Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка хоча застацца яшчэ на адзін тэрмін


Дзейны кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка ў чацьвёрты раз зьбіраецца балятавацца на пасаду прэзыдэнта Беларусі. 24 верасьня ад яго імя на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы падаў дакумэнты ў Цэнтравыбаркам міністар адукацыі Беларусі Аляксандар Радзькоў.

У адрозьненьне ад іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты Аляксандар Лукашэнка не панёс асабіста свае дакумэнты ў Цэнтравыбаркам.

Паводле старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, закон дазваляе, што па даверанасьці гэта мог зрабіць нехта іншы. Дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы падаў яе старшыня міністар адукацыі Беларусі, кіраўнік праўладнага аб’яднаньня «Белая Русь» Аляксандар Радзькоў.

У ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі ўключана 8403 чалавека. На нядаўнім зьезьдзе ФПБ А.Лукашэнка згадаў «Белую Русь». Маўляў, ён заўсёды папярэджвае, што гэтая арганізацыя не павінна быць «прытулкам для чыноўнікаў». Паводле намесьніка старшыні арганізацыі Сяргея Пігарава, у ініцыятыўнай групе «абсалютна розныя людзі»:

«Мы хочам, каб той курс, якім рухаецца наша дзяржава, заставаўся нязьменным. Мы за стабільнасьць, за незалежную, моцную і квітнеючую Беларусь».

Раней ініцыятыўныя групы Лукашэнкі ўзначальвалі Мікалай Чаргінец і Віктар Шэйман.

Былі розныя гіпотэзы, што, магчыма, зьявіцца на чале гэтай групы Шэйман.
Палітоляг Аляксандар Класкоўскі: «Былі розныя гіпотэзы, што, магчыма, зьявіцца на чале гэтай групы Шэйман. Тое, што зьявілася іншая фігура, паказвае, што афіцыйны кіраўнік у вачах Захаду хоча выглядаць прыстойна, каб не было лішніх пытаньнях. Наогул, магчыма, гэтая кампанія і без залішняй брутальнасьці абыдзецца, бо абвастрылася праблема легітымацыі».

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч: «Лукашэнка ня мае права вылучацца на чацьвёрты тэрмін. І ня толькі юрыдычна. Але перадусім таму, што ягоны чарговы тэрмін насамрэч можа скончыцца катастрофай для беларускай дзяржаўнасьці, эканомікі і грамадзтва».

У 2004 годзе Лукашэнка ініцыяваў рэфэрэндум па адмене артыкула канстытуцыі, які дазваляў адной асобе абірацца на пасаду прэзыдэнта толькі два разы запар.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб: «Згодна з заканадаўствам Беларусі ён ня мае права балятавацца кандыдатам на пасаду прэзыдэнта. Бо рэфэрэндум 2004 года быў заблытаны і прызнаны нелегітымным. Што тычыцца выбараў, то ўжо сёньня можна сказаць, што яны будуць прадказальныя. Адміністрацыйны рэсурс, камісіі тыя самыя і будзе тое самае».

Паводле старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, у Лукашэнкі няма іншага выйсьця, як зноў балятавацца:

«Бо калі ён зараз не ідзе, то валіцца ўся тая канструкцыя, сыстэма, якую ён ствараў 16 гадоў. Яго гоняць ня толькі амбіцыі, ня толькі смага да ўлады, але і страх. Для нас ён застаецца адзіным канкурэнтам і апанэнтам на гэтай выбарчай кампаніі».

Паводле Аляксандра Класкоўскага, нязьменны прэзыдэнт усімі сваімі апошнімі выступамі даваў зразумець, што наважыўся кіраваць краінай яшчэ не адну пяцігодку:

«І сёньня, выступаючы ў Акадэміі кіраваньня, ён сказаў такую сымбалічную фразу, што мы стварылі моцную дзяржаву і ніводнага разу пра гэта не пашкадавалі. Можна здагадвацца, хто такія мы. І сапраўды, чаго шкадаваць тым, хто фактычна спыніў працэс ратацыі палітычных эліт у краіне. Няхай, так бы мовіць, шкадуюць апанэнты. Таму тут усё прадказальна і відавочна, што гэтая кампанія пройдзе па звыклым сцэнары. Зь вельмі прадказальным вынікам».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG