамоцтвы прэзыдэнта і як?

Безумоўна. Мы выступаем за тое, каб абмежаваць тэрміны прэзыдэнта — толькі два разы па чатыры гады. У нас падрыхтаваны праект "малой Канстытуцыі", якая была ўзгоднена ўсімі дэмакратычнымі сіламі. Я адным зь першых указаў падпішу ўказ аб правядзеньні канстытуцыйнага рэфэрэндуму, якім будуць абмежаваны паўнамоцтвы прэзыдэнта, адноўлены падзел уладаў і створаны незалежны суд. Згодна з гэтай Канстытуцыяй усе органы ўлады будуць абірацца, а не прызначацца прэзыдэнтам.

Ці патрэбныя іншыя зьмены ў Канстытуцыю? Калі так, то якія?

Канстытуцыйная рэформа найперш прадугледжвае безумоўны падзел уладаў, гэта тыя стандарты, якія ёсьць у АБСЭ, у Радзе Эўропы. Мы павінны быць сябрамі гэтых арганізацый. І рэкамэндацыі, якія яны нам давалі, улічаны ў тым праекце Канстытуцыі, які мы будзем прапаноўваць на рэфэрэндум".

Ці павінна беларуская мова стаць адзінай дзяржаўнай?

Мова павінна стаць адзінай дзяржаўнай. Але гэта ня справа бліжэйшых гадоў. Бо мова — гэта сьвятая рэч, якая не павінна дзяліць беларусаў, а павінна аб'ядноўваць. Я прапаную цягам 5—10 гадоў правесьці актыўную кампанію па папулярызацыі беларускай мовы, культуры, гісторыі. І калі людзі даведаюцца, што гісторыя нашай краіны, мова маюць шмат сот гадоў, што яны не зьявіліся ў 1918 годзе, тады колькасьць людзей, якія будуць выступаць за бел-чырвона-белы сьцяг, Пагоню і нашу мову, значна павялічыцца і мы без канфліктаў увядзем беларускую мову. Паступова, бяз гвалту, пры захаваньні інтарэсаў усіх групаў людзей. Наша спадчына занадта дарагая, каб уводзіць яе прымусам.Трэба людзям проста патлумачыць, і яны самі яе выберуць.

Які павінен быць статус бел-чырвона-белага сьцяга і герба "Пагоня" і якім чынам трэба вырашаць пытаньне аб дзяржаўнай сымболіцы?

Я адразу зрабіў бы іх гістарычнымі, нацыянальнымі сымбалямі нашай краіны. Якія трэба папулярызаваць і тлумачыць, чаму яны зьявіліся, што яны азначаюць для нашай краіны і чаму яны павінны быць дзяржаўнымі. А пасьля завяршэньня гэтай кампаніі мы правядзем рэфэрэндум, альбо гэта будзе рашэньне парлямэнту аб зьмене сымболікі. Я думаю, што мы яго выйграем і тады нашы гістарычныя сымбалі будуць адзінымі дзяржаўнымі.

Ці варта Беларусі імкнуцца ў Эўразьвяз?

Безумоўна, гэта імкненьне вельмі важнае, бо гэта падмурак заходняй цывілізацыі. Мы эўрапейская краіна, і гэтая інстытуцыя, эўрапейскія вартасьці — гэта нашы вартасьці. І мы павінны зрабіць усё, каб яны зьяўляліся падмуркам нашай беларускай нацыянальнай мадэлі. Трэба вельмі ясна ўяўляць сабе, з чаго складаецца гэты шлях. Першае — нам трэба стаць сябрам Рады Эўропы. Трэба ўступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Трэба атрымаць ад ЭЗ статус краіны з рынкавай эканомікай. Усё гэта робіцца дзеля таго, каб потым падпісаць з ЭЗ дамову аб стварэньні зоны вольнага гандлю, аб бязьвізавым перамяшчэньні грамадзянаў. І толькі пасьля гэтага мы можам пачынаць размову пра поўнамаштабнае сяброўства ў ЭЗ. Увесь гэты час мы павінны рабіць усё, каб працаваць у рэжыме вольнага гандлю з суседзямі — Расеяй і Ўкраінай — каб падрыхтавацца да вольнай канкурэнцыі з эўраструктурамі. Бо сёньня беларуская эканоміка яшчэ не гатовая для таго, каб працаваць з эўрапейскімі — польскімі, нямецкімі — структурамі ў такім рэжыме.

Ці варта Беларусі імкнуцца ў НАТО?

Пагрозы, якія сёньня рэальна існуюць, і стаўленьне беларусаў да НАТО не прадугледжваюць сяброўства ў НАТО. Нам сёньня гэта непатрэбна. Беларусь павінна заставацца нэўтральнай краінай. Нэўтралітэт павінен быць мяккі, пры актыўным удзеле ў розных праграмах, якія праводзяць міжнародныя арганізацыі, у тым ліку і НАТО. Сёньня ўзровень супрацы Расеі і Ўкраіны з НАТО значна большы, чым у Беларусі. Нам ёсьць чаму павучыцца ў гэтай арганізацыі, бо нам трэба найперш забясьпечваць сваю незалежнасьць і сваю бясьпеку. І для таго, безумоўна, патрэбны актыўны дыялёг з усімі арганізацыямі, у тым ліку і НАТО.

Ці захаваецца падчас Вашага прэзыдэнцтва сьмяротнае пакараньне?

Яно, безумоўна, не застанецца. Цягам першага месяца мы ўвядзём мараторый, бо бяз гэтага мы ня станем сябрам Рады Эўропы. Па сутнасьці, не разблякуем шлях інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскую прастору.

Чым Вы будзеце лепшы за цяперашняга прэзыдэнта?

Я буду лепшы ўсім, апроч, магчыма, ролікаў і гульні ў хакей. Бо я ў хакей не гуляю. А ўсё астатняе я буду рабіць значна лепш.

Які будзе Ваш першы ўказ?

Аб правядзеньні канстытуцыйнага рэфэрэндуму. Таксама ў адным пакеце будуць прыняты новы закон аб бюджэце і падатках, указ аб лібэралізацыі дзелавога клімату, указ аб сацыяльных гарантыях для людзей. Каб яны бачылі, што рэформы ў Беларусі будуць праводзіцца найперш з улікам тых сацыяльных групаў, якія патрабуюць сацыяльнай апекі дзяржавы.

Як лёс чакае прадстаўнікоў папярэдняй улады ў выпадку Вашай перамогі?

Калі чалавек проста сумленна памыляўся, то праблем у яго ня будзе. Кожны грамадзянін Беларусі можа зьвярнуцца ў пракуратуру, каб была пачата крымінальная справа. І ўсе тыя людзі, якія сёньня працуюць, безумоўна, будуць адказваць згодна з законам нашай краіны. Ніякага імунітэту ня будзе нікому, бо закон павінен быць аднолькавы для ўсіх.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG